Iван Шыла: «Я вярнуўся ў Беларусь, бо ў Польшчы ў мяне здарылася перадазіроўка»

У інтэрв'ю новай праграме «НН» «Ток» Іван Шыла расказаў пра свой досвед ужывання наркотыкаў.

Як ён прызнаўся, гэта стала асноўнай прычынай вяртання ў Беларусь пасля навучання па праграме Каліноўскага. Пры гэтым Шыла застаецца прыхільнікам легалізацыі марыхуаны і выступае за дэкрыміналізацыю іншых наркатычных рэчываў.

— Чаму ты вярнуўся ў Беларусь?

— Я вярнуўся ў Беларусь, бо ўжываў вельмі шмат наркотыкаў у Польшчы, у мяне здарылася перадазіроўка невялікая адным рэчывам, я ледзь не памёр. У Польшчы вельмі даступныя наркотыкі, іх проста купіць, гэта каштуе нядорага.

Калі я пачынаў панюхваць, гэта было так: я іду ў клуб, там крыху панюхаў, патусаваўся — усё клас, няма нічога такога, ты больш размаўляеш з людзьмі, у цябе добры настрой. Я знайшоўся ноччу, у аўторак, з грамам амфетаміну, нюхаю — мне не весела, я не іду ўжо ні на якія танцы. Я зразумеў, што заходзіць далёка, так не трэба. Радыкальны спосаб быў з’ехаць туды, дзе за наркотыкі вялікая адказнасць, дзе купіць іх складана. Я панюхаў, калі сядаў на цягнік, апошні раз.

Я прыехаў у Брэст, мне ўкалолі трайчатку. Трайчатка — гэта ад ціску, заспакаяльнае і для сну. Бо плюс у мяне былі панічныя атакі пасля гэтай перадазіроўкі, то бок калі я нюхаў, мяне пачынала трэсці, я бегаў па варшаўскім вакзале, пакінуўшы рэчы. Панічныя атакі — не прыдуманая рэч, гэта абсалютна не жарт. Я проста стаяў, у мяне пачалася паніка, я не ведаў, што рабіць. Я ледзь выйшаў з цягніка, ледзь не паваліўся, у мяне трэсліся ногі. Я кінуў рэчы, чалавек папрасіў у мяне цыгарэту — я не мог яе дастаць. Я бегаў па гэтай Варшаве, пасля неяк сабраўся, даехаў да Брэста.

Чым адрозніваюцца беларускія вакзалы ад польскіх? У нас ёсць медпункты. Дзякуй радзіме за гэта! Я прыйшоў туды, яна мне кажа: «У цябе ціск 150 на нешта. Чаму так?» Я кажу: «Ну, я ж студэнт, сесія ў Польшчы, не спаў пару дзён, выпіў кавы, таму зрабіце што-небудзь са мной». Мне ўкалолі заспакаяльнае, я лёг і спакойна спаў да Мінска ў зручных цягніках, дзе ёсць ляжачыя паліцы. Такая гісторыя.

— І ты выступаеш за легалізацыю марыхуаны?

— Натуральна. Так-так-так. І дэкрыміналізацыю іншых наркатычных рэчываў.

— Чаму?

— У тым ліку таму, каб у людзей не здараліся перадазіроўкі, бо табе дылер не раскажа, як гэта нюхаць і як гэта ўжываць. Калі будзе гэта прадавацца нейкім чынам і тлумачыцца людзям, так будзе правільна. Каб гэта не было нейкае таямнічае рэчыва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)