«Ім цара трэба!» Чаму Пуцін стаў дыктатарам

Хто каго стварыў? Ці гэта Расея вылепіла сабе «з таго, што было», зь неахайнага і непрыкметнага чыноўніка новага «вялікага правадыра», ці сам Пуцін уласнымі раней схаванымі здольнасьцямі разьвярнуў Расею ў кірунку «можам паўтарыць»? Меркаваньне Віталя Цыганкова.

– Цяпер мала хто памятае, што на пачатку кіраваньня Пуціна ягоная палітыка — і ўнутраная, і замежная — была зусім не такая, якую мы бачым апошнія гадоў 10, – піша Цыганкоў. – Ён заяўляў, што Расея — эўрапейская краіна; казаў пра магчымасьць уступленьня Расеі ў НАТО.

Пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году Масква дазволіла ЗША скарыстаць усю неабходную вайсковую інфраструктуру для апэрацыі супраць Аль-Каеды, — карацей, Пуцін тады праводзіў дастаткова празаходнюю палітыку. У першы год свайго прэзыдэнцтва ён чатыры разы езьдзіў у Вялікую Брытанію, нават пасябраваў з тагачасным брытанскім прэм’ерам Тоні Блэрам.

У артыкуле 30 сьнежня 1999 году, за дзень да таго, як Ельцын перадаў яму прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, Пуцін, будучы прэм’ер-міністрам, пісаў: «Для таго каб дасягнуць душавой вытворчасьці ВУП на ўзроўні сучасных Партугаліі і Гішпаніі — краін, якія не адносяцца да лідэраў сусьветнай эканомікі, нам спатрэбіцца прыкладна 15 гадоў пры тэмпах прыросту ВУП ня менш як 8% у год». Адтуль і зьявіўся мэм «дагнаць Партугалію». І першыя гады ўраду Касьянава пры прэзыдэнту Пуціну расейская эканоміка расла хуткімі тэмпамі, праводзіліся дастаткова лібэральныя эканамічныя рэформы.

Але ўжо тады, на пачатку нулявых, патрыёты і імпэрцы злосна кпілі з гэтага «дагнаць Партугалію» і з самога Пуціна. Эканамічны рост — ня годная задача для лідэра нацыі, які мусіць дбаць пра веліч Расеі і набліжаць рэванш за паразу ў халоднай вайне.

Вядома, можна задацца пытаньнем — ці быў Пуцін тады, на пачатку нулявых, шчырым у сваёй празаходнасьці і эканамічных рэформах, ці ён проста «прыкідваўся», разумеючы, што пакуль Расея слабая, трэба набрацца сіл і дачакацца моманту для развароту ў бок «сувэрэннай дэмакратыі» і гістарычнага рэваншу. Іншымі словамі, хто каго стварыў? Ці Расея вылепіла сабе «з таго, што было», зь неахайнага і непрыкметнага чыноўніка новага правадыра, ці гэта Пуцін сваімі раней схаванымі здольнасьцямі разьвярнуў Расею ў кірунку «можам паўтарыць»?

Асабіста для мяне адказ даволі відавочны.

Не было ніякага загадзя прадуманага пляну, ніякай змовы — выбар менавіта Пуціна адбыўся дастаткова выпадкова і стаў вынікам клясычнага зьбегу абставінаў. «Максымум — два гады», — казаў Пуцін, калі яму паведамілі, што ён будзе прэзыдэнтам, а адмовіцца нельга. Ёсьць шмат дастаткова шчырых сьведчаньняў ад самых розных людзей, што ён сапраўды не хацеў быць прэзыдэнтам, нават прэм’ерам не хацеў станавіцца.

Прытым Пуцін ніколі ня быў чалавекам зь нейкай жалезнай воляй, моцным аўтарытарным складам характару, яркімі прамоўніцкімі здольнасьцямі. «Дэмакратыі зьяўляюцца больш жыцьцяздольнымі і эфэктыўнымі», — кажа Пуцін у 2000-м, праз год пасьля абраньня, у фільме рэжысэра Віталя Манскага «Свидетели Путина». «Ён увогуле не прымае рашэньняў. На яго ўплываюць усе», — казаў у інтэрвію Гардону пра Пуціна банкір Сяргей Пугачоў, які ад 1996 году штодня кантактаваў з Пуціным і добра яго ведае. Пуціна, паводле шматлікіх сьведчаньняў, заўсёды больш цікавілі грошы і камфорт.

Але сама Расея, зь яе «гісторыяй і геаграфіяй», як чорная дзірка, зь любога дробнага чалавечка на вяршыні ўлады празь некалькі гадоў «зьлепіць» вялікага дыктатара. Калі кіраўнік Расеі ня хоча быць царом (Ельцын, Гарбачоў, Хрушчоў) — расейскі народ яго не ўспрымае як «сапраўднага» лідэра. Яго рэйтынг падае, ніхто яго ня любіць — ні «глыбінны народ», ні патрыёты, ні намэнклятура.

Ані Хрушчоў, ані Гарбачоў для большасьці расейцаў як улада не выглядалі. Каб быць папулярным, каб адчуваць сваю ўладу ў бясьпецы, расейскі лідэр павінен саджаць апанэнтаў, «мачыць у сарціры» ворагаў і заваёўваць новыя тэрыторыі.

Ельцына і Гарбачова асяродзьдзе пераконвала, што, каб захавацца ва ўладзе, трэба стаць дыктатарам. Ельцыну прапаноўвалі то выбары адмяніць, то свабоду прэсы прыдушыць — ён не згаджаўся. Бо Ельцын быў моцнай асобай, ён мог супраціўляцца, ён хацеў застацца са сваімі прынцыпамі канца 80-х. Пуцін быў слабой асобай, у яго не было ніякіх прынцыпаў — гэта найлепшы чалавечы матэрыял для таго, каб зьляпіць дыктатара. Пуцін не захацеў супраціўляцца расейскаму лёсу. Празь некалькі гадоў ва ўладзе менавіта такія, слабыя і шэрыя людзі з дапамогай асяродзьдзя пачынаюць верыць у свой геній, веліч і ўсёдазволенасьць.

Той жа банкір Пугачоў прыводзіць такі эпізод. Пуцін расказвае, як 50 тысяч чалавек сабраліся каля Лаўры ў Пецярбургу і лезуць цалаваць яму рукі. «Мянты іх дубінкамі лупяць. А яны лезуць, за руку хапаюць і цалуюць. А ты мне гаворыш пра дэмакратыю. Ім цара трэба, яны цара хочуць», — казаў Пуцін Пугачову.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(30)