Івонка Сурвіла: “Без БНР беларусы ўжо не існавалі б”
Пры якіх умовах Лукашэнка зможа атрымаць мандат Беларускай Народнай Рэспублікі? Якую назву будзе насіць дэмакратычная Беларусь? Якія песьні ў гонар 90-х угодкаў запяе старшыня Рады БНР і дзе яна паселіцца, калі настала вернецца на Радзіму? На гэтыя ды іншыя пытаньні “Салідарнасьці” адказала Івонка Сурвіла напярэдадні Дня Волі.
— Спадарыня Івонка, а дзе асабіста вы будзеце
сьвяткаваць 90-я ўгодкі БНР?
— Па ўсім сьвеце.
Мяне запрашаюць і прымяркоўваюць час святочных імпрэзаў да маіх магчымасьцяў.
Так што я буду сьвяткаваць і ў Лёндане, і ў Нью-Ёрку… Ну і, безумоўна, у Празе,
дзе мне надзвычай прыемна быць.
— Але менавіта 25 сакавіка дзе будзе накрыты ваш
сьвяточны стол?
— У Францыі.
Паеду ў бацькоўскі дом, да брата Лёніка Шыманца. Запросім некалькі беларусаў і
адсьвяткуем вельмі ўрачыста: са сьцягам, запаленай сьвечкай на стале,
успамінамі пра розныя падзеі ў нашым жыцьці, зьвязаныя з 25 сакавіка. Запяём
гімны “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Магутны Божа”. Апошнім я проста
захопленая. І заўсёды плачу, яго сьпяваючы.
— Ці падзяляеце вы
меркаваньне, што без БНР не было б БССР і незалежнай Беларусі?
— Абсалютна
падзяляю. БССР зьявілася толькі таму, што існавала Беларуская Народная
Рэспубліка. І безумоўна, дзякуючы гэтаму і была абьвешчаная незалежнасьць у
1991 годзе. Я ў сваім сёлетнім сакавіцкім прывітаньні якраз і кажу, што без БНР
беларусы ўжо не існавалі б. Нас ужо не было б на гэтай зямлі.
— Чаму ж, на вашу думку, беларускі народ не
скарыстаўся з магчымасьцяў, якія яму былі дадзеныя ў 1991-м годзе, каб
адрадзіць сваю вольную дзяржаву?
— Пра гэта я
разважаю ў сваёй кнізе “Дарога”. Мне вельмі-вельмі балюча, што беларускі народ
не скарыстаўся. Але ёсьць шмат прычынаў. Я думаю, што акупацыя савецкая задоўга
трывала. І Масква змагла так перарабіць мазгі людзей, што яны абсалютна ня
ведаюць, што такое незалежнасьць.
Адна з прычынаў —
страх яшчэ з часоў Савецкага Саюзу. Людзі адчуваюць патрэбу быць скрытнымі,
думаюць, як той ці іншы іхні ўчынак адаб’ецца на іх сям’і, ці ня страцяць яны
працу. Гэта, я ўважаю, галоўнае. Да таго ж Чарнобыль… Ён фізычна аслабіў
беларускі народ. Людзі страцілі энэргію, якая патрэбная, каб змагацца за
абстрактную незалежнасьць, якой яны фактычна й ня ведалі. Людзі, якія
аслабленыя фізычна, перастаюць верыць, яны жывуць абы толькі выжыць да заўтра.
І тут вельмі
важную ролю адыгрывае моладзь, таму што яна мае гэтую энэргію і мае веру ў
будучыню.
— Які ўнёсак зрабіла Рада БНР у стратэгію Эўразьвязу,
што датычна Беларусі?
— Мы фактычна
пачалі ад патрэбы інфрамацыі. Гэта першае, за што мы змагаліся. Мы пісалі
лісты, сустракаліся з Эўракамісіяй, з Эўрапарлямэнтам, з Радаю, каб як
найхутчэй даць беларускаму народу магчымасьць самому вырашаць свае праблемы, а
не толькі слухаючы прапаганду Лукашэнкі. Пасьля, безумоўна, усё тое, за што
змагаецца апазыцыя беларуская. Мы яе падтрымоўваем усюды, на кожным кроку. І
таксама ў рамках Эўразьвязу.
— Ці можа беларускі ўрад на выгнаньні
ўплываць на зьмены ў самой Беларусі і ў яе стасунках з Эўропай, ЗША ды іншымі
краінамі?
— Зьмены ў самой
Беларусі, я ўважаю, прыйдуць ад саміх беларусаў. Беларусь асягне незалежнасьць
і волю знутры. Гэта іначай адбыцца ня можа.
Адзінае, што мы
можам рабіць, — гэта здабываць падтрымку сьвету для дэмакратычнай і незалежнай
Беларусі. Мы здабываем прыяцеляў для Беларусі, якіх Беларусь ня мела ў 1918
годзе. Дзеля гэтага яна і не змагла адстояць сваю незалежнасьць. Цяперака
Беларусь мае падтрымку ўсюды: і ў Амэрыцы, і ў Эўропе. Абсалютна ўсе заходнія
дзяржавы, ведаюць пра Беларусь і падтрымліваюць дэмакратыю, правы чалавека,
незалежнасьць для беларускага народу.
Што да санкцыяў, то
мы даводзім, што санкцыі можна ўжываць толькі ў тым выпадку, калі гэта можа
нейкім спосабам зьмяніць палітыку Лукашэнкі, але каб толькі санкцыі не
зашкодзілі беларускага народу.
— Рада БНР — апошні ў Эўропе ўрад на
выгнаньні. Як адбывалася перадача мандатаў урадамі на выгнаньні ўрадам на
мэтраполіі ў іншых краінах?
— Усе постсавецкія
краіны мелі ўрады на выгнаньні. Калі гэтыя краіны абвесьцілі сваю
незалежнасьць, тады і адбылася перадача мандатаў. Мы адзіныя не перадалі.
— І Беларусь жа ў 1991 годзе стала незалежнай,
афіцыйна вярнула свае сымбалі, загаварыла па-беларуску… Урад Кебіча, пішаце вы
ў сваёй кнізе, рабіў дзеля гэтага высілкі, дык чаму перадача не адбылася?
— Усе іншыя былі
перакананыя, што перадаюць уладу нармальным дэмакратычным урадам. Украіна
крышку зарана перадала свае паўнамоцтвы. І пасьля ўкраінцы шкадавалі. У
Беларусі, і час гэта паказаў, незалежнасьць не была трывалая. Парлямэнт быў абраны
за часамі савецкай улады, і не было ніякай надзеі, што незалежнасьць
утрымаецца.
Як толькі
Беларусь будзе ў добрых руках, а дэмакратычныя свабоды і незалежнасьць
замацуюцца незваротна, мы перадамо нашыя паўнамоцтвы. Ня можам дачакацца!
— Пры якіх умовах вы маглі б сесьсці за стол
перамоваў з Лукашэнкам і перадаць мандат БНР сёньняшняму ўраду?
— Ні пры якіх.
Такіх умоваў няма.
— А калі дэмакратычнымі сіламі Беларусі будзе
створаны ценявы кабінэт ураду?
— Не, не
перадамо. Занадта небясьпечна было б гэта для іх. Мы думаем, што сам сымбаль
незалежнасьці, які мы сабою прадстаўляем, мусіць застацца цалкам незалежным.
— Якія тэндэнцыі прасочваюцца цяпер у
жыцьці беларускай дыяспары ў сьвеце?
— Старая, паваенная
эміграцыя працягвае працу, як і дагэтуль. Ёсьць новая эміграцыя, якая часта папросту выехала дзеля
фінансавых мэтаў. Яна не заўсёды далучаецца да нашай працы. Але нейкая частка
таксама ёсьць нацыянальна сьведамая.
У Таронта,
напрыклад, нашае беларускае жыцьцё ўтрымоўваецца цяпер ужо новай эміграцыяй. Яе
прадстаўнікі вельмі добра ставяцца да Рады, да беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў.
У 2006 годзе, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, яны наладзілі
надзвычайную дэманстрацыю перад гарадзкой управай Таронта.
— Як бы вы сёньня ацанілі стасункі
паміж беларускай дзяржавай і дыяспарай? Апазыцыяй і дыяспарай?
— На жаль,
беларуская дзяржава вельмі “цікавіцца” дыяспарай. Замоцна “цікавіцца”. Гэтак
заўсёды было. І мы не сумняваемся, што цяперака ў кожным асяродку ёсьць людзі,
мэта якіх — раскалоць нашыя арганізацыі. Эміграцыя сама, а Рада БНР тым болей,
прадстаўляла і прадстаўляе небясьпеку для людзей, якія выступаюць супраць усяго
беларускага.
З апазыцыяй
цудоўныя адносіны. Два тыдні таму мы былі запрошаныя разам з усёй апазыцыяй у
Эўрапарлямэнт, дзе сьвяткавалі 90-я ўгодкі БНР. Было ўсё вельмі ўрачыста. І
ўсюды былі прадстаўнікі апазыцыі і мы — прадстаўнікі Рады БНР.
— Адзіным фронтам выступалі?
— Так, адзіным.
— Толькі што адбылася вашая он-лайн
канфэрэнцыя на радыё “Свабода”. Ці былі падчас яе пытаньні, якія зьбянтэжылі
вас?
— Не, не было.
Але трапляліся пытаньні цяжкаватыя і нават непрыемныя. Напрыклад, пра
легітымнасьць Рады. Дзіва, што і цяпер яшчэ ёсьць людзі, якія гэтага не
разумеюць.
— Што вы адказалі?
— Што Рада БНР
ёсьць беспасярэднім пераемнікам паўнамоцтваў тае Рады, якая была абраная Ўсебеларускім
зьездам і якая абвесьціла незалежнасьць Беларусі. Тая Рада была голасам 1872
дэлегатаў, абраных у розных рэгіёнах і рознымі слаямі насельніцтва. Гэтыя
дэлегаты былі разагнаныя бальшавікамі 31 сьнежня 1917 году. Цяпер радныя
абіраюцца беларускай дыяспарай, і ўжо яны абіраюць Старшыню Рады. Хацелася б,
каб так свабодна і дэмакратычна праводзіліся выбары ў Беларусі — без
фальсыфікацыяў і іншых таталітарных мэтадаў.
— Ваш муж Янка Сурвіла лічыў Раду БНР
найбольшым скарбам беларускага народу. У чым, на вашу думку, галоўная
каштоўнасьць БНР для сучаснага беларускага грамадзтва?
— Я думаю, што
трэба прачытаць пра гэта ў Васіля Быкава. Мне падаецца, так доўга, як існуе БНР,
можа існаваць надзея, што Беларусь станецца нармальнай вольнай дэмакратычнай
краінай.
— Што вы ставіце на чале вашай
дзейнасьці на карысьць Беларусі і чым гэта адрозьніваецца ад задачаў, якія
вырашалі вашыя папярэднікі?
— У статуце Рады
найважнейшай мэтай спачатку было асягненьне незалежнасьці, а цяперака — абарона
незалежнасьці Беларусі. Пагроза заўсёды была і ёсьць з боку Расеі. За гэтым мы
вельмі пільна сочым, каб Расея не праглынула Беларусі.
Падчас
халоднай вайны Старшыня Рады Мікола Абрамчык быў надзвычай актыўны ў
міжнароднай дзейнасьці. Ён
арганізаваў паняволеныя народы (народы былога СССР і камуністычнага лягеру) у
Парыскі блёк. Ён здабыў для беларусаў хвалі радыё “Свабода” (пачатковая назва —
“Вызваленьне”). Вінцэнт Жук-Грышкевіч найбольш
займаўся наладжваньнем унутранага жыцьця Рады. У часы перабудовы старшынём быў Язэп
Сажыч. Ён лічыў, што наша роля хутка скончыцца (фактычна ўсе мы так думалі на
той час). Я была абраная ў 1997-м годзе, і дагэтуль абарона незалежнасьці
Беларусі для мяне — галоўная задача.
— Пасьля нашага інтэрвію у вас заплянаваная
сустрэча з Вацлавам Гаўлам. Вы зь ім сябруеце?
— Сустракаемся ў
другі раз. Але ён сябра Беларусі, і дзеля гэтага ён і мой сябра. Чэскі ўрад
наагул (і спадар Гавэл асабіста) лічаць, што Беларусь мусіць быць эўрапейскай
краінай, што яна мусіць быць у Эўразьвязе, што Эўропа ня можа існаваць без
Беларусі. Гэтаксама ён заўсёды выказваў падтрымку апазыцыі і Радзе БНР. Я
толькі магу за гэта яму быць удзячнаю.
— Апошнім разам вы наведвалі Беларусь у 1992
годзе. Ці рабілі пасьля захады, каб атрымаць магчымасьць завітаць на Радзіму?
— Ад 1992 году не
рабіла. Справа ў тым, што я пры нейкай нагодзе гаварыла з былым амбасадарам
Беларусі Міхаілам Хвастовым у Атаве. Ён сказаў, што Лукашэнка дасьць мне візу,
калі я напішу асабіста да яго ліст. Я ня ведаю, ці гэта для вас зразумела, але
для мяне гэта папросту абраза.
— Ваш прагноз: ці будуць новыя палітзьняволеныя
пасьля святкаваньня 90-х угодкаў БНР у Менску?
— Напэўна, будуць,
на жаль.
— А калі ў Беларусі нарэшце Дзень Волі
стане афіцыйным нацыянальным сьвятам, за ўдзел у якім ня будуць кідаць за
краты?
— Веру, што я
гэта яшчэ пабачу.
— І дзе паселіцеся, калі будзе магчымасьць настала
вярнуцца ў Беларусь?
— Ці на Янкавай
радзіме каля Жодзішкаў, ці ў Засульлі пад Стоўпцамі, гэта вёсачка маіх дзядоў.
Таксама Ішкальдзь мне падабаецца — гэта мястэчка маёй мамы. Ды наагул у любым
месцы. У Полацку, магчыма. Ну, я ня ведаю, што й казаць… Уся Беларусь — мая
краіна.
— Ці варта было б вярнуць
дэмакратычнай беларускай дзяржаве назву БНР?
— Гэта нам было б
вельмі прыемна. Але будзе гэта зроблена, ці не — ня так важна. Некаторыя мяркуюць,
што варта было б вярнуцца да гістарычнай назвы Беларусі — да Вялікага Княства
Літоўскага. Але я асабіста ўважаю, што самае галоўнае, каб Беларусь была
сапраўднай эўрапейскай вольнай дзяржавай. Усё роўна, як яна будзе называцца.
Жыве Беларусь!
Даведка “Салідарнасьці”
Старшыня Рады БНР Iвонка Сурвіла (Шыманец) нарадзілася ў 1936
годзе ў Стоўпцах. З 1944 году — у эміграцыі. Жыла ў Даніі‚ Францыі, Гішпаніі. Цяпер жыве ў
Канадзе.
Скончыла вышэйшую Мастацкую школу
ў Парыжы‚ лінгвістычнае аддзяленьне Сарбонскага ўнівэрсытэту. Акрамя роднае
мовы‚ валодае яшчэ васьмю: францускай‚ гішпанскай‚ ангельскай‚ нямецкай‚
дацкай‚ лацінскай‚ нарвэскай‚ польскай. З 1969 году і да апошняга часу
працавала англа-францускім перакладчыкам у Фэдэральным Урадзе Канады.
У 1989 годзе арганізавала Канадзкі Фонд дапамогі ахвярам
Чарнобыля ў Беларусі і заставалася
яго кіраўніком да моманту абраньня на
старшыню Рады БНР у 1997
годзе.
Таксама на гэтую тэму
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное