Политика
Зьміцер Панкавец, ”Наша нiва”

Івонка Сурвілла: “Веру, што нават наш церпялівы народ скажа «хопіць»”

На размову з старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвіллай я меў усяго дзесяць хвілін. Наша сустрэча адбывалася ў Варшаве напярэдадні другога працоўнага дня на канфэрэнцыі "Зьмена пакаленьняў? Або беларускія адрознасьці ў мэтах, стратэгіі й каштоўнасьцях". Спадарыня Прэзыдэнт, як называлі яе многія ўдзельнікі канфэрэнцыі, была нарасхват. І сапраўды, ня так часта выпадае сустрэцца і паразмаўляць асабіста з чалавекам, які праз палітыку беларускіх уладаў, ужо шмат гадоў ня можа адведаць Бацькаўшчыну.

— Як Вам сёньня з-за мяжы падаюцца тыя падзеі, што адбываюцца ў Беларусі? Ці маеце Вы нейкія надзеі, што нешта ў краіне можа зьмяніцца?

— Ведаеце, я знаходжуся ў такой самай сытуацыі, як вы ўсе ў Беларусі. Маё ўражаньне, адчуваньне, што нешта ў нашай краіне абавязкова павінна зьмяніцца. Мне відавочна, што ўлады вельмі моцна баяцца. Баяцца актыўнасьці беларусаў. Адбываюцца рэчы, які цяжка зразумець. Маленькая рэч - нейкі малады чалавек выходзіць на вуліцу са сьцягам ці расьцяжкай, яго арыштоўваюць, яго судзяць. І робяць гэта паказальна, каб на вуліцу не выходзіла яшчэ большая колькасьць людзей. Здаецца, што ўлады альбо нешта ведаюць, што ня ведаем мы, альбо нешта прадчуваюць. Я думаю, што прыйдзе той момант, калі нават наш церпялівы народ скажа “хопіць”.

— Што можа рабіць і што робіць Рада БНР, каб паб прысьпешыць гэтыя перамены ў нашай краіне?

— Па-першае, мы можам быць верай і надзеяй для беларусаў. Тым фактам, што мы існуем і барацьба за незалежнасьць і свабоду працягваецца. Але вызваліцца Беларусь сама. Ня мы яе будзем вызваляць. Гэта ёсьць справа беларускага народу. Што мы яшчэ можам рабіць? Гэта здабываць Беларусі прыяцелеў у сьвеце. І гэта вельмі важна. Каб пасьля вызваленьня наша краіна магла на каго разьлічваць. На маю думку, у 1990-ых гадох сьвет недстаткова дапамог Беларусі. У той момант, калі Беларусь будзе гатовая да вызваленьня, трэба, каб сьвет мог далучыцца да нашых памкненьняў.

— На ваш погляд, ці магчымая ў будучыня трансфармацыя Рэспублікі Беларусь у Беларускую Народную Рэспубліку?

— Чаму б і не? Імя Беларускай Народнай Рэспублікі мы захавалі вельмі прыгожае і чыстае. І тое, што рабілася ў 1918 годзе і пазьней было вельмі станоўчым і добрым. Таму я не была б зьдзіўленая такому разьвіцьцю падзеяў. Але гэта залежыць поўнасьцю ад волі беларускага народу.

— Вы пастаянна кажаце, што Беларусі ўсё яшчэ пагражае страта незалежнасьці. Як у такой сытуацыі павінна сябе весьці Рада БНР і беларускі народ?

— Як я ўжо і казала Рада БНР мусіць здабыць прыяцеляў у сьвеце для Беларусі, якія ніколі не прызнаюць ніякіх “саюзаў” з Расеяй. Такі “саюз” наша найбольшая небясьпека, бо ён можа стаць звычайнай анэксіяй Беларусі. Пра гэта некалі казаў Пуцін, што ён хоча, каб Беларусь стала адной з правінцый Расеі. Гэта важна давесьці да ўсіх грамадзянаў Беларусі, што ў выпадку такога “саюзу” Беларусь ня выжыве.

— Як Вы сёньня ацэньваеце стан беларускай эміграцыі?

— Як казаў Вячка Станкевіч, цяпер у гэтай сфэры адбываюцца зьмены. На жаль, не заўсёды ў лепшы бок. Проста большая частка новай эміграцыі ня ёсьць нацыянальнай сьведамай. І толькі частка далучаецца да старэйшай эміграцыі і ўключаецца ў супольную працу на карасьць Беларусі. Хаця і ёсьць і адваротныя прыклады. Так, Згуртаваньне беларусаў Канады знаходзіцца абсалютна ў руках новай хвалі эмігрантаў. У Нью-Ёрку ёсьць таксама моладзевыя арганізацыі. Але сярод сотняў тысяч людзей, хто выехаў, бальшыня не ўключаецца ў нашу справу.

—Але, мабыць, падобная сытуацыя была і сярод Вашага пакаленьня эмігрантаў?

— Так, у нас таксама далёка ня ўсе перайшлі да беларускай справы, але тыя, што перайшлі былі настолькі адданымі, разумелі важнасьць супольнага жыцьця і змаганьня, што былі вельмі шчодрыя. Гэта дзякуючы ім пабудаваліся і цэрквы, і культурныя цэнтры. Часам дастаткова малой групы вельмі актыўных, каб сабраць вакол сябе вельмі шмат людзей. Так было пасьля другой сусьветнай вайны. У цяперашняй хвалі эміграцыі шмат хто думае толькі пра сябе, але не пра беларускія справы.

— Пры якой умове Рада БНР можа перадаць свае паўнамоцтвы беларускаму ўраду на мэтраполіі?

— Мы толькі гэтага чакаем. Гэта было б найбольшым нашым шчасьцем. Мы перададзім свае паўнамоцтвы толькі ў тым выпадку, калі будзем пэўныя, што Беларусь ужо ніколі ня страціць незалежнасьць.

— Спн.Івонка, ці бачыце Вы сярод беларускіх палітыкаў таго, хто мог бы стаць лідэрам нацыі і заняць крэсла прэзыдэнта?

— Ведаеце, я не хачу адказваць на гэтае пытаньне. Мы абсалютна аднолькава трактуем усіх змагароў за незалежнасьць Бацькаўшчыны. Я маю вялікую веру ў беларускіх палітыкаў. Я захопленая іхнымі чалавечымі якасьцямі.

— Чым Вы сёньня яшчэ займаецеся, апроч грамадзка-палітычнай дзейнасьці?

— Няма ні на што часу. Ні на ўнукаў, ні на мастацтва. Спрабую неяк адкласьці тры гадзіны на тыдзень, каб хоць рука не забылася, што такое маляваць (сьмяецца). Быць старышынёй Рада БНР вельмі складаная і адказная праца. Часам прачынаесься ўначы, і аб чым думаеш? Аб праблемах, якія трэба вырашаць.

— Ці будзеце Вы вылучацца на наступны тэрмін старшынства ў Радзе?

— Гэтага я дакладна яшчэ ня ведаю. Выбары пройдуць у наступным годзе. Мой век ужо ня ёсьць вельмі маладым. Я ўяўляю на гэтай пасадзе толькі энэргічнага чалавека, які будзе нешта рабіць. Калі быў хтосьці, хто б мог пераняць мае паўнамоцтвы, то я б з радасьцю перадала іх.

— Вы ня можаце цяпер наведваць Беларусь?

— На жаль, не. Няма такой магчымасьці. Я зь нецярплівасьцю чакаю той час, калі змагу прыехаць у Беларусь і мець там сваё месца. Спадзяюся, што дажыву да гэтага моманту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)