Беседка

Iвонка Сурвіла: «Імідж Беларусі для нас ёсьць шмат важнейшым за імідж Рады»

Старшыня Рады БНР Iвонка Сурвіла (Шыманец) нарадзілася 11 красавіка 1936 году ў Стоўбцах. З 1944 году — у эміграцыі. Жыла ў Францыі‚ Даніі‚ Гішпаніі. Цяпер жыве ў Канадзе. Мае дзьвюх дачок. Вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы‚ скончыла лінгвістычнае аддзяленьне Сарбонскага ўнівэрсытэту (1959). Акрамя роднае мовы‚ валодае яшчэ васьмю: францускай‚ гішпанскай‚ ангельскай‚ нямецкай‚ дацкай‚ лацінскай‚ нарвэскай‚ польскай. У 1958-1965 гадох працавала ў беларускай рэдакцыі Гішпанскага нацыянальнага радыё. З 1969 году і да апошняга часу працавала англа-францускім перакладчыкам у Фэдэральным урадзе Канады. Займалася жывапісам‚ удзельнічала ў мастацкіх выставах. У 1989 годзе арганізавала Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі і заставалася ягоным кіраўніком да моманту абраньня Старшынёй Рады БНР.

— Некаторыя беларускія "экспэрты", паліваючы брудам БНР, робяць акцэнт на тым, што падчас нямецкай акупацыі БЦР карысталася такой самай сымболікай. А ці ёсьць увогуле нейкая сувязь паміж БНР і "нямецкай" БЦР?

— Экспэрты, пра якіх Вы гаворыце, як выглядае, ёсьць экспэртамі перад усім у антыбеларускай прапагандзе. Раіла б ім пацікавіцца таксама гісторыяй...

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі была выбраная Ўсебеларускім Кангрэсам. У апошнія дні 1917 году Ўсебеларускі кангрэс даручыў ёй давесьці да канца працу. Якую ён мусіў перарваць з прычыны бальшавіцкай агрэсіі. Беларуская Цэнтральная Рада. Ці БЦР, была створаная падчас Другой усясьветнай вайны, калі Беларусь была пад нямецкай акупацыяй.

Рада БНР ніколі не супрацоўнічала з БЦР. Пад час вайны Рада БНР ужо была на выгнаньні.

— Што ёсьць на ангельскай мове пра БНР? Мой англамоўны сябра шукаў інфармацыю пра гісторыю БНР і сказаў, што ніякіх кніг ці проста мінімальнай інфармацыі няма. Чаму так? Актывісты БНР жылі ў эміграцыі. Няўжо яны не маглі паклапаціцца пра свой імідж, прысутнасьць, піяр у англамоўных публікацыях і СМІ?

— Фактычна, існуе даволі шмат матэрыялаў. Цікавая кніга “Byelarussian Statehood”, выдадзеная Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку пад рэдакцыяй Вітаўта і Зоры Кіпель у 1988 годзе. У ёй 66 старонак прысьвечана БНР. У Гісторыі Беларусі Янкі Запрудніка "At a Crossroad in History", у ягоным “Historical Dictionary of Belarus” таксама можна шмат даведацца. Гэтыя кнігі зьмяшчаюць і падрабязныя біяграфіі. Нарэшце, сябрамі Рады БНР выдаецца штоквартальны бюлетэнь “Belarusian Review”, які паступае ў тым ліку ў Кангрэс ЗША. Аднак Рада БНР ніколі не займалася піяр-кампаніямі самой сябе. Яе мэтай заўсёды было змаганьне за Незалежнасьць і лепшую долю беларускага народу. Інфармавала яна пра Беларусь, пра гісторыю Беларусі, бараніла інтарэсы Беларусі — не свае. Тое самае робім і цяпер. Імідж Беларусі для нас ёсьць шмат важнейшым за імідж Рады.

— Наколькі рэальнай была БНР у 1918? Не было ж ні арміі, ні пашпартоў, ні іншых патрэбных рэчаў... І што ўяўляе зь сябе БНР 2006 году? Што гэта за структура, што яна робіць і якімі дасягненьнямі можа пахваліцца? Дзякуй вялікі. Андрэй.

— Была гэта беларуская дзяржава са сваім урадам, сваімі ўстановамі, прызнанымі дэ-юрэ альбо дэ-факта шматлікімі іншымі дзяржавамі. Войска ня мела, хаця Случчакі змагаліся пад сьцягам БНР. Але пашпарты, безумоўна, былі, як і іншыя, як Вы, Андрэй. Кажаце, “патрэбныя рэчы”. Прыкладам, пошта. На зьнішчанай вайной беларускай зямлі паўсталі беларуская адміністрацыя, беларуская школьніцтва. На беларускай мове ёсьць вельмі шмат матэрыялаў пра гэта. Ці Вы чулі пра два першыя тамы Архіваў БНР пад рэдакцыяй Сяргея Шупы, выдадзеныя ў 1998 годзе? Рыхтуюцца цяпер наступныя. Раіла б Вам іх пагартаць.

Што да цяперашняй Рады, дык хачу найперш сказаць, чым Рада ня ёсьць. Яна ня ёсьць “эмігранцкая арганізацыя”, якая займаецца справамі эміграцыі. Рада ёсьць экзыльным урадам (урадам на выгнаньні), мэта наша — не дапусьціць, каб беларускі народ ізноў згубіў сваю дзяржаву і зноў зрабіўся расейскай калёніяй. Небясьпека гэтая зусім рэальная, і будзе захоўвацца, пакуль Лукашэнка застаецца пры ўладзе. Рада займаецца лабіраваньнем беларускіх інтарэсаў, беспасрэдна кантактуючыся з урадамі краінаў, якія могуць дапамагчы Бацькаўшчыне. Адначасна выкарыстоўваем паўсюль, дзе магчыма, сродкі масавай інфармацыі, — пішам лісты, дэманструем, дыскутуем, прыцягваем увагу да Беларусі. Тут хацела б адзначыць, што Беларусь не страціла б Незалежнасьць у 1918 годзе, калі б мела такіх прыяцеляў у Вэрсалі, якіх мае цяпер у Вашынгтоне і Брусэлі, дзякуючы ў немалой ступені і дзейнасьці беларускай дыяспары.

— Дарагая і шаноўная спадарыня Прэзыдэнт БНР, я хачу падзякваць Вам за ўсю тую цеплыню і клопат пра насі пра Беларусь. Маю такое пытаньне: ці ў Радзе БНР і ў Вашым коле прысутнічаюць і працуюць толькі сталыя прадстаўнікі старой беларускай хвалі? Або моладзь таксама трохі цікавіцца БНР? Ці робіце Вы нейкія захады, каб зацікавіць моладзь гісторыяй і ідэаламі БНР? Ваш сябра і прыхільнік

— Шчыра дзякую Вам за добрыя словы. У Радзе БНР ёсьць даволі шмат прадстаўнікоў новай хвалі эіміграцыі — Алеся Сёмуха з Вашынгтону, Віталь Зайка і Марат Клакоцкі з Нью-Ёрку, Уладзіслаў Яндзюк з Прагі, Зьміцер Піменаў (адзін са знакамітых віцебскіх “Міронаў”), які цяпер у Бэльгіі, Мікола Пачкаеў з Вялікабрытаніі... Але пытаньне Вашае сьведчыць, што, магчыма, мы недастаткова пра гэта кажам. Вазьму гэта пад увагу.

— Паважаная Iвонка, якi колер (акрамя бел-чырвона-белага) павiнен быць у Беларускай рэвалюцыi?

— Я моцна люблю васільковы колер, але колеры нашага нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцягу для мяне наймілейшыя. Адчула вялікае шчасьце, калі пабачыла днямі на дэпутатах эўрапарлямэнту бел-чырвона-белыя шалікі. Што да колеру рэвалюцыі — выбар за вамі, шаноўныя суродзічы.

— Не ожидает ли Беларусь судьба Кубы со своим "Фиделем-батькой" во главе? Что может свидетельствовать об обратном (учитывая реалии, а не иллюзии)?

— Лёс Беларусі ў руках беларускага народу. Ад яго будзе перад усім залежыць, ці Беларусь застанецца Кубай, ці зробіцца прагрэсіўнай эўрапейскай дзяржавай. Нашым жаданьнем ёсьць здабыць для народа магчымасьці атрымліваць праўдзівую інфармацыю, каб ён мог сам выбраць сваю будучыню.

— Якiя Вашы дачыненнi з Зянонам Пазняком i Мiлiнкевiчам? Ваша меркаванне аб iх супярэчнасцях, у першую чаргу, аб Народным галасаваннi? Дзякую.

— Паважаю ўсіх змагароў за вольную і Незалежную Беларусь. Ідэя Народнага галасаваньня магла б цудоўна спрацаваць, але ў іншых умовах, калі б была падтрыманая ўсімі. У Беларусі гэтага не адбылося, магчыма, таму, што на яе зарана. Між іншым, пра гэта заявіў нядаўна і сам спадар Пазьняк. Стаўленьне спадара Мілінкевіча пад час выбараў было больш адпаведнае цяперашнім абставінам.

У мяне добрыя адносіны і са спадаром Пазьняком, і са спадаром Мілінкевічам. Бясспрэчным фактам нацыянальнай гісторыі ёсьць заслуга Пазьняка ў аднаўленьні Незалежнасьці Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў. Я паважаю ў Пазьняку ягоныя аналітычныя здольнасьці і стратэгічнае прадбачаньне, асабліва што датычна паводзінаў Масквы і небясьпекі анэксіі Беларусі, якой, на жаль, некаторыя не надаюць увагі. У спадару Мілінкевічу я бачу асобу, якая здолела актывізаваць значную частку беларускага грамадзтва пад час выбарчай кампаніі; асабліва карыснымі ўважаю ягоныя крокі ў эўрапейскіх структурах. Вельмі важна і тое, што Аляксандру Мілінкевічу да гэтага часу ўдаецца захаваць адзінства дэмакратычнай кааліцыі.

Яшчэ раз падкрэсьлю, што Рада БНР выступае за аб’яднаньне ўсіх нацыянальна арыентаваных дэмакратычных сілаў, якія ўвасабляюць і Пазьняк, і Мілінкевіч, і іншыя палітыкі.

— Скажите, на каком основании "рада бнр" называет себя легитимным органом. Ведь всем известно, что легитимность — это политико-правовое понятие, которое обозначает положительное отношение населения страны, его больших групп, общественного мнения к существующим институтам государственной власти. Даже просто знает о существовании каких-то не наигравшихся в солдатики в дестве личностей, объявляющих себя "радой бнр" абсолютное меньшинство белорусского народа. А признает этих шутов в качестве законной власти, может, тысячи две-три. Так о какой легитимности может идти речь? Второй вопрос: было ли в 1918 году всеобщее прямое тайное голосование, на основании которого можно признать, что белорусский народ уполномочил "раду бнр" действовать от своего имени? Белый Росс

— Рада БНР гэта экзыльны ўрад, такі самы, як, скажам, экзыльны ўрад Тыбэту. Такая самая нашая і легітымнасьць. Калі краіна ня вольная, калі ўлады яе не прадстаўляюць волі свайго народу, тады і зьяўляюцца экзыльныя ўрады. Пад час існаваньня савецкай імпэрыі, шмат якія падсавецкія краіны мелі экзыльныя ўрады. Бальшыня іх змагла перадаць свае паўнамоцтвы пасьля вызваленьня іх бацькаўшчынаў. Мы гэтага не зрабілі, бо наш першы парлямэнт (ці Вярхоўны Савет 12-га скліканьня) ня быў абраны дэмакратычна, не кажучы ўжо пра іншыя выбары. Што да нашай легітымнасьці, дык мы ўважаем сябе больш легітымнымі за ўрады, створаныя ўжо на чужыне. Мы ёсьць спадкаемцамі тае Рады, якая атрымала свае паўнамоцтвы ў 1917 годзе ад Усебеларускага Кангрэсу, які быў сапраўдным голасам усяго беларускага народу, перад сталінскім генацыдам і постсталінскім прамываньнем мазгоў. Мы ўважаем сябе сапраўдным голасам беларускага народу, і ўсё робім, каб гэты голас быў пачуты ў сьвеце. Факт, што Беларусь усё яшчэ ня ёсьць свабоднай дэмакратычнай дзяржавай і што ёй усё яшчэ пагражае аншлюс у Расейскую Фэдэрацыю, надае Радзе БНР яе легітымнасьць.

— Як вы ацэньваеце палітычную дзейнасьць Зянона Пазьняка за апошнія 10 гадоў ягонай эміграцыі? На ваш погляд, ці варта яму зараз вяртацца ў Беларусь, альбо трэба чакаць, пакуль тут у нас "нехта" ня скіне гэты рэжым?

— Зянон Пазьняк застанецца ў нашай гісторыі як вялікі патрыёт, сымбаль беларускага Адраджэньня. Якраз дзеля гэтага ня раю яму вяртацца, пакуль пры ўладзе цяперашні рэжым. Жыцьця людзей, якія гэтай уладзе пагражаюць, дыктатар не шкадуе.

— Dzen dobry! Hacela b zapytac, kolki na dadzeny momant nalichwajecca gramadzian BNR i jak mozna atrymac geta gramadzianstwa? Z pawagaj, Ina

— Дарагая Іна, дзякуй за пытаньне. Падлікаў мы ў гэтым мамэнце не вядзем. Папросту, не хапае часу. Грамадзянства БНР — сымбалічнае. Грамадзянінам БНР — чалавек перад усім у сэрцы. Ён гэтым выказвае сваю падтрымку ідэалам 25-га Сакавіка. Я лічу ўсіх герояў Плошчы Кастуся Каліноўскага грамадзянамі БНР.

— Прабачце канешне вы нашмат сталей за меня, але хто вы што зрабілі для нашай свабоды...жывеце амаль ўсё жыццё за мяжой, штосьці там крычыце з-за кіяну. На мой погляд 17 — гадовыя дзяўчынкі што стаялі са мной побач ў намётавым мястэчку на Кастрычніцкай зрабілі нашмат болей. Хопіць, хопіць ужо маўкліва дапамагаць нам з-за мяжы....вы прыедце і сустрэнціся з гэтай моладлзю якой жыць ў гэтай краіне!! Сяржук Касцюкевіч

— Дарагі Сяржук, прабачу Вам з прыемнасьцю. Калі б Вы ня былі сумленным беларусам, не выбачаліся б. Так, на жаль, я жыву амаль усё маё жыцьцё на чужыне. Але не з маёй волі. Каб бацькі мае ня вывезьлі б мяне ў дзяцінстве перад надыходам бальшавікоў, магчыма, я не была б сярод жывых. На чужыне я ўсё жыцьцё была даволі чутным голасам Беларусі.За свабоду Вашую і Вашых бацькоў змагалася яшчэ тады, калі Беларусь была анямелая пад савецкім ярмом. Як толькі даведалася пра сапраўдныя памеры Чарнобыльскай бяды, узялася арганізоўваць Фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, які дапамог прыехаць у Канаду на аздараўленьне тысячам беларускім дзеткам. Былі сабраныя на дапамогу ахвярам Чарнобылю мільёны даляраў. Узначальвала гэты Фонд восем гадоў, да моманту абраньня Старшынёй Рады БНР. Дзяўчынкі і хлопцы, якія рызыкавалі сваім жыцьцём на плошчы Кастуся Каліноўскага, безумоўна. ёсьць героі. Такімі яны і застануцца ў нашае гісторыі. Але калі б Беларусь мела сяброў на чужыне ў 1918 годзе, хто ведае, магчыма. і Вам ня трэба было б рызыкаваць сёньня жыцьцём. Беларуская дыяспара ўвесь час здабывала сяброў для Беларусі. Гэта таксама было змаганьнем за свабоду Бацькаўшчыны.

— У статуце БНР напiсана — "БНР — найвышэйшая ўстанова і адзінае праўнае прадстаўніцтва сувэрэнных правоў беларускага народу...". Калi рэальна агульнанародных выбарау БНР няма, то нашто пiсаць у статуце такiя фразы? Атрымлiваецца такое ж самазванства як у Лукашэнкi. Дарэчы, прарэклямую сайт БНР — www.radabnr.org, няхай людзi пачытаюць i зробяць высновы самастойна.. З павагаю, Ян.

— Хацела б Вам, спадар Ян, прыгадаць, што праз доўгія — вельмі доўгія гады — народ наш ня меў голасу на ўсясьветнай арэне. Нават у ААН, членам (і нават заснавальнікам) якой была БССР, беларуская дэлегацыя рабіла дакладна тое, што ёй было даручана Масквой. голасу БССР ня мела, і выглядала. што не жадала яго мець.

Затое Рада БНР заўсёды і паўсюль бараніла сувэрэнныя правы беларускага народу. Нагадаю, што Ўсебеларускі Кангрэс — выбраны яшчэ перад тым, як Сталінскі тэрор зрабіў нас народам нявольнікаў, — даручыў Радзе прадстаўляць яго, пакуль ня бузе скліканы ўстаноўчы Сойм. Як Вам ведама, такі Сойм яшчэ ня быў скліканы. Таму Рады і працягвае даручаную ёй Усебеларускім Кангрэсам працу, уважаючы сябе праўным прадстаўніком беларускага народу. Між іншым, гэта прызнана і Ўсебеларускім Зьездам за Незалежнасьць, які адбыўся ў Менску летам 2000 году.

— Паважаная Івонка Сурвіла, у мяне да вас такое пытанне: чаму з людзьмі, якія маюць “Грамадзянства БНР” і пражываюць у Беларусі, рада не кантактуе? Далёка не ў кожнага ёсць інтэрнэт, каб сачыць за дзейнасцю БНР, і простыя людзі забываюць, што вы ёсць. Трэба кідаць у паштовы яшчык , ці дасылаць усім сябрам рады нейкія паведамленні, навіны, віншаванні паболей ( а не раз за два гады, як БНФ). Зрэшты ў кожнага ёсць тэлефон. Больш кантактуйце з людзьмі!

— Маеце рацыю — абавязкова трэба болей кантактаваць з людзьмі. Але каб быць у кантакце з дзясяткамі тысячаў грамадзянаў БНР, трэба было б ствараць паўнавартаснае міністэрства камунікацыі.... На гэта мы проста ня маем сродкаў. Хацела б выкарыстаць гэтую нагоду, каб даць да ведама тым, хто гэтага ня ведае: каб быць цалкам незалежнай, Рада БНР ня просіць і не бярэ ніякіх грантаў ад чужых дзяржаваў ці ўстановаў. Выдаткі пакрываем выключна сабранымі ў беларускай дыяспары сродкамі.

— Ці не атрымаецца так, што гонячы Лукашэнку апазыцыя заганяе Беларусь у імпэрыю з усходу? Адтуль дарогі назад ня будзе! Сёння, баронячы сябе, Лукашэнка бароніць і Беларусь ад паглынання.

— На маю думку, той, хто сапраўды жадае перадаць Беларусь у рукі ўсходняга суседу, дык гэта Лукашэнка. Калі б ён шчыра жадаў Незалежнасьці, ён бы ня зьдзекаваўся з нашай культуры і беларускай мовы.

— Дзе Вы былі найшчаслівейшыя ў жыцці: ў Даніі, Парыжы, Гішпаніі ці Канадзе? А. Шымановіч, Горкі, Магілевская вобл.

— У Беларусі я толькі бачыла вайну і бяду, але засталіся надзвычайныя ўспаміны зь Беларусі. У Даніі была пасьля вайны — адчувала сябе як у раі. У Францыі было цяжкавата. У Гішпанію паехала адразу пасьля шлюбу і там, безумоўна, пазнала вялікае шчасьце. У Канадзе мяне захапляе дабрыня народу, якая была выяўленая падчас маёй працы для ахвяраў Чарнобылю ў Беларусі. Дык цяжка зрабіць выбар.

— Спадарыня Сурвілла, ці магчыма ў цывілізаванай краіне, каб на пасаду кіраўніка дзяржавы быў абраны чалавек чыё паходжаньне невядомае? Маю на ўвазе, што ніхто ня ведае, хто ж бацька Лукашэнкі.

— Гэтае пытаньне ня ёсьць істотным на Захадзе. Гэта ёсьць прыватным жыцьцём чалавека. Але калі гаворка пра палітыка, на Захадзе пра чалавека хочуць ведаць усё. Магчыма, інфармацыя і не паўплывае адмоўна ці станоўча на вынік выбараў, але інфармацыю людзі хочуць мець. Але самае важнае, гэта не паходжаньне, а асабістыя якасьці чалавека. Я думаю, Лукашэнку на Захадзе ня выбралі б.

— spadarynia Jvonka Jak vy liczycie nakot plana — adradrzennia VKL, ja litwin j dzie lia mianie slovy europa ci nata nie majuc sensa biez kanteksta adradrzennia VKL. Robic BNR nieszta u hetym napramku ci nie. Dziakuj EUgen eugensmalakou@hotmail.com

— Гэта цудоўная мара. Але ў гэтым мамэнце нам трэба змагацца за волю і незалежнасьць нашай Беларусі, якую мы маем.

— З Днем Народзінаў! Беларускі народ любіць Вас! Дай Вам Бог шчасьця і дабрабыту, міру Вашае сям'і! Хай Ваша ўсьмешка заўседы застаецца гэткай маладой і бадзёрай! І яшчэ шмат чаго хачу дадаць, але лепш памалюся!!!:) Кася

— Шчыра дзякую за вельмі цудоўныя словы!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)