Інаўгурацыя Пуціна: Лукашэнка як Мядзьведзеў
Што адбудзецца ў двухбаковых адносінах у бліжэйшыя 6 гадоў, да наступных чарговых прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі? Ну шмат чаго можа адбыцца. За мінулыя шэсьць гадоў адбылося столькі ўсяго, адной анэксіі Крыму хапае, каб сказаць, што сьвет вакол Беларусі дзякуючы Расеі зьмяніўся цалкам.
Але менавіта ў двухбаковых адносінах — што зьмянілася кардынальна? Вось калі паглядзець храналёгію гэтых стасункаў 2012-2018. З такога, чаго раней ніколі не было — дык хіба ўтварэньне Эўразійскага саюзу, частковае аднаўленьне памежнага рэжыму і справа Regnum. Ды і тое: Эўразійскі саюз — працяг мытнага, які быў утвораны раней, у двухбаковых адносінах палажэньні ЭАЭС шмат у чым былі яшчэ ў дамове аб утварэньні саюзнай дзяржавы. Новы памежны рэжым — ён для грамадзянаў трэціх краінаў, беларусы ў Расею і расейцы ў Беларусь як езьдзілі і да 2017 году, так і езьдзяць. Справа Regnum — сапраўды знакавая падзея. Але далі ўмоўныя тэрміны і ўсё тым скончылася.
У астатнім — усё як заўжды. Былі вучэньні «Захад-2013» і «Захад-2017», расейцы як прыехалі, так і зьехалі. А да таго былі вучэньні «Захад-2009». А ў 2021-м яшчэ адны будуць.
Харчовыя, газавыя, калійныя, нафтавыя «войны» — колькі іх было да 2012 году, колькі за апошнія 6 гадоў, колькі іх яшчэ будзе наперадзе? Можна пэўна прагназаваць, што нямала. Але яны нешта зьменяць у прынцыпе?
Дарэчы, пары рэчаў, якіх вельмі чакалі (адны — з надзеяй, іншыя — з жахам), не адбылося. У 2010-2011 гадах вельмі горача абмяркоўваліся праекты прыватызацыі дарагіх і ласых беларускіх актываў (так званы «сьпіс Дварковіча»). І дзе тая прыватызацыя? Хоць адно прадпрыемства з таго сьпісу прыватызаванае?
Ці расейская авіябаза. Як ідэя ў 2013 годзе ўзьнікла, так у 2015 годзе была і пахаваная.
Рэакцыя афіцыйнага Менску на палітыку ва Ўкраіне — шмат у чым копія рэакцыі на вайну ў Грузіі. І таксама з выхадам на нармалізацыю адносінаў з Эўразьвязам, якой Масква таксама не была задаволеная. Але і нармалізацыя была ня тое каб інтэграцыяй, і маскоўскае раздражненьне не пераходзіла ў гнеў і помсту «нявернаму» саюзьніку. Ні ў 2008-2010-х, ні ў 2015-2018-х.
Запусьцілі ў Беларусь Спутник — а тое раней расейскія СМІ не пасьвіліся на беларускай інфармацыйнай прасторы, як хацелі. Ніяк кардынальна той Спутник сытуацыю не памяняў.
Не, зразумела, заўсёды застаецца фактар «чорнага лебедзя» — а раптам здарыцца тое, што зараз і у галаву не прыйдзе. Гэта ніколі нельга скідаць з рахункаў. Але мой пункт гледжаньня — што ніякіх вялікіх нечаканасьцяў не прадбачыцца па трэндзе, няма пунктаў, у якіх назіраецца, па Гегелю, павялічэньне колькасьці, якая можа перарасьці ў якасьць.
Не павялічваецца няўхільна, скажам, эканамічная залежнасьць Беларусі ад Расеі, не скупляе расейскі бізнэс беларускую прамысловасьць на карані. Не зьнішчае Рунет Байнэт. Не паўстае магутны прарасейскі рух у Беларусі, «Белоруссия — это Россия» як было палітычным і інтэлектуальным маргінэзам у Беларусі, так і засталося.
Не, ну а калі Пуцін раптам, а хто прадбачыў Крым? — запярэчыць чытач. Ну так, раптам выключаць нельга, але менавіта раптам. Калі ў Беларусі адбудзецца істотны палітычны крызіс, то можна гарантаваць, што Расея не застанецца ўбаку. Аднак нават гэта не азначае, што абавязкова ўлезе ў яго з ботамі. Так, ёсьць досьвед Украіны, але ёсьць і досьвед Кіргізстану 2010 году, і цяперашняй Армэніі. Ня скажаш, што да армянскіх падзеяў Масква абыякавая, але нічога падобнага на крымскую кампанію няма там і блізка.
І гэта нават ва ўмовах вострага палітычнага крызісу. Ну а ня будзе крызісу? То з чаго, зь якой радасьці?
Гледзячы беларускімі вачыма, мы часам ня бачым моцных мэханізмаў, якія прадухіляюць рэзкія ваганьні ў любы бок у двухбаковых адносінах.
Скасаваць беларусам усе субсыдыі, дапамогі і прэфэрэнцыі — як так? Свае ж. Церпіць ад таго расейская казна, дык такое яе прадвызначэньне. А ад Сечына ня церпіць, а ад Дэрыпаскі ня церпіць, а ад Чачні ня церпіць, а ад Крыму, а ад Сырыі, а ад ДНР/ЛНР? Ну мо менш у ёй цяпер грошай, чым раней. Але не прынцыпова менш. Цана на нафта ідзе ўгару, так што грошай ня тое, каб зусім не было.
А зь іншага боку, захапіць, расейскі сьцяг узьняць над Менскам — а навошта, зь якой матывацыі? Украіну ў 2014 годзе прымушалі да чаго? Каб уступіла ў Эўразійскі саюз. А згвалцілі потым за што? За тое не ўступіла ў саюз, за тое, што ня стала, фігуральна кажучы, Беларусьсю. Дык Беларусь — ужо Беларусь.
Класковский: «Кремль не так уж крут. Съедает плюхи и от белорусского руководителя»
Вось у гэтых самаабмежаваньнях і бʼецца крамлёўская палітычная думка. Можа, часам і хочацца нечага большага ад Беларусі, але непрынцыпова іншага. І цана і рызыкі дасягненьня гэтага большага кожны раз здаюцца большымі, чым перавагі захаваньня таго, што ёсьць.
Пакуль прырода рэжымаў у Беларусі і Расеі будзе заставацца такой, якая ёсьць, пакуль іх будуць узначальваць Лукашэнка і Пуцін, якія з гадамі не маладзеюць, імпэту нешта мяняць у двухбаковых адносінах у іх ня будзе.
Дарэчы, даволі знакавае першае рашэньне Пуціна — Мядзьведзеў again. Ужо колькі пра яго сказана і лібэраламі, і патрыётамі, ужо наколькі выглядала недарэчным трымаць «на гаспадарцы» аўтара бессаромнага: «Денег нет, но вы держитесь». А ўсё дарэчна. Свой жа, старая гвардыя.
Ну дык і з Лукашэнкам тое самае.
Так што па трэндзе ніякіх зьменаў не прадбачыцца. Але, паўтаруся, калі ня будзе «чорнага лебедзя». Але «чорны лебедзь» — гэта менавіта тое, што не чакаецца.
О новом сроке Путина: «Для Беларуси это очень опасная ситуация»
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное