Беседка

Івонка Сурвіла: «Я мару пра магчымасьць жыць у Беларусі»

Учора ўвечары на Радыё Свабода адбылася онлайн-канфэрэнцыя са старшынёй рады БНР Івонкай Сурвілай. Прапануем асноўныя моманты размовы.

25 сакавiка ад Iвонкi Сурвiлы

Уяўляю сабе сьвяткаваньне 25-га сакавіка ў Беларусі вельмі ўрачыстым. Канешне, гэты дзень павінен быць абвешчаны дзяржаўным сьвятам. Так як, прыкладна, у Канадзе адзначаюць нацыянальнае сьвята 1-га ліпеня. У Канадзе перад парлямантам зьбіраюцца некалькі сотняў тысяч людзей. Усе са сьцягамі, колеры якіх, дарэчы, як і ў беларускім — чырвоны і белы. Ёсьць афіцыйная частка з прамовамі, канцэрты, увечары — феерверкі. Увесь горад на вуліцах. У Францыі, дзе я расла, людзі на вуліцах танчылі. Адбываюцца таксама шматлікія ўрачыстыя прыняцьці. Кожны край, і нават кожны горад адзначае нацыянальнае сьвята па-свойму. Могуць быць парады, спаборніцтвы. Важна тое, што ўсе адчуваюць, што гэта вялікі і радасны дзень. Дарэчы, ва ўсіх па-сапраўднаму незалежных краінах дзень абвяшчэньня Незалежнасьці — гэта сьвята нумар адзін. Перакананая, што так будзе і ў Беларусі.

Аб вынiках святкавання Дня Волi

Пасьля пэўнага расчараваньня, што ўлады ўсё ж не дазволілі пачаць шэсьце з Плошчы Каліноўскага, дзялілі людзей і кантралявалі іх усімі спосабамі, пакрысе прыйшла да высновы, што ўсё ж рабілася гэта больш стрымана, чым у папярэднія гады. Асабліва мяне ўразіла колькасьць дэманстрантаў, і менавіта моладзі, якія не пабаяліся выйсьці на вуліцы. Вітаю дзяўчынку, якая апрануле беды жакецік, чырвоную спаднічку і белыя панчохі. Цудоўна. Гэта прыгадала мне Данію, дзе падчас нямецкай акупацыі вешалі чырвоныя фіранкі за белымі вокнамі з чатырма шыбамі… Уразіла мяне таксама колькасьць бел-чырвона-белых і сініх, эўрапейскіх сьцягоў ў Менску, і бел-чырвона-белых сымбаляў на маладых дэманстрантах. Віншую ўсіх і хачу тут выказаць маё прызнаньне ўсім, хто спрычыніўся да гэтага прыгожага сьвяткаваньня. Таксама ўдзячная дыпляматам, якія падтрымалі змагароў за вольную і дэмакратычную Беларусь. Адначасна, спачуваю ўсім тым, хто быў зьбіты міліцыяй і затрыманы. Гэта, безумоўна, сьведчыць аб тым, што народ яшчэ далёка ад волі, і што правы чалавека ўсё яшчэ парушаюцца.

Аб дзейнасцi БНР

Безумоўна, Рада БНР магла б мець нашмат большы ўплыў на падзеі ў Беларусі, каб беларусы мелі даступ да сродкаў масавай нфармацыі. Але нават і ў цяперашніх абставінах, як казаў Васіль Быкаў у прамове на сваім апошнім сьвяткаваньні 25-га сакавіка, Рада БНР ўяўляе сабой “той агеньчык, які дае спадзею шмат якім пакаленьням беларусаў на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю — тое, без чаго ў гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця”.

Але, як урад у экзылі, мы таксама маем уплыў на сёньняшнія падзеі ў Беларусі. Мы інфармуем сьвет пра Беларусь — і ўрады, і грамадзтва. Мы здабываем прыяцеляў для беларускага народу, баронім яго Незалежнасьць і яго інтарэсы, яго мову і яго культуру. Нягледзячы на цяперашні рэжым, сьвет ставіцца са значна большай увагай да беларускага народу. У гэтым заслуга і Рады БНР таксама.

Пра Аляксандра Мiлiнкевича

Уважаю, што Аляксандар Мілінкевіч паказаў сябе добрым лідэрам сваёй памяркоўнасьцю, сваім жаданьнем вырашыць праблемы, якія на першы погляд выглядаюць невырашальнымі, сваёй здольнасьцю аднавіць імідж беларускага народу на міжнароднай арэне, і менавіта ў Эўропе, дзе ён здабыў павагу ўсіх. Жадаю яму ўсяго найлепшага.

Аб запрашэннi слухача радыё наведаць Беларусь

Я была ў Беларусі ў пачатку 1990-ых гадоў, калі наш край яшчэ ня быў пад дыктатурай. Тады я адведала малую радзіму маёй сям’і і сям’і майго мужа. Каб Вы ведалі, як моцна мне хацелася б зноў вандраваць па нашых вёсках і мястэчках. Любавацца прыгажосьцю нашага краю, замалёўваць старадаўнія сьвятыні і замкі. Вы ня ведаеце, якое Вашае шчасьце, што Вы можаце гэта рабіць. На жаль, урадам у экзылі няма месца ў акупаваных ці таталітарных дзяржавах. Я зьдзіўленая, што адукаваны чалавек можа гэтага не разумець. Прынамсі, калі ён ня ёсьць прапагандыстам існуючай улады.

Пра ЦРУ i Янку Фiлiстовiча

Галоўнай мэтай Рады БНР было і ёсьць, каб здабыць (а цяпер захаваць) Незалежнасьць Беларусі. І гэта — усякімі даступнымі нам спосабамі.

Падчас “халоднай вайны” прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык шмат зрабіў, каб зарганізаваць адпор усіх паняволеных Масквой народаў. Уважаўся ён разумным і паважаным лідэрам усімі паняволенымі народамі.

Між іншым, мы тады ня ведалі, як страшэнна прамываліся мазгі нашых людзей, каб пераканаць іх, што быць у няволі Масквы — гэта “сапраўднае шчасьце”…

Факт, што прэзыдэнт Абрамчык зьвярнуўся да свайго народу, каб ён дапамог змагару за волю Янку Філістовічу, уважаю зусім нармальным. Я ведала Янку, алі ён жыў у Парыжы. Быў гэта вялікі патрыёт, які быў гатовы аддаць жыцьцё, каб жыла Бацькаўшчына. Пра гэта можна прачытаць у кнізе Аляксандра Лукашука “Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста”. Спадзяюся, што калі-небудзь у Менску будзе калі не праспэкт, дык вуліца ў гонар Філістовіча.

Што да ЦРУ, дык, наколькі мне ведама, Беларусі яно шмат крыўды дасюль не зрабіла. Думаю, што ані Вы, “Белы Рос”, ані я ня можам гэтага сказаць пра КДБ.

Пра раз'яднанне беларусаў на чужыне i пра тое, што яны «нiколi не будуць разам»

Справа ў тым, што гэта зусім нармальна — зь некім не пагаджацца, інакш думаць, займаць іншую пазыцыю. Гэта робіць наш сьвет цікавым. Але мы, беларусы, яшчэ чамусь не навучыліся дыскутаваць бяз сваркі, паважаць думкі, якія не супадаюць з нашымі, не накідаць абавязкова нашага думаньня, як лепшага за іншае... У Канадзе ў выпадку нязгоды ствараюць камісію і вывучаюць праблему, пакуль ня згодзяцца. Калі ня змогуць прыняць такое рашэньне аднагалосна, згаджаюцца на дэмакратычнае выйсьце — галасаваньне, вынікі якога абавязкова прымаюць бяз крыўды.

У Беларусі людзі заўсёды былі ўпартымі. Дастаткова прыпомніць права вэта ў Вялікім княстве Літоўскім. Тут, у Канадзе, сем’і, якія пымаюць нашых чарнобыльскіх дзетак, кажуць, што ўпартасьць — галоўная рыса беларуса...

Усё было б добра, калі б не паўставала час ад часу патрэба вырашаць справы жыцьцёвыя. Вось як, напрыклад, для нас — справу незалежнасьці Беларусі. Калі мы дарослы народ, калі мы разумеем, што нічога няма важнейшага за свабоду нашага народу, у выпадку пагрозы гэтай свабодзе мы мусім сапраўды забыцца пра нязгоды ды ісьці, як кажа наш гімн, шчыльнымі радамі, разам, зьяднанымі — каб выжыць. Іншага выйсьця няма.

Аб беларускамоўных праектах

Увосень 2005 году дэлегацыя Рады БНР сустракалася ў Брусэлі з кіраўніцтвам Эўразьвязу і Эўрапарлямэнту і, сярод іншых, мы закраналі пытаньне пра беларускамоўнае радыё— і тэлевяшчаньне. Мы даволі катэгарычна выказаліся адносна расейскамоўных праектаў, пра некаторыя зь якіх Вы ўзгадваеце. Але тыя праекты былі ўжо зробленыя. Тым ня менш, нашая пазыцыя, як я цяпер бачу, адыграла сваю ролю падчас арганізацыі іншых ініцыятыў. Канешне, мы і надалей будзем зьвяртаць увагу на правы беларусаў.

Пра аднаўленне Рэчы Паспалiтай

Што да саюзаў з іншымі краінамі, мая пазыцыя: дзеля лагоднага характару нашага народу яны нам на карысьць ніколі не ішлі.

Пра кiраўнiцтва Беларусi

У свой час урад Кебіча шмат зрабіў намаганьняў, каб Рада БНР склала свае паўнамоцтвы, як гэта зрабіў украінскі экзыльны ўрад. На шчасьце, тагачаснае кіраўніцтва Рады на гэта не пагадзілася. Лукашэнку мы не прызнаем за легітымнага прэзыдэнта.

Пра Васiля Быкава

Васіля Быкава лічу найвялікшай асобай Беларусі 20-га стагодзьдзя і шчасьлівая, што давялося зь ім быць знаёмай. Мы спатыкаліся ў Празе на сьвяткаваньні гадавінаў БНР. Першы раз — у сакавіку 2000 году, а апошні — у сакавіку 2003-га, за некалькі дзён да таго, як яму зрабілі апэрацыю. Пра гэта я распавядала ў кнізе “Наш Быкаў”, якую рэдагаваў Генадзь Бураўкін.

Пра стаўленне да спадара Вайтовіча

З павагай, як і да кожнага, хто знайшоў у сабе мужнасьць кінуць выклік Лукашэнку, хаця асабіста мы не знаёмыя.

Пра вынiкi дзейнасцi за мiнулы год Рады БНР

Гэта — дзясяткі сустрэчаў сяброў Рады зь дзяржаўнымі дзеячамі і палітыкамі розных краінаў у справе падтрымкі Незалежнасьці і дэмакратыі, з мэтай пераканаць, што пытаньне захаваньня Незалежнасьці застаецца для Беларусі актуальным. Гэта і падтрыманьне некаторых культурніцкіх праектаў у Беларусі. Асабіста я ці не штомесяц сустракаюся з палітыкамі і ўрадоўцамі Канады ў справе дапамогі дэмакратыі на Беларусі. Канешне, я мару пра магчымасьць жыць у Беларусі.

Пра любiмых пiсьменнiкаў i кнiгi

Апошнім часам захапляюся “Кнігай узнаўленьняў” Алеся Разанава. Безумоўна, Барадулін, Быкаў, Бураўкін, Караткевіч, Іпатава, Арлоў... Паколькі шмат жыву на чужыне і вучылася тут, чытала шмат літаратуры іншамоўнай. Але задоўга пералічваць аўтараў.

Пра Лукашэнка як прэзідэнта Расіі

Спадзяюся, гэтага не адбудзецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)