Общество

Інтэграцыя па-бальшавіцку: як Масква спрабавала стварыць супольную дзяржаву беларусаў і літоўцаў

Сто гадоў таму, 27 лютага 1919 году, у Вільні была абвешчана Літоўска-Беларуская ССР. Марыянэткавая буфэрная квазідзяржава, кароткае існаваньне якой паказала, наколькі мала расейскія бальшавікі лічыліся зь беларусамі і беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі, піша Валянцін Жданко на Радыё Свабода.

«Літоўскі Ленін»

Тыя, хто засьпелі савецкі Вільнюс, памятаюць, што ў гістарычным цэнтры сталіцы Літоўскай ССР, на плошчы побач з ратушай, узвышаўся помнік ня Леніну (як у Менску ды іншых сталіцах саюзных рэспублік), а Міцкявічусу-Капсукасу. (Бронзавы Ільліч у Вільні, вядома, таксама быў, але зводдаль ад гістарычнага цэнтру, на Лукішках). І галоўны ўнівэрсытэт у савецкай Літве насіў імя ня Леніна, як у Менску, а Міцкявічуса-Капсукаса. І калі які горад у Літве і быў перайменаваны ў гонар бальшавіцкага дзеяча, то гэтым дзеячам былі не Дзяржынскі і ня Кіраў (як у Беларусі), а зноў жа Міцкявічус-Капсукас.

Памятаю, як адзін мой літоўскі калега зь віленскай польскамоўнай газэты Czerwony Sztandar, які праводзіў для мяне экскурсію па старым горадзе, праходзячы паўз ратушную плошчу, паказаў на бронзавую статую.

— Гэта наш літоўскі Ленін,— сказаў ён іранічна.

А потым ужо сурʼёзна дадаў:

— Ён, вядома, быў і бальшавіком, але найперш — літоўцам.

Помнік Вінцасу Міцкявічусу-Капсукасу каля віленскай ратушы

Менавіта Вінцас Міцкявічус-Капсукас стаў кіраўніком (прэмьер-міністрам і міністрам замежных спраў) Літоўска-Беларускай ССР, створанай 27 лютага 1919 году на загад Масквы. Напэўна, паўплывала тое, што літовец-бальшавік Капсукас быў вядомай асобай у тагачаснай РКП(б): шмат гадоў правёў на царскай катарзе і ў вымушанай эміграцыі, асабіста быў знаёмы зь Леніным і Сталіным.

Гэта была дзіўная рэспубліка. Здавалася б, мінула ўсяго паўтара месяца, як была створана ССРБ, і тут — такая раптоўная і вокамгненная «інтэграцыя» з паўночнымі суседзямі аж да поўнай зьмены ўсіх дзяржаўных інстытуцый. Зразумела, што ні ў беларусаў, ні ў літоўцаў ніхто пра іхныя жаданьні не пытаў: Маскве проста было важна стварыць буфэр паміж РСФСР і толькі што паўсталай і варожа настроенай супраць бальшавізму Польшчай.

Ва ўрадзе ніводнага беларуса

Колькасна і тэрытарыяльна ў новай рэспубліцы пераважалі беларусы і беларускія землі. Але ніводзін зь беларускіх нацыянальных дзеячаў у склад кіраўніцтва ўраду чамусьці ня трапіў. Першага старшыню ўраду ССРБ Зьмітра Жылуновіча ў Літбеле не зрабілі нават народным камісарам. Працоўнымі мовамі ў рэспубліцы былі літоўская, расейская і польская — на іх пісалі дакумэнты і выдавалі літаратуру. Ды і сама назва новай рэспублікі была ўтворана насуперак усім алфавітам (чамусьці менавіта «Літоўска-Беларуская», а не «Беларуска-Літоўская»).

Сучасьнікі ўспаміналі, што Міцкявічус-Капсукас пасьпяхова супраціўляўся рэвалюцыйнаму тэрору, распаўсюджанаму ў той час на іншых тэрыторыях, дзе кіравалі бальшавікі, і ахвотна прыцягваў да працы ў камісарыятах літоўскую нацыянальна арыентаваную інтэлігенцыю, напрыклад удзельніка Літоўскай Тарыбы Басанавічуса ці пісьменьніка і ксяндза Тумаса-Вайжгантаса.

Вінцас Міцкявічус-Капсукас

Цяжка сказаць, як бы склалася далейшая гісторыя Літбела, калі б не імклівы наступ на ўсход польскіх легіёнаў. Ужо 8 красавіка палякі занялі Вільню, крыху пазьней — Ліду, Наваградак, Баранавічы. Кіраўніцтва Літбелу пераехала ў Менск, але неўзабаве (8 жніўня) Менск таксама занялі польскія войскі.

Фактычна гісторыя Літоўска-Беларускай ССР на гэтым і скончылася, хоць дэ-юрэ яна яшчэ працягвала існаваць да ліпеня 1920 году. 12 ліпеня 1920 году савецкая Расея падпісвае зь Літвой дамову, паводле якой перадае Літоўскай Рэспубліцы шэраг беларускіх тэрыторый уключна з Горадняй, Шчучынам, Ашмянай, Лідай, Смаргонямі, Паставамі... Паўднёвая мяжа Літвы з БССР згодна з гэтай дамовай павінна была пралегчы па Нёмане. Пры гэтым у беларусаў ніхто ні пра што не пытаўся: проста паставілі перад фактам. Ад Літвы Масква патрабавала ўзамен толькі нэўтралітэту ў вайне з Польшчай і зьнішчэньня на сваёй тэрыторыі «антысавецкіх арганізацыяў і групаў», у тым ліку органаў БНР.

Пазьней гэтая дамова была важным аргумэнтам літоўскага боку пры вызначэньні ў 1939 годзе савецка-літоўскай мяжы і далучэньні да Літвы шэрагу новых тэрыторый, — пасьля таго, як у выніку пакту Молатава — Рыбэнтропа Трэці рэйх і СССР падзялілі паміж сабой акупаваную Польшчу. Да межаў, вызначаных 12 ліпеня 1920-га ў Маскве, Літва, праўда, ужо не вярнулася, аднак ладны кавалак земляў, якімі да верасьня 1939 году валодала Польшча, ад Савецкага Саюзу яна ўсё ж атрымала.

Што да першага і апошняга кіраўніка Літбелу Міцкявічуса-Капсукаса, то далейшы лёс яго і ягонай сямʼі склаўся драматычна. Жыў у Маскве, быў актыўным дзеячам Камінтэрну, рэдагаваў літоўскія камуністычныя газэты. У 1935 годзе ва ўзросьце 54 гадоў раптоўна памёр у маскоўскім шпіталі. Ягоную жонку ў 1937-м арыштавалі і расстралялі за «трацкісцкую дзейнасьць». Траіх малых дзяцей, якія засталіся сіротамі, выратавала цётка — інакш бы іх чакаў дзіцячы дом для дзяцей «ворагаў народу».

У лесе пад Друскенікамі, у адной кампаніі са Сталіным і Дзяржынскім

У сёньняшняй Літве імя Міцкявічуса-Капсукаса амаль забыта. Горад Капсукас яшчэ ў 1989-м зноў стаў Марыямполем. Тады ж ягонае імя зьнікла з назвы Віленскага ўнівэрсітэту. Бронзавы Капсукас з цэнтру Вільні пераехаў у парк Грутас пад Друскенікамі, недалёка ад мяжы зь Беларусьсю — своеасаблівы музэй таталітарнай скульптуры, дзе ён зноў апынуўся ў адной кампаніі зь Леніным, Сталіным і Дзяржынскім, як калісьці.

У школьных падручніках і гістарычных атлясах для літоўскіх дзяцей няма ані згадкі ні пра Літбел, ні пра кіраўнікоў гэтай рэспублікі. А вось у падручніках для беларускіх школьнікаў гэтая тэма засталася да сёньня.

Cтаронка пра Літбел са школьнага атляса «Гісторыя Беларусі»

Калі азіраесься на не такую ўжо далёкую гісторыю савецкай Літвы і савецкай Беларусі і параўноўваеш асобы кампартыйных правадыроў у Вільні і Менску, то немагчыма не заўважыць, як істотна адрозьніваліся адны ад другіх, нягледзячы на нібыта адну ідэалёгію і аднолькавыя функцыі. Так, літоўскія першыя сакратары таксама былі «прававернымі» камуністамі, але адначасова і літоўцамі, якія, як маглі, абаранялі перад Масквой свае нацыянальныя інтарэсы і каштоўнасьці. Гэтая эстафэта ў Літве пасьлядоўна перадавалася — ад Міцкявічуса-Капсукаса і аж да Альгірдаса Бразаўскаса, апошняга кіраўніка Кампартыі Літвы. Гэта пры ягоным лідэрстве партыя падтрымала рух Літвы да незалежнасьці, а сам ён — былы першы сакратар ЦК КПЛ — у 1993 годзе ў выніку ўсенароднага галасаваньня быў выбраны прэзыдэнтам краіны, а потым, пасьля першай кадэнцыі, добраахвотна адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў прэзыдэнцкай гонцы, каб саступіць дарогу маладым.

Дэмантаж помніка Міцкявічусу-Капсукасу ў 1990-м годзе

Цяжка ўявіць, каб падобным жа чынам у БССР склаўся лёс апошніх кіраўнікоў рэспублікі Яфрэма Сакалова ці Анатоля Малафеева. І менавіта таму, што дзеячамі партыйнымі яны былі, а вось нацыянальнымі беларускімі — ніколі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(12)