Інтэрнэт-актывісты рыхтуюць свайго кандыдата-2015 — Гэндальфа (добрыя фотажабы)
Сацыяльная суполка «Мая краіна Беларусь», якая налічвае больш за 50 тысяч сябраў, вылучыць свайго кандыдата на прэзыдэнта.
Актывісты вырашылі, што супрацьстаяць Лукашэнку павінен герой кніг Толкіена чараўнік Гэндальф, і шукаюць асобу, якая б пераўвасобілася ў гэтую ролю.
Галоўныя патрабаваньні да кандыдатаў — 35 гадоў, беларускае грамадзянства і «дастатковая адэкватнасьць». Стваральнікі суполкі «Мая краіна Беларусь» кажуць, што «праца ня пыльная» і абяцаюць будучаму кандыдату дапамогу ў кампаніі і зборы подпісаў.
На вылучэньне Гэндальфа ў прэзыдэнта натхніў украінскі Дарт Вэйдэр, які балятаваўся на прэзыдэнцкіх выбарах, але ня быў зарэгістраваны. Паводле арганізатараў, Гэндальф — добры чараўнік і сябра гобітаў, а гобіты, як вядома, падобныя да беларусаў. Як лічыць доктар Лант з Брыстальскага ўнівэрсытэту (Вялікабрытанія), Шыр — зелянінны край, дзе жылі Гобіты, — нагадвае Беларусь.
Вылучэньне на прэзыдэнцкія выбары Гэндальфа, паводле арганізатараў, мае высьмеяць рэжым і прадэманстраваць, што выбараў у краіне няма. Як заявіў адзін з ініцыятараў, які называе сябе Арагорнам сын Араторна, кампанія будзе пабудаваная на пазытыве і аб’яднае ўсіх беларусаў, якія хочуць лепшага жыцьця:
«Спокліч нашай кампаніі просты і зразумелы. Гэндальф — наш лідэр, які павядзе краіну да лепшага жыцьця. Гэндальф — наш кандыдат».
На пытаньне, што Гэндальф будзе рабіць, калі пераможа, арганізатары сьцьвярджаюць, што галоўнае цяпер — змаганьне супраць оркаў і супрацьстаяньне Мордару: «Як вядома, у Маскве хацелі ўчора запаліць вока Саўрана. Гэта невыпадкова. Недзе там і знаходзіцца Мордар», — кажуць актывісты.
А пакуль шукаецца адпаведны кандыдат, у сацыяльных сетках поўнай хадой ідзе фармаваньне каманды і папярэдняя агітацыя. Хаштэг кампаніі — #ГендальфНашКандыдат.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное