Інкамунікада — «бяз права перапіскі». Як Лукашэнка вярнуў у турмы для палітычных сталінскія парадкі

Новае слова ў праваабаронцаў, інкамунікада (поўная ізаляцыя ад вонкавага сьвету), насамрэч ня мае дачыненьня да нейкіх навацыяў у турэмнай сыстэме, піша Сяргей Дубавец на Радыё Свабода.

Наадварот, яно сьцірае розьніцу паміж сёньняшняй вязьніцай і турмою сталінскіх часоў. Тады гэта называлася «бяз права перапіскі».

Інкамунікада стаіць у адным шэрагу з гвалтоўным зьнікненьнем — як злачынства супраць чалавечнасьці.

Што не ўкладаецца ў галаве

Успамінаю, як у канцы 1970-х, у студэнцкія часы, я ўпершыню сутыкнуўся са згадкамі пра сталінскія рэпрэсіі. Гартаючы даведнік «Пісьменьнікі Савецкай Беларусі», заўважыў, што ў біяграфіях многіх творцаў дата сьмерці — 1937 год. Там стаяла слова «памёр». Але ж, як правіла, гэта былі маладыя людзі. Паэты, празаікі, драматургі...

Было адчуваньне, што дакрануўся да нейкай вялікай таямніцы, але ня меў ведаў, каб зразумець яе. А дапусьціць, што іх расстралялі, у канцы 1970-х, у тым застойным, але мірным часе, калі пра гэта нідзе не гаварылі і не пісалі, я ня мог. Ніякіх сталінскіх рэпрэсій для мяне папросту ніколі не было.

Першыя зьвесткі пра гэта неўзабаве данесла Радыё Свабода, якое тады моцна глушылі. У савецкіх СМІ тэма была таксама наглуха закрытая.

У цэлым ня будзе нацяжкай сказаць, што маё пакаленьне нічога пра гэта ня ведала, пагатоў пра масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі. Калі хтосьці і ведаў, то маўчаў. Мы былі цалкам ізаляваныя ад гэтай страшнай старонкі нашай гісторыі.

Зьнялі табу з тэмы толькі ў канцы 1980-х, пры Гарбачову. Тады ж зьявіліся факты пра Курапаты (у кожным горадзе Беларусі — свае), паўстала таварыства памяці ахвяраў «Мартыралёг Беларусі», загучалі заклікі да суду над камунізмам і адкрыцьця архіваў КГБ.

Але з прыходам Лукашэнкі нават той слабы цурок інфармацыі быў перакрыты. Сёньня ён зноў наглуха задраены ў публічнай прасторы Беларусі, як і архівы КГБ.

Словам, на нацыянальны ўзровень тэма выведзеная не была, у школьныя праграмы ня трапіла. У выніку для большасьці беларусаў яна засталася невядомай. Нацыя не перапрацавала гэты свой трагічны досьвед «на шырокім экране», не засвоіла.

Тым часам у нашых суседзяў, у чатырох краінах, якія выбралі шлях дэмакратыі, дзе адкрылі архівы КГБ і ўключылі гэта ў адукацыйныя праграмы, паўтарэньне трагедыі не ўяўляецца магчымым.

Да прыкладу, у Вільні ў былым будынку КГБ Літоўскай ССР працуе Музэй савецкай акупацыі і барацьбы за свабоду. Літоўцы пачуваюцца падрыхтаванымі да спробаў рэваншу русыфікацыі, бо яны ўсе ведаюць, што гэта такое.

Беларусы ня ведаюць і не падрыхтаваныя. І сёньняшняе здранцьвеньне ад навінаў пра палітвязьняў нагадала мне пра ўласнае зьдзіўленьне ў канцы 1970-х, калі я ня мог справіцца са сваім адкрыцьцём таго, што не ўкладалася ў галаве.

Між іншым, і прыход Лукашэнкі да ўлады быў абумоўлены нашым няведаньнем, бо гэта і быў рэванш русыфікацыі, які зноў дайшоў да свайго найвышэйшага пункту, напаўняючы турмы «палітычнымі» і трымаючы палітвязьняў у поўнай ізаляцыі.

Таямніца архіваў КГБ

Архівы крыху прыадкрылі ў часы Станіслава Шушкевіча — і зараз жа закрылі зноў. Здавалася б, каму тут якая рацыя: іншыя часы, іншая ўлада, якая ні за што колішняе не адказвае, ды й ня можа ізноў пачацца той кашмар. Высьветлілася, можа.

Што мы даведаліся за той кароткі пэрыяд прачыненых дзьвярэй КГБ? Да прыкладу, пра лёс Браніслава Тарашкевіча, якога паводле дакумэнтаў ужо расстралялі, але працягвалі катаваць і паказваць іншым як «наглядны дапаможнік» — што будзе зь імі. «Калі з прафэсарам Тарашкевічам так можна, дык што будзе са мною?» — жахаўся які-небудзь студэнт.

Адбыўся экзыстэнцыйны правал цэлай нацыі ў расейскую пастку, у якой, ня ведаючы пра папярэднюю, беларусы апынуліся зноў. Там, дзе зьнікаюць усе сэнсы і эмоцыі жыцьця, дзе чалавека ператвараюць у паўжывы кавалак мяса...

Ад вынаходак сталінскіх катаў валасы становяцца дуба, а мы ўжо чуем сёньняшнія споведзі вязьняў, якія выйшлі на волю, і наша рэакцыя тая самая: здранцьвеньне.

Ну праўда ж, цяжка паверыць, што чарговы раз Паліне Шарэндзе-Панасюк працягнулі тэрмін на год. Ад пачатку не зрабіўшы нічога супрацьпраўнага, што такога яна магла зрабіць у турме? А чаму Марыя Калесьнікава за час зьняволеньня стала важыць 45 кг? Чаму пра Ціханоўскага не чуваць нічога ўжо 600 дзён?..

Тыя суседзі, якія адкрылі архівы КГБ, узброіліся нацыянальнай памяцьцю — «каб ніколі зноў». У Расеі — «можам паўтарыць». У нас — інкамунікада і безэмацыйнасьць.

Помста Лукашэнкі

Пазбаўленьне сувязі з вонкавым сьветам лічыцца злачынствам супраць чалавечнасьці, бо гэта апагей катаваньняў. Чалавек развучваецца гаварыць, ператвараецца ў расьліну, у той самы жывы труп. Прынамсі, такая мэта ў катаў. Ці ёсьць нейкі, хай сабе самы злосны, сэнс у гэтым паўтарэньні сталінскіх практык?

Сталін ствараў утопію, яму патрэбен быў аднародны статак шчасьлівых будаўнікоў камунізму. Для гэтага ў рэжым інкамунікада быў пастаўлены ўвесь тагачасны СССР — поўная ізаляцыя ад вонкавага сьвету. І цэлая армія ангажаваных выканаўцаў. Народ вынішчалі цэлымі сацыяльнымі клясамі і, як тады казалі, праслойкамі.

А навошта гэта Лукашэнку — у адносна адкрытай краіне, з разьвітымі СМІ ў інтэрнэце, зь вялізнай эміграцыяй, гатовай да салідарных дзеяньняў?

Беларусы ў цэлым — нармальны эўрапейскі народ, які не зьбіраецца нічога «паўтараць». Беларусь немагчыма ўсю паставіць на рэжым інкамунікада. Пагатоў усе разумеюць, што палітвязьні нічога благога не зрабілі.

Адзінае, чым гэта можна патлумачыць — сьляпой помстай за даўно страчаны давер, вярнуць які ніякім спосабам Лукашэнка ўжо ня здольны. Прычым гэта ягоная асабістая помста, бо нікому больш гэта не патрэбна.

Ужо тое, што мы ўсе ведаем пра інкамунікада, сьведчыць, што ў захаваньні таямніцы не зацікаўлены ніхто, у тым ліку ахоўнікі, якія «толькі выконваюць загад» і атрымліваюць заробак.

Ня ведаю, ці адчувае Лукашэнка задавальненьне ад ізаляцыі сваіх апанэнтаў, але фантазіі ні на што іншае ў сабе ён не знаходзіць. Нейкім містычным чынам гэта новае слова «інкамунікада» рыфмуецца зь ягонай выбарчай праграмай, адрасаванай выключна самому сабе і сканцэнтраванай у кароткім і бессэнсоўным «флэшмобе» па ўсёй краіне: «надо»...