Ірына Віданава: «Застаецца жывым тое, што тату было вельмі дарагім»
Адбылася цырымонія ўганаравання пераможцаў журналісцкай прэміі імя Аляксея Караля. Сёлета, дзякуючы падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў, дадалася намінацыя «Найлепшы літаратурна-мастацкі крытычны матэрыял».
Галоўная рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб
— Гэты конкурс планавалася правесці адзін раз. Але наш сталы партнёр — Саюз Беларускіх пісьменнікаў — настаяў, што конкурс трэба праводзіць штогод, — распавяла галоўная рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб. — Сёлета было больш матэрыялаў грамадска-палітычных і на тэму эканомікі, і менш на тэмы культуры і гісторыі — у гэтым адрозненні конкурса гэтага і мінулага гадоў. Аляксей Кароль падтрымліваў моладзь, і нам хочацца працягваць гэтую традыцыю, каб маладыя журналісты заставаліся ў нашых шэрагах, дадавалі ў калектыў «свежую кроў», а выданне станавілся лепшым.
Сёлета матэрыялы ацэньваліся ў дзвюх намінацыях:
- найлепшы грамадска-палітычны матэрыял
- найлепшы сацыяльна-эканамічны матэрыял.
Прэмію за найлепшы грамадска-палітычны матэрыял уручала Ірына Віданава, якая летась стала ідэйным натхняльнікам заснавання журналісцкай прэміі на знак памяці пра гісторыка, палітыка, рэдактара і свайго бацьку Аляксея Караля:
— Я хачу падзякаваць «Новаму часу», Аксане Колб, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, бо застаецца жывым тое, што тату было вельмі дарагім: гэта і газета, і пошук маладых, таленавітых, разумных, неабыякавых аўтараў. Якасных грамадска-палітычных артыкулаў цяпер няшмат. На мой погляд, артыкулам, за які я сёння буду ўручаць прэмію, ганарыўся б і бацька, бо ў тэксце ёсць і адсылкі да Фуко, і праца з першакрыніцамі, і асабісты досвед аўтара.
Пераможца — Мікалай Дзядок з артыкулам «Турма і воля: культурны абмен». Прэмію Міколы, які цяпер на сесіі ў Вільні, забраў яго тата. Ён падзякаваў рэдакцыі і выказаў спадзеў, што «Новы Час» стане лёсам яго сына, Міколы Дзядка.
У намінацыі «Найлепшы сацыяльна-эканамічны матэрыял» вызначана два пераможцы:
Дзіяна Пінчук з тэкстам «Хто яны, жыхары выміраючай вёскі?».
Сяржук Кійко з тэкстам «Як мінчук будаваў школу для дзяцей у Непале».
Найлепшы матэрыял па выніках галасавання чытачоў: «З шабляй ды пад дуду, альбо гісторыя навобмацак» Дзіяны Серадзюк.
У намінацыі «Найлепшы літаратурна-мастацкі крытычны матэрыял» перамагла Наста Грышчук, таксама адзначаныя тэксты Алесі Лапіцкай і Алены Карп.
Старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч падчас цырымоніі ўганаравання пераможцаў конкурсу выказаў спадзеў, што жанр літаратурна-мастацкай крытыкі будзе развівацца.
Усе тэксты конкурсу можна знайсці на сайце ў асобным раздзеле.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное