Общество
Алена Струвэ, ”Радыё Свабода”

Італьянскіх сьвятароў судзяць за ўтойваньне Вікі Мароз

Два італьянскія сьвятары паўстануць перад Генуэскім судом за леташняе ўтойваньне Вікі Мароз. На судовы працэс, які распачаўся гэтымі днямі, выкліканыя ў якасьці падазраваных сьвятары Даніла Грыла і Франсіс Дарбэлі.

Паводле матэрыялаў пракуратуры, ім разам зь сямейным клянам Джуста - Барначын інкрымінуецца ўдзел у леташнім 20-дзённым тайным утрыманьні беларускай сіраты ў Альпах. Ні настаяцель прыходу з Кагалета Даніла Грыла, ні настаяцель кляштару Сэнт-Айен у альпійскай вобласьці Валь д’Аоста Франсіс Дарбэлі ня лічаць сябе вінаватымі.

Сьвятар з Кагалета дон Даніла Грыла па-ранейшаму перакананы: “Злачынствам ёсьць ня ўтойваньне дзяўчынкі, а яе гвалтоўнае разлучэньне зь сям’ёй. Менавіта за гэта хтосьці аднойчы панясе адказнасьць”.

Год таму, калі ўся Італія абмяркоўвала ўчынак сужэнцаў Алесандра Джуста і Марыі К’яры Барначын, Даніла Грыла без ваганьняў прыняў бок сям’і з Кагалета. Тады ён публічна заявіў, што нават парушыць Закон дзеля вышэйшай справядлівасьці. 7 верасьня, калі Менск настойліва патрабаваў вярнуць Віку назад на радзіму, сьвятар з Кагалета павёз Віку Мароз, а таксама Марыю Борды (маці Алесандра) ды Элену Даньніна (маці Марыі К’яры) да айца Франсіса Дарбэлі, у гасьцявы дом кляштару ў Валь д’Ааоста, што на мяжы са Швайцарыяй.

Паводле Франсіса Дарбэлі, калі ён прымаў рашэньне аб прытулку для беларускай дзяўчынкі, ён ведаў пра магчымае прыцягненьне да судовай адказнасьці. “У мяне не ўзьнікла ніякага сумневу, бо я быў знаёмы з гісторыяй гэтай сіраты”, сказаў сьвятар.

Праз 20 дзён, 26 верасьня 2006, дзякуючы невядомым інфармантам, карабінэры знайшлі Віку Мароз ў кляштары дона Дарбэлі. Як перакананы айцец Даніла Грыла, тыя, хто гэта зрабіў, “зламалі дзяўчынцы жыцьцё і гэта заўсёды застанецца на іхным сумленьні”

Прыцягненьне дона Грыла і дона Дарбэлі да судовай адказнасьці выклікала першыя абуральныя водгукі ў каталіцкім сьвеце. “Гэта жах, але я ня веру, што ім штосьці пагражае”, -- кажа ватыканскі сьвятар

Тым часам у беларускай амбасадзе ў Італіі, якая ініцыявала гэту судовую справу, заявілі: “Беларуская амбасада адсочвае працэс. У выпадку неабходнасьці мы гатовыя да супрацоўніцтва”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)