Филин

Юлія Кот

Ірына Сідорская: «Хочацца, каб беларускія журналісты не пераставалі выводзіць з зоны камфорту аўдыторыю»

Медыяэкспертка — пра тое, як змянілася беларускае інфаполе пасля 2020-га.

Сусветны дзень свабоды прэсы, які адзначаецца 3 мая, у сённяшняй Беларусі праходзіць пад знакам няспынных рэпрэсій, зняволеных медыйшчыкаў (на сёння гэта 33 чалавекі), ліквідаваных і прызнаных «экстрэмісцкімі» незалежных выданняў і распрацоўкі ўсё больш жорсткіх абмежаванняў і механізмаў кантролю.

Як змяніўся медыяландшафт краіны пасля 2020-га, з якімі выклікамі даводзіцца сутыкацца беларускім журналістам і ці атрымаецца ва ўладаў зачысціць інфармацыйную прастору цалкам? На гэты конт Филин пагутарыў з былой выкладчыцай журфака БДУ, доктаркай філалагічных навук, медыяэксперткай Ірынай Сідорскай.

Ірына Сідорская. Фота з асабістага архіву эксперткі

— Пасля 2020-га мы бачылі розныя метады барацьбы з іншадумствам, ад фізічнага захопу сервераў і арышту кіраўнікоў і супрацоўнікаў медыя, да абвяшчэння медыя «экстрэмісцкімі» і пазбаўлення іх магчымасці даходзіць да чытача ў любым выглядзе, друкаваным ці электронным. Што засталося на сёння ад свабоды слова ў Беларусі?

— Мне здаецца, што ў вашым пытанні ўжо ёсць больш як палова адказу. Насамрэч сітуацыя ў краіне не проста дрэнная — я сказала б, крытычная. І за ўсе гады не толькі незалежнай Беларусі, але і ранейшага перыяду — я памятаю яшчэ штосьці з пачатку 80-х-канца 70-х гадоў, — падаецца, яшчэ ніколі ў Беларусі не было так дрэнна са свабодай слова.

Варта дадаць, што ў Беларусі сёння татальны крызіс — прававы, гуманітарны, — таму было б дзіўна, калі ў такіх умовах было больш ці менш добра са свабодай слова. Але, натуральна, тое, што адбывацца з медыя, у агульным глыбокім крызісе адыгрывае значную ролю.

— Адзін з нядаўніх захадаў уладаў — незалежныя выданні пачалі пазбаўляць беларускіх даменных імёнаў. Для чаго гэта робіцца, калі можна стварыць люстэркі — ці з прыцэлам паставіць на свабоднае месца «сваіх, лаяльных»?

— На самай справе, гэта для мяне складанае пытанне, — зазначае Ірына Сідорская, — бо цяжка зразумець, якой логікай карыстаюцца беларускія ўлады ў тых ці іншых рашэннях. Выглядае на тое, што гэта нейкай іншае мысленне, чым у нармальнага чалавека.

Тлумачэнняў падобным крокам, мяркуе медыяэкспертка, можа быць некалькі. Магчыма, у тых, хто аддае загады, бракуе ведаў на гэтую тэму, і яны не разумеюць, што закрыць такім чынам чытачам доступ да выдання — неэфектыўна.

А магчыма, разлік зусім іншы — і палягае ў тым, што ўсе рэсурсы з даменнымі імёнамі .бел, .by мусяць знаходзіцца выключна пад кантролем дзяржавы, каб на іх не прэтэндавалі ні асобныя грамадзяне, ні грамадзянская супольнасць, ні, тым больш, незалежныя медыя.

— Помніце, як калісьці (у 2005 годзе, — Ф.) забаранілі недзяржаўным арганізацыям і медыя выкарыстоўваць у назвах словы «беларускі» і «нацыянальны»? — прыгадвае экспертка. — Маўляў, «беларускім» мусіць называцца толькі тое, што наўпрост звязанае з дзяржавай. А яшчэ крыху раней кіраўніцтву банкаў, асацыяцый і іншых арганізацый забаранілі называцца прэзідэнтамі з тым абгрунтаваннем, што прэзідэнт у краіне можа быць толькі адзін — хоць іншым краінам гэта ніколькі не замінае.

…Вымушаная рэлакацыя і адарванне ад беларускага кантэксту, утойванне інфармацыі, распаўсюд фэйкаў, пагрозы для аўдыторыі і герояў, якіх могуць пазбавіць волі проста за каментар «экстрэмістам» — гэта толькі частка новых рэалій, у якіх вымушаныя працаваць беларускія журналісты. Асноўны выклік, які незалежным медыя цяжэй за ўсё пераадольваць, на думку Ірыны Сідорскай — гэта тое, што ўлада імкнецца адарваць медыя ад іхніх аўдыторый, ствараючы ўсё больш бар’ераў і перашкод для атрымання інфармацыі.

— У экзістэнцыйным плане, на мой погляд, гэта самае складанае выпрабаванне, і я, па шчырасці, не ведаю, як у рэдакцый незалежных медыя атрымаецца з ім справіцца.

Але яшчэ адна вялікая праблема палягае ў тым, што дзяржава, па сутнасці, пазбаўляе незалежныя СМІ магчымасцяў для легальнай дзейнасці.

«Антыэкстрэмісцкае» заканадаўства дазваляе абвяшчаць кантэнт незалежных медыя «экстрэмісцкім», а рэдакцыйныя калектывы — «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». І любыя формы стасункаў — падпіска, распаўсюд гэтага кантэнту, гутаркі з незалежнымі журналістамі, падтрымка выданняў — робяцца крымінальнай дзейнасцю.

Такога раней у беларускай журналістыцы не было.

Але патрэба ў інфармацыі з розных крыніц, у аналітыцы, у тых навінах, пра якія маўчаць праўладныя медыя, але расказваюць незалежныя, у грамадстве ўсё адно існуе, лічыць Ірына Сідорская:

— Мабыць, разуменне, як яны патрэбныя аўдыторыі, можа дапамагчы беларускім журналістам пераадолець гэтыя перашкоды. Хоць я разумею, наколькі цяжка працаваць у такіх умовах, і што ў многіх узнікае жаданне ўсё кінуць і пайсці ў іншую сферу.

Аднак, лічу, неабходна ледзь не кожны дзень гаварыць сабе: «Мая праца як журналіста/кі вельмі патрэбная людзям, патрэбная грамадству. І, можа, зараз я не магу рабіць яе на 100%, а толькі на 50% — але гэта лепш, чым не рабіць наогул». То бок, калі ў цяперашніх абставінах немагчыма падрыхтаваць на «выдатна» ідэальны, стоадсоткава ўзорны журналісцкі матэрыял — тады рабіць што можна, хай гэта будзе нават на «здавальняюча», але каб інфармацыя з незалежных крыніц працягвала выходзіць.

І яшчэ мне падаецца вельмі важна не браць прыклад з прапагандыстаў і не ставіць сабе мэту ператварыцца ў контрпрапагандыстаў. Мне вельмі хочацца, каб журналісты засталіся журналістамі, сродкамі масавай інфармацыі, а не прапаганды. Стаць другімі Азаронкамі ці Мукавозчыкамі — тое было б галоўнай памылкай.

— Але прабівацца да аўдыторыі ўсё цяжэй. Былая міністарка інфармацыі, дэпутатка Лілія Ананіч анансавала новыя папраўкі — абмежаванні ў Закон аб СМІ.

Ці ёсць межы закручвання гаек — атрымаецца зачысціць інфаполе «пад нуль» і пакінуць толькі прапаганду ў электронным, аўдыявізуальным і папяровым выглядзе, ці да блакіроўкі ўсіх сацсетак, каналаў і месенджараў не дойдзе, і доступ да розных крыніц інфармацыі ў беларусаў застанецца?

— Мне здаецца, што суцэльнага блакавання не адбудзецца і доступ застанецца. Як у пачатку 1980-х савецкія людзі знаходзілі спосабы слухаць «Голас Амерыкі» ці «Бі-Бі-Сі», нягледзячы на глушылкі. Сёння, калі ёсць інтэрнет, тым больш немагчыма гэта ўсё спыніць.

Але вельмі важна, падкрэслівае экспертка, каб і ў саміх беларусаў у Беларусі была патрэба ў гэтай інфармацыі. Інакш будзе як з расейцамі, якія падтрымліваюць вайну: людзям прапануюць зазірнуць у інтэрнет, каб самім знайсці доказы падзей у Бучы, Ірпені, Марыупалі — а яны не глядзяць, хоць і маюць доступ. Бо, з аднаго боку, не давяраюць нікому, а з другога — падсвядома хочуць верыць, што іхняя краіна ўсё робіць правільна, прэзідэнт — «вызваліцель рускіх людзей», і г.д.

— Мне вельмі хочацца, каб і беларусы не пайшлі па такім шляху, — зазначае Ірына Сідорская.

Бо незалежныя СМІ выводзяць з зоны камфорту — падаюць аб’ектыўную інфармацыю, паказваюць рэальныя праблемы і прымушаюць зразумець: у тым, што ты дрэнна жывеш у параўнанні, напрыклад, з суседнімі краінамі, ёсць доля і тваёй калі не віны, то адказнасці.

А прапаганда, асабліва тэлевізійная, падае ўсё спрошчана і прывабна: маляўнічая карцінка, аўдыявізуальнае ўздзеянне — сядзі сабе, толькі пераключай з канала на канал.

Да таго ж прапаганда, якая за мінулыя гады стала разумнейшай, закалыхвае: можа, у цябе жыццё зараз і не вельмі добрае — але паглядзі, як дрэнна людзі жывуць за мяжой, як яны замярзаюць, галадаюць, як у іх мараль перакулена з ног на галаву і квітнеюць нетрадыцыйныя каштоўнасці — і многія падступна ў гэта вераць.

Таму хочацца, каб беларускія журналісты не пераставалі выводзіць з зоны камфорту аўдыторыю, якая жадае хіба сядзець на канапе і глядзець тэлевізар — і паказвалі, што на самай справе свет не такі, як гэта малюе дзяржтэлебачанне.

Нельга дазваляць дзяржСМІ, якія не проста сталі прапагандай, а самі аб’явілі сябе «салдатамі інфармацыйнага фронту», маляваць толькі сваю карцінку сусвету і прэзентаваць яе людзям у якасці адзіна правільнай — трэба паказваць, што ёсць іншыя ракурсы і праблемныя моманты.

Натуральна, медыя — не чароўная палачка, якая можа адным махам змяніць усё. Але незалежныя журналісты могуць праз канкрэтныя чалавечыя гісторыі ўздымаць важныя праблемы — у палітыцы, эканоміцы, адукацыі, культуры, медыцыне — і праз іх будзе бачна, што цяперашняе кіраванне краінай, мякка кажучы, неэфектыўнае.

Напрыклад, у нядаўнім пасланні да народа Лукашэнка расказваў пра чайлд фры, пра геяў — гэта ж прыватнае жыццё чалавека, якое дачыненне да яго мае дзяржава? Але яна і тут хоча кантраляваць чалавека, усталяваць свае нормы — а так не павінна быць у ХХІ стагоддзі.

Я, безумоўна, не прэтэндую тут на ісціну ў апошняй інстанцыі, — але, быць можа, праз такія жыццёвыя рэчы атрымаецца «зачапіць», дастукацца да аўдыторыі і прымушаць яе думаць, супастаўляць, аналізаваць тое, што адбываецца.