Политика

Івонка Сурвілла: “Cьвет не будзе вечна талераваць зьдзеку на нашых вуліцах і праспэктах над мірнымі дэманстрантамі”

20 лютага Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла звярнулася да суполак беларускай дыяспары з нагоды мерапрыемстваў у Беларусі 25 сакавіка. Спадарыня Сурвілла прапанавала беларусам замежжа звярнуцца да ўрадаў краін пражывання з тым, каб яны паўплывалі на сённяшнюю ўладу Беларусі, бо дагэтуль няма ўпэўненасці, што беларускія ўлады не будуць ужываць сілу супраць мірных дэманстрантаў 25 сакавіка – у Дзень волі.

Поўны тэкст звароту прыводзіцца на сайце Міжнароднага грамадскага аб’яднаньня “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.

“Дарагія Суродзічы!

У 2008 годзе беларусы ўва ўсім сьвеце адзначаюць 90-я ўгодкі БНР.

Дзевяноста гадоў таму, у надзвычай цяжкіх умовах, наш народ знайшоў у сябе адвагу і сілу абвесьціць сьвету, што ён таксама хоча быць гаспадаром ў сваей хаце. Устаўныя Граматы БНР, і менавіта Акт 25-га Сакавіка, ёсьць найбольш каштоўнымі дакумэнтамі ў гісторыі беларускага народу. Бязь іх беларусаў, магчыма, ужо не было б на гэтым сьвеце. Угодкі іх мы з удзячнасьцю мусім адзначыць.

Песымісты між намі, магчыма, скажуць, што няма чым цешыцца, бо ж мы ўсё яшчэ не дасягнулі нашай мэты стацца вольнай эўрапейскай краінай, такой, якімі ёсьць сёньня нашыя заходнія суседзі.

Тых, хто так думаюць, прашу прыпомніць пра перажытае ў 20-м веку, пра нашую вытрываласьць, пра нашую непахісную веру ў лепшую будучыню нашага народу.

Змагаліся мы на працягу 90 гадоў супраць шалёнай русыфікацыі, баранілі нашыя найбольшыя каштоўнасьці, нашую мову і культуру, усюды дзе маглі прыпаміналі сьвету, што Беларусь жыве і што народ беларускі мае права, так як і ўсе народы сьвету, на волю і незалежнасьць.

Ёсьць чым ганарыцца, ёсьць што сьвяткаваць.

Дарагія Суродзічы, абавязкам кожнага з нас ёсьць зьдзейсьніць гэты апошні высілак, які зробіць нас вольнымі людзьмі. У краінах сьвету, дзе Вы пражываеце, дайце да ведама Вашым уладам пра нязносныя адносіны лукашэнкаўскай намэнклятуры да нашай моладзі, найлепшых дачок і сыноў Беларусі, да нашай мовы і да нашай спадчыны.

Адначасна, зьвярніцеся да Вашых урадаў, каб далі да ведама лукашэнкаўскаму рэжыму, што сьвет не будзе вечна талераваць зьдзеку на нашых вуліцах і праспэктах над мірнымі дэманстрантамі, якія 25 Сакавіка будуць жадаць урачыста адзначыць 90-ю гадавіну БНР, наш Дзень волі і незалежнасьці.

Разам мы асягнем нашую мэту – волю і дэмакратыю для нашага народу.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)