Общество

Інтэлігенцыя пра нафта-газавы канфлікт

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі выступілі з заявай аб наступствах беларуска-расійскага нафта-газавага канфлікту. Яны выказалі стаўлене да сітуацыі і прапанавалі сваё бачанне магчымых шляхоў яе вырашэння.

“Канфлікт па нафтагазавых пытаннях, які абвастрыўся паміж Беларуссю і Расіяй напрыканцы 2006 — у пачатку 2007 гадоў, у чарговы раз выявіў сапраўдную сутнасць міфа аб будаўніцтве так званай беларуска-расійскай саюзнай дзяржавы, — адзначаецца ў заяве.

Прадстаўнікі белрарускай інтэлігенцыі, сярод якіх Уладзімір Колас, Радзім Гарэцкі, Леанід Злотнікаў, Аляксей Марачкін і іншыя, падкрэсліваюць, што увесь гэты час “маючы свае геапалітычныя інтарэсы на заходніх рубяжах, Расійская Федэрацыя падтрымлівала эканамічна і палітычна беларускі аўтарытарны рэжым”.

“Платай за прызнанне вынікаў сфальсіфікаваных выбараў, а таксама за танныя энерганосьбіты, сумнеўныя мытныя аперацыі і бязмытны расійскі рынак была не толькі квяцістая рыторыка пра саюзнае будаўніцтва, славянскае братэрства і вайсковую дружбу. Спадзеючыся выйсці на расійскую палітычную прастору, беларускі кіраўнік разам са сваёй наменклатурай дэманстратыўна і цынічна вынішчаў беларускую мову, школьніцтва, культуру, літаратуру, фальсіфікаваў гісторыю, пераўзыходзячы ў гэтым нават сваіх савецкіх папярэднікаў. Усё гэта падмацоўвалася папулісцкай прапагандай пра інтарэсы працоўных, беларускую мадэль рынкавага сацыялізму і праваслаўнае лідэрства”, — гаворыцца ў заяве.

“Цяпер, калі высветлілася, што “беларуская мадэль-цуд” узору канца 2006 году несумяшчальная з расійскай рынкавай сістэмай разлікаў, беларускае кіраўніцтва ў чарговы раз “забыла” пра інтэграцыю і зноў пачала спекуляваць на незалежніцкай рыторыцы”, — лічаць прадстаўнікі беларускай інтэлегенцыі.

На думку падпісантаў, адзіным шляхам да энэргетычнай бяспекі Еўропы і сапраўднай праявай добрасуседскіх адносін можа быць аказанне эканамічнай падтрымкі толькі разам з прынцыповымі і безкампраміснымі ўмовамі дэмакратызацыі беларускага грамадства і паслядоўных рынкавых рэформ.

“Толькі пры выкананні гэтых умоў Беларусь здолее плаціць сусветныя цэны за энерганосьбіты, пазбегнуўшы катастрафічнага абвалу ўзроўня жыцця яе грамадзян. Толькі тады яна верне сабе павагу і аўтарытэт на міжнароднай арэне”, — гаворыцца ў заяве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)