«Існуе дзве Беларусі. Адныя адпраўляюць іншых за краты»
Пасля сутак на Акрэсціна мастак Алесь Пушкін распавеў «Салідарнасці» пра тое, як ён даведаўся пра татальныя зачысткі перад чэмпіянатам свету па хакеі, і што ўразіла яго ў ізалятары.
Алесь Пушкін быў пакараны арыштам за тое, што 4 снежня прыйшоў у Вярхоўны суд з партрэтам расстралянага дзеяча антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага. Мастак хацеў паставіць кропку у “смаргонскай справе” і абскардзіў рашэнне суду, паводле якога адседзеў 10 сутак. (Нагадаем, яшчэ раней арышт Пушкіну прысудзілі за тое, што мастак з паплечнікамі арганізаваў на вуліцах Смаргоні акцыю памяці кіраўніка антыкамуністычнага падполля ў пасляваенныя гады Расціслава Лапіцкага, а таксама за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі).
На наступны дзень пасля падачы скаргі Пушкіна арыштавалі і таемна асудзілі.
– Мяне забралі з працы ў рэспубліканскай школе мастацтваў, – успамінае Пушкін падзеі таго дня. – Заходзіць чалавек у цывільным і кажа мне: «Вы Александр Пушкин? Вас через пять минут арестуют, поэтому советую вам бежать». Я гавару: «Вы што, чаго я буду бегаць? Ці я злачынец нейкі?». Як высветлілася пасля, гэта быў лейтэнант АМАПу Яўген Нікіцёнак. Праз пяць хвілін ён вярнуўся яшчэ з трыма амапаўцамі. «Давайце дакументы, – кажу. – Хто вы такія? Эскадроны смерці ці што?». Пасведчанні яны паказалі, і я абавязаны быў падчыніцца.
Са слоў Пушкіна, ні рашэння суда, ні дапамогі адвката, аб якой ён прасіў, ні званка, – нічога яму не далі.
– Падпалкоўнік Іван Гутоўскі ў Ленінскім РАУС прызнаўся мне, што гэта ён ініцыятар арышту: «Я же слежу за общественной безопасностью и порядком нашего Ленинского РУВД. Я открыл Интернет, смотрю: там ты стоишь. Ну вот, я и принял меры, написал рапорт».
Самае крыўднае для Пушкіна ўва ўсёй гэтай гісторыі – гэта тое, што з-за арышту ён прапусціў у філармоніі юбілейны канцэрт, прысвечаны 50-годдзю рэспублканскай школы мастацтваў.
– Я там павінен быў выступаць. Былі набытыя квіткі для жоначкі, для дзяцей. Замовіў цырульніка, смокінг падрыхтаваў...
З’яўленне ў Вярхоўным судзе з партрэтам Лапіцкага суддзя Ленінскага райсуду Марына Запаснік палічыла несанкцыянаванай акцыяй і прысудзіла яму 12 сутак. Па дарозе на Акрэсціна Пушкін даведаўся, што канваіры, якія яго везлі, зарабляюць па 6,5 мілёнаў рублёў.
– Я сядзеў з наркаманамі, алкаголікамі, несунамі. Быў уражаны, колькі ў Менску крадзяжоў у крамах... За бутэльку чарніла сядзелі людзі на сутках. Мамы, таты, жонкі здаюць міліцыі сваіх родных і просяць, каб іх пасадзілі хоць на суткі. Быў хлопец, якому 25 год, а ён ужо кончаны наркаман, уяўляеце?
З іншага боку, яны ўсе ня дрэнныя людзі – проста заблукаўшыя. У каго каханне нераздзеленае, каго ў сям’і не разумеюць.
Сукамерніку, у якога трое дзетак ад розных жонак, Пушкін раіў памірыцца з апошняй, вучыў: «Падары ёй канваліі, звадзі на канцэрт арганнай музыкі».
Як кажа мастак, да яго на Акрэсціна ставіліся з павагай і гаманілі з ім па-беларуску.
– Галоўнае, што я зразумеў пасля гэтых сутак, – рэпрэсіі працягнуцца, – заключае суразмоўца. – У Ленінскім РАУС прагаварылiся пра гэта. Зачыстка перад чэмпіянатам свету па хакеі ў 2014 годзе будзе абавязкова. Пра гэта сведчыць і хваравітая рэакцыя дзяржавы на з’яўленне партрэта рэпрэсаванага мастака на вуліцы – што у Менску, што у Смаргоні. Прычыны для таго, каб закрыць людзей, яны знойдуць: лаяўся матам, пераходзіў вуліцу на чырвонае святло, спраўляў патрэбу ў грамадскім месцы. І сведкаў знойдуць. Турмаў і надзіральнікаў хопіць. Як бачыце, існуе дзве Беларусі: адныя адпраўляюць за краты іншых.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное