Беседка
Вольга Гарапучык, фота Кірыла Хілько, «Наша Ніва»

Іскандэр Сакаеў: «Беларусы? Ваша «калі ласка» — гэта маска»

«Наша Ніва» сустрэлася з рэжысёрам Іскандэрам Сакаевым і даведалася, на якім, на яго погляд, узроўні знаходзіцца беларускі тэатр і што з усім гэтым рабіць. Хто, як не запрошаны рэжысёр, без цэнзуры і страху, можа распавесці пра нашыя тэатральныя рэаліі.

Даведка

Іскандэр Сакаеў — рэжысёр, у 2005—2009 — рэжысёр Александрыйскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, з 2009 ставіць спектаклі па малых і вялікіх гарадах неабсяжнай Расіі. Быў запрошаны ў Беларускі дзяржаўны моладзевы тэатр, дзе паставіў спектакль італьянскага драматурга Уга Бэці «Востраў казы», а 23 снежня адбылася доўгачаканая прэм’ера наступнага спектакля — «Чайкі» паводле Чэхава.

Іскандэр нарадзіўся ў Арэнбургу. Ён рос хлопцам, які праявіў сябе ў фехтаванні, але ў выніку абраў тэатр: становіцца рэжысёрам.

— Калі я даведалася, што Вы доўгі час працавалі рэжысёрам у Александрыйскім тэатры, я не адразу зразумела, чаму Вы адтуль добраахвотна сышлі і што Вас прывяло сюды?

— Мы з гэтым тэатрам разышліся. Александрыйскі тэатр увабраў у сябе ўвесь прыдуманы Пецярбург, з усімі ягонымі таямніцамі, змовамі і нядобразычлівасцю. У ім наладжана вельмі складаная сістэма і расклад. Калі ты не адпавядаеш гэтаму раскладу, табе становіцца вельмі цяжка.

Таму я вырашыў сысці. Бо за 4 гады працы ў ім я паставіў толькі адзін спектакль, які дагэтуль там паспяхова ідзе. Для параўнання: за такі ж самы час, пакуль я вольна працую, я паставіў 20 спектакляў.

— Не было страшна сыходзіць у невядомасць?

— Было, але ж вочы баяцца, а рукі робяць. Пасля майго сыходу ўсё вельмі паспяхова склалася і я выпусціў 7 спектакляў за сезон — гэта шмат.

— Што прывяло Вас у Беларусь?

— На мяне выйшаў непасрэдна дырэктар Моладзевага тэатра. Паспрыялі гэтаму знаёмствы. На жаль, на тэрыторыі СНД адсутнічае сістэма маніторынгу і ўзаемазвязаная рэжысёрская база, якая б дапамагала пошуку працы. Калі не добрыя сувязі, трапіць пад увагу даволі складана. Наш расійскі саюз тэатральных дзеячаў — абсалютна бессэнсоўная рэч.

— Як Вам наш Моладзевы тэатр?

— Я бачу тут вялікі патэнцыял. Самае галоўнае — правільна яго накіраваць і канвертаваць. Да таго ж тут досыць моцная тэатральная трупа. У свой час гэты тэатр вельмі добра стартаваў, але здаў пазіцыі. Зараз трэба проста больш эфектыўна заняцца ягонай раскруткай. Гэта тэатр, у якім не сорамна працаваць.

— Вы ведаеце, што Моладзевы тэатр не тое каб добра каціруецца?

— Я чуў, з якой грэблівасцю часам пра яго кажуць. І шчыра гэтага не разумею.

Ужо тое, што тут працуе такі запатрабаваны і высакакласны акцёр, як Яўген Іўковіч, а таксама Зміцер Багаслаўскі, які на дадзены момант з’яўляецца самым запатрабаваным беларускім драматургам у Расіі, нават больш папулярным за таго самага Курэйчыка, заслугоўвае павагі. І тут ён проста акцёр. Ці той жа Ілля Самахвалаў, усім вядомы па сваім гурце «Касіяпея». Моладзь тут вельмі моцная, яны наймацнейшы рэсурс, якім варта карыстацца.

— А Вы знаёмыя з рэпертуарамі іншых нашых тэатраў?

— Так. Лепш за ўсё з Купалаўскім. Блізка з ім я пазнаёміўся ў 90-я падчас фестываляў. Яны мяне сапраўды ўразілі, бо той час быў для іх росквітам. І я быў захоплены іх талентам і якасцю пастановак. Сказаць нешта такое пра сённяшні іх узровень я не магу.

— Усё так кепска?

— Я вельмі шмат ездзіў, шмат чаго бачыў і здзівіць мяне даволі складана. Але тое, што я пабачыў у Беларусі, было проста жахлівым. Такое адчуванне, што я трапіў у машыну часу, якая адкінула мяне на 20 год назад. Ёсць адчуванне адсутнасці элементарнай энергіі і жыцця ў пастаноўках.

— У чым менавіта гэта адчуваецца?

— Ну вось глядзіш ты спектакль і не можаш зразумець, хто паставіў: мужчына ці жанчына? Спектаклі нейкія бясполыя. Такая вось усеагульная бясполасць.

Для мяне тэатр — гэта пачатак мужчынскага і жаночага мастацтва, якое мусіць адчувацца. І справа не ў гендары, а ў адчуванні крыві і пульсу. А тут ходзяць прывіды.

Магчыма, я проста глядзеў не самыя лепшыя працы. Таму я стаўлю за мэту паказаць нешта зусім нязвыклае і новае.

— А як Вам працуецца і жывецца ў Беларусі?

— Мне вельмі падабаецца Беларусь, ваш характар узаемаадносін з людзьмі. Хаця ёсць тут пэўны момант нядобразычлівасці.

— Звычайна наадварот кажуць, што мы такія добразычлівыя і ветлівыя.

— У вас ведаеце як? «Калі ласка», але без ласкі. А пасля проста разумееш, што гэта ў вас такая маска. І беларусы — сапраўдныя партызаны ў характары, без жартаў кажу. Мне падалося, што беларусы знаходзяцца ў духоўным падполлі.

— Не магу зразумець: добра гэта ці не?

— Зараз зразумееце на прыкладзе. У мінулым я спартсмен, быў час, калі я актыўна займаўся фехтаваннем. І вось перыядычна я правакую акцёраў. Бяру і раблю напад рукой, каб яны паказалі мне, як варта абараняцца. І пры гэты кажу ім: «Абараняйся!»

І ведаеце, як яны рэагуюць? Замест таго, каб паставіць абарону, яны проста адхінаюцца ўбок, выгінаюць жывот ці спіну.

Гэта вельмі паказальна. Вы ніколі не абараняецеся. І дзіўна тое, што так робяць толькі беларусы.

— А ў Расіі як?

— О, у Расіі абараняюцца яшчэ як!

— Я чамусьці не сумнявалася. Уся сутнасць беларусаў у адным дзеянні.

— Пры гэтым з вамі вельмі камфортна працаваць. І я хацеў бы вас разварушыць. Мая мэта ў спектаклі — зрабіць правакацыю і дыялог.

— Пытанне, наколькі глядач гатовы ўспрымаць Вашую падачу і Ваш, што казаць, новы для нас стыль. Бо тое, што я бачыла сёння, не проста спектакль, а нешта такое, што разрывае звыклыя ўяўленні пра тое, што паказваюць у нашых тэатрах. Дый выказваецца меркаванне, што за зменай у падачы інфармацыі ў тым жа інтэрнэце, змяняецца і здольнасць людзей да рэфлексійнага і цэльнага ўспрымання пасылу ў тэатры.

— Насамрэч, калі ты трапляеш у душу, нішто цябе не выратуе ад эмоцый. Калі чапляе, то чапляе. Я не веру ў тое, што глядач не можа прымаць вялікі тэатральны твор.

— А як усё ж такі зачапіць?

— Праз кантакт. Ніяк інакш. Глядзіце (дакранаецца да майго калена): вы мяне адчуваеце? Тое ж самае і пры гульні акцёраў. Калі ты не звяртаешся да гледача і паказваеш свой спектакль праз шкло, чалавек нічога не адчуе. Таму «Чайка» будзе весці дыялог з вашымі пачуццямі. Тэатр мусіць быць звернуты да пачуццяў ці інтэлекту.

— Папярэдні Ваш спектакль «Востраў казы» прынялі спрэчна, гледачы сыходзілі пасля першай дзеі. Гэта непадрыхтаванасць публікі ці што?

— Сыходзяць і з вельмі добрых спектакляў, і з вельмі дрэнных. «Востраў казы» не выключэнне. Тым больш што ў ім даволі жорсткі рэжысёрскі малюнак і адмысловая сцэнічная мова, да якой тут, дзе ўсё «мякка-талерантна», не звыкліся.

Як было ў Чэхава: «Публіка, яна, Антон Паўлавіч, дурніца». І яе, публіку-дурніцу, трэба павольна, але настойліва адукоўваць. У тым ліку і такімі спектаклямі, як «Востраў казы», а для гэтага патрэбна адэкватная і канструктыўная публіка. У Беларусі ж тэатральная крытыка фактычна мёртвая. Яе няма.

— Што ж не дае нашаму тэатру рухацца наперад?

— Яны не ўмеюць сябе прасоўваць. Галоўнае, канечне, — рабіць добрыя спектаклі. Вельмі істотна — працаваць у сацсетках, з гледачамі. Цяпер тэатр не мусіць быць проста тэатрам, ён павінен стаць тэатральна-культурным цэнтрам.

— То бок не засяроджвацца выключна на мастацтве, а стаць адначасова і менеджарам самога сябе?

— Жыццё гэтага патрабуе. Гэта ўжо адбываецца і будзе бязглуздым гэта адмаўляць. У Моладзевага тэатра ёсць усе магчымасці. Галоўнае, вызначыцца, для якога сегменту ты працуеш. Нельга быць добрым для усіх. І нельга зрабіць спектакль аднолькава цікавым для жанчын за 50 і моладзі.

— Гэта даволі цяжка данесці да людзей, якія кіруюць тэатрам, улічваючы тое, што яны ўвогуле цяжка разумеюць, што ўяўляюць сабой сацсеткі.

— У тым і праблема. Таму ў вас ўсё і завісла, добра калі атрымліваецца адзін варты спектакль за сезон. Наколькі мне вядома, маладых рэжысёраў не пускаюць нешта ставіць. Чаму маладым не даюць тэатры? Не так шмат у вас добрых рэжысёраў, каб ім не даваць магчымасці праявіць сябе. Але тыя, што ёсць, вельмі прасунутыя і класныя. Толькі яны выратуюць сітуацыю. Бо пакуль мазгі іх не забруджаныя, яны могуць даць нешта геніяльнае. У людзей ва ўзросце мазгі накіраваныя на тое, як бы большы працэнт са спектакля атрымаць, а не зрабіць нешта вартае.

— Цяпер Вы кажаце пра тое, што, напэўна, хацелі б сказаць самі маладыя рэжысёры, але баяцца.

— Я тут не працую і магу дазволіць сабе вольнасці. Бо з гэтым трэба змагацца. Яны селі сваімі каменнымі азадкамі на тэатры і не даюць нічога рабіць.

— У нас ўсё так кепска ці толькі з тэатрамі?

— Краіна мне вельмі падабаецца. Дзіўна тое, як пры тым, што Мінск такі сучасны і круты горад, у ім існуюць такія ніякія тэатры, у якіх спыніўся час.

— А некаторыя кажуць, што ў самой Беларусі спыніўся час.

— Гэта хлусня. Беларусь — сапраўдная еўрапейская краіна. Магчыма, зусім усходнееўрапейская, але ж сучасная.

— Але не Расія?

— Не, вы што. Мы абсалютна непадобныя. Толькі вось бухаюць аднолькава. І тое, у вас неяк інтэлігентней.

— А Вы, дарэчы, не знаёмыя з творчасцю нашага «Свабоднага тэатра»?

— Я чуў, але асабіста не наведваў іх спектаклі. Я проста не разумею сітуацыі, калі палітыку мяшаюць з мастацтвам. Ніякія лозунгі не заменяць якаснай гульні акцёраў.

— Прабачце, але я не магу абмінуць пытанні цэнзуры, гэта хворая тэма для беларусаў. Вы самі сутыкаліся з ёй?

— Магчыма, я ў вас тут чагосьці не заўважаю, бо не варта блытаць турызм і эміграцыю. Але я не бачыў і не адчуваў на сабе нейкага ціску. Я не займаюся палітычным тэатрам. Навошта?

— Затое палітыка, дакладней дзяржава, займаецца Вамі. Вось тыя ж самыя цэнзурныя камітэты, якія ў Расіі плануюцца. Як Вы мяркуеце, будзе ад іх карысць?

— Супакойцеся. Яны нічога не змогуць зрабіць. Мне падаецца, уплыў тэатру на грамадска-палітычную сферу перабольшаны. Я б на іх месцы зрабіў астравы свабоды ў выглядзе тэатраў, пагуляўся б з гэтым наадварот.

— Можа, застаняцеся ў нас?

— Ёсць шмат прапаноў у Расіі. Але я б з асалодай застаўся, але пакуль не прапаноўваюць. Мне вельмі падабаецца Моладзевы тэатр. І я кажу шчыра, хоць у Расіі можна значна болей зарабіць.

— Ну і апошняе пытанне: чаму ўсё ж такі беларусам варта схадзіць на «Чайку»?

— Бо гэта будзе жыццё. Гэта не той занудны і класічны Чэхаў, якога звычайна можна пабачыць на сцэне. Мы цалкам перагледзелі падыход да яго. Мы паставілі «Чайку» праз прызму менавіта моладзевага тэатра, якім ён мусіць быць.

Гэтая гісторыя — гісторыя пра ўсіх нас, бо да кожнага з нас у жыцці часам прыходзяць і проста забіваюць. Гэты спектакль пра каханне, шчырасць, здраду і ўсё тое, чым напоўненае нашае жыццё.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)