Культурны працэс

Марына Міхайлава

Ілля Ясінскі: «Куды б ты ні йшоў – важным застаецца ісці да сябе»

Былы акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі распавёў «Салідарнасці» пра «Карчму 1863», шлях да беларускасці па-за межамі краіны, тэатральнае жыццё і спосабы выйсця з дэпрэсняку.

Фота: Наша Ніва

Напачатку 2023 года Ілля Ясінскі разам з паплечнікамі адкрыў у Вільні «Карчму 1863». Не толькі як бар, але і як месца прыцягнення беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і ўсіх тых, каго прываблівае наша супольная гісторыя і нацыянальныя кухні. Неўзабаве ўстанове споўніцца два гады.

Дзея першая, карчомная

— Віншаваць пакуль, канешне, зарана, — гаворыць Ілля. — Справы ідуць, як бы гэта лепш сказаць, калдобінамі — бываюць розныя моманты: і больш удалыя, і вельмі-вельмі цяжкія, калі наогул мы ставiлi перад сабой пытанне, ці працягваць працу карчмы далей.

Праблемы, з якімі мы сутыкнуліся,таксама яшчэ не завершаныя, пакуль што выплочваем усякія даўгі i крэдыты.

Але, безумоўна, ёсць тое, што атрымалася i атрымлiваецца: гэта стварыць прастору, напоўнiць пэўнай атмасферай месца. I гэтая змястоўная частка каштоўнасцяў, якія мы штодня траслюем, пакуль перавешвае i перамагае фiнансавыя i паперавыя калдобiны.

— Але пагроза закрыцця, знікнення «Карчмы» з віленскай мапы — яна-то знікла?

— Адназначна сказаць нельга, пакуль хістаемся. Калі працаваць самастойна, без персаналу, то як быццам усё добра, наўскiдку значна стабiльней i спакайней.

Але мы ад пачатку вырашылі, што хочам не вузка глядзець на «Карчму». Таму важным было мець каманду, каб не толькі стаяць на бары і калі-некалі падмяняць іншым супрацоўнікам, але і займацца іншымі справамі: ствараць тэматычныя iмпрэзы, гастрафэсты, абнаўляць сезоннае меню, спеўны ход, лекцыi i гэтак далей.

— Не так даўно мы гутарылі з Аляксандрам Кныровічам, які мяркуе: установа грамадскага харчавання з нацыянальнай кухняй — гэта наогул не пра бізнес, хутчэй, пра брэнд, пра культуру. Згодны з ім?

— Так, згодны. Але гэта сталася, мяркую, шмат у чым з-за таго, што бізнесу ў Беларусі проста не давалі развівацца. Калі з 1994 года мы пайшлі б іншым шляхам, то сёння было б значна больш нацыянальных бізнесаў, і тэатр у нас быў бы прыбытковы, і можна было б жыць не толькі датацыямі: былі б і прыватная тэатры, і праектныя. І ў такіх варунках, мяркую, нацыянальная ежа, нацыянальныя кухні маглі б таксама стаць бізнесам.

Фота www.1863.lt і з інстаграма «Карчмы 1863»

Мы бачым гісторыю ва Украіне з нацыянальным бізнесам: яго падтрымліваюць, і ён становіцца цікавым, модным, маладзёвым, але і ў сталых людзей таксама запатрабаваным, ёсць свая ніша, свой спецыфічны культурны складнік, які ўсiм можа быць цікавым.

Думаю, праблема ў тым, што мы развіваліся насуперак, а не дзякуючы. I не толькi ў пытаннях нацыянальнай кухнi.

— У эміграцыі, у  прынцыпе, тое самае. Адкуль узяць сілы на развіццё бізнесу, калі то паўстаюць хвалі з «літвінізмам», то вандалы, то абураныя суседзі, якім у прынцыпе любая ўстанова грамадскага харчавання пад бокам не трэба?

—  Яно так. Але ўсё ж, я думаю, вельмі добра, што адбыўся сыход з Беларусі ініцыятыўных, смелых людзей. Так, зараз яны сутыкаюцца з вялікімі колькасцямі цяжкасцяў у розных краінах, і нават ходзіць жарт, што ІТ шукае супрацоўнікаў з адной галоўнай умовай — без дэпрэсіі, «у рэсурсе».

Але разам з тым, перажываючы цяжкасці эміграцыі, мы ўсе сутыкаемся з пытаннем, якое гучыць ужо шмат год: а хто я, хто мы такія, адкуль ідзем і куды?

Гэтыя пытанні лунаюць у нашай культурнай прасторы, і людзі, мне здаецца, у такіх досыць жорсткіх умовах не толькі загартоўваюцца, яны рана ці позна павінны прыйсці да беларускасці.

Пераехаў ты, скажам, у Гішпанію. Ці хочаш ты стаць гішпанцам — ці нават там цябе цягне да лясоў, рэк, песень, арнаментаў, чагосьці свайго, аўтэнтычнага? То бок, на маю думку, вонкавыя цяжкасці і выпрабаванні прывядуць усё ж беларусаў да беларускасці, і тады ўжо будзе ўнутраная патрэба гэтым ганарыцца, развіваць, прымнажаць.

Бо куды б ты ні йшоў, важным застаецца ісці да сябе, да сваiх каранёў.

— А вы, уся каманда «Карчмы», адчуваеце ўжо цяпер гэтую беларускасць, падтрымку супольнасці?

— Гэта ёсць, але больш індывідуальна выяўлена. Мы заўважаем людзей, якія прыходзяць — сем’і ці асобныя беларусы. Супольнасці таксама ёсць, але, мабыць, зараз не час, каб яны былі вельмі вялікія — пакуль што гэта аб’яднанні аднадумцаў, нешматлюдныя, больш утульныя. Але паглядзім: думаю, усё наперадзе.

Гледзячы зараз на тое, якія людзі да нас прыходзяць, якія водгукі яны пакiдаюць пра нашу працу — ужо ёсць адчуванне, што яны ўспрымаюць «Карчму» такім «сваім» месцам, куды можна прывесці сяброў і замежнікаў. І гэта нам вельмі падабаецца.

То бок, гэта пазіцыя не тое каб маё, нікому не аддам («мая карова, і возера маё, і ўсё тут маё»), а «маё-наша» — для беларусаў і пра беларусаў.

— А дарэчы, хто зараз прыходзіць — збольшага беларусы, ці турысты, месцічы, а мо, «агентура»?

— Дарэчы, «агентуры» ўсё меней і меней — можа, перацягваюцца на наш бок? Каб нехта сядзеў і запісваў, хто заходзіць у «Карчму», наогул не было. На пачатку, калі толькі адкрываліся, заўважалі дзіўных персанажаў, — але іх, як і маргіналаў, якія прыходзілі і спрабавалі зацеяць сварку, былі адзінкі.

Канешне, ёсць пастаянныя госці — іх не пераважная большасць, але ёсць, гэта вельмі радуе. Летам было шмат турыстаў. Мы спрабавалі, каб больш палякаў да нас даехалі, і здаецца, гэта атрымалася: пра «Карчму» расказваюць у Польшчы, і людзі прыязджаюць адмыслова па «наводках» сяброў, такое сарафаннае радыё — самая каштоўная рэклама.

А ёсць і літоўцы, якія перыядычна зазіраюць да нас.  Усе афіцыянты беларусы, але адзiн з iх сам вучыў літоўскую мову, тут скончыў школу, здаў іспыты — і калі прыходзяць госці, то ў прыемным шоку пытаюцца, дзе ў Літве ён нарадзіўся. I калi ён абслугоўвае, то лiтоўцы не вераць, што можна самастойна вывучыць мову амаль на ўзроўні носьбіта.

Дзея другая, культурніцкая

— Наколькі я ведаю, «Карчма» — гэта не толькі пра ежу, тут перыядычна адбываецца нейкі варушняк. Вось толькі-толькі вы ўдзельнічалі ў гастрафэсце «Свае», днямі адбыўся Спеўны сход з дударамі і песнямі…

— Сапраўды, з 6 па 15 снежня ішоў гастрафэст «Свае» — гэта шыкоўная ідэя, я лічу. Якраз тыя ініцыятыўныя беларусы, пра якіх мы раней згадвалі, спрабуюць такім чынам таксама нас аб’яднаць, і за гэта шчыры дзякуй.

У нашым меню ў гэтыя дні былі наліснікі, торт «Напалеон» і кава «Як у Цэнтральным». Хто так настальгуе па Цэнтральным? Насамрэч, гэта такая фішачка, адсылка да прыцягальнага месца: амаль усе, хто быў у Менску, калі-некалі ды заходзілі ў «Цэнтральны», а можа, і стаялі за стойкамі ў «акварыуме». Я ў студэнцтве таксама шмат часу там бавіў, калі трэба было схавацца ад холаду.

Так што гэта настальгія не па канкрэтна каве ў «Цэнтральным», з яйкам і каньяком, а хутчэй, па самаадчуванні кожнага з нас i нас разам. Такі смачны набор настальгіі, падмацаваны прыемнымі эмоцыямі i нiбыта агульнымi ўспамiнамi. Таму гастрафэст скончыўся, а каву з яйкам і брэндзі мы пакінулі ў меню.

А некалькі дзён таму зладзілі першы «Спеўны сход» з Сержуком Доўгушавым. Для аматараў фальклору і этнаграфіі гэта вельмі вядомы чалавек, для тых, хто не ведае гэту сферу, скажу так: дзякуючы яму фальклорная музыка, спевы выходзяць у масавую культуру. Гэта і зборнікі традыцыйных песень, і аднаўленне строяў, інструментаў, і мужчынскі хор, і збор спеўных сходаў з тымі, хто хоча пачуць, як спявалі даўней, і сам далучыцца.

Далей плануем недзе раз на месяц таксама збірацца — калі будзе атрымлівацца ў Сяржука па занятасці, то з ім, калі не, то іншым складам. Таму ўсе, каго гэтая тэма цікавіць, сачыце за анонсамі ў нашых сацсетках і далучайцеся. У сацсетках анансавалі і новае зімовае меню (калі што, сярод прапаноў ёсць і аліўе, але ў аўтарскай перапрацоўцы).

Гэтак сама, дарэчы, можна і трэба далучыцца да ўпрыгожвання карчомнай ялінкі: яна стаіць на ніжнім паверсе і кожны ахвотны можа прынесці на яе нейкую цацку — будзем удзячныя і мы, і госці, якія любяць рабіць з гэтай ялінкай атмасферныя фота.

А яшчэ ў інстаграме ёсць Калядны адвент-марафон, таксама створаны беларусамі Вільні. Яны напісалі нам, запрасілі паўдзельнічаць — усімі рукамі i нагамі мы «за» ўсялякае пашырэнне нашай культуры, і вельмі прыемна быць у шаноўнай кампаніі беларускіх культурніцкіх, адукацыйных і творчых суполак.

— Ілля, вы з такім імпэтам пра ўсё гэта распавядаеце, што бярэ шчырая зайздрасць: адкуль вы яго, гэты імпэт і сілы, бераце, нават у тых абставінах, калі рукі апускаюцца?

— Насамрэч быў час, адразу як я апынуўся ў Літве, — нястрымнае жаданне нешта рабіць, пастаянна рухацца, было адчуванне, што я раблю ўсё яшчэ мала, недастаткова. Я набіраў спраў, хапаўся за ўсё, што мог — але чалавечы арганізм не бясконцы, і ў пэўны момант стала зразумела, што проста не хапае фізічных сіл.

Тады ўзяў адпачынак, адклаў усе магчымыя справы, крыху перазагрузіўся. І зараз спрабую не цягнуць усё на свеце, а ўкладаць свае сілы ў тое, што атрымоўваецца.

А што падзараджае цяпер… Не ведаю нават, як пра гэта распавесці.

Фота з сацсетак Іллі Ясінскага

— Нешта настолькі «экстрэмісцкае»?

— Ды не тое каб. Проста такая штука, якую цяжка патлумачыць. Прынцып квантавай суперпазіцыі: калі мы знаходзімся ў квантавай нявызначанасці, зыходзячы з таго, як мяняюцца абставіны, мы таксама можам змяняцца і мяняць сваю дзейнасць. То бок, не перці як танк па прамой, а ў кожны момант быць падрыхтаваным да змены стратэгіі і тактыкі.

І я зараз, хоць не разумею да канца тэорыю — фізікі кажуць, што яны і самі не разумеюць цалкам, — тым не менш, лаўлю пэўную інфармацыю з розных абласцей ведаў і спрабую прымяняць яе да сваёй рэальнасці. Карацей, штука цікавая, займальная i якая дае сiлы, натхненне.

Дзея трэцяя, (амаль) чыста тэатральная

— Летась у вас было вельмі насычанае тэатральнае жыццё: удзел у пастаноўках «Радзіва Прудок», «Ціхары», гастролі па Еўропе і нават па Аўстраліі. Як з гэтым сёлета?

— Пакуль на паўзе. Акцёры, мне здаецца, крыху выдыхнулі і запаволіліся таксама. Але гэта была шыкоўная хваля, якая дазволіла ўсвядоміць прынамсі мне, што і тут, у эміграцыі, тэатр існуе, і можа быць нават больш буйны, чым у Беларусі. Гэта ўражвае і натхняе: дзверы насамрэч адчыненыя, свет цікавіцца рознымі культурамі, у тым ліку беларускай.

І летась сапраўды быў вялікі праект «Сабакі Еўропы» з гастролямі па ўсім свеце — нешта неверагоднае. Драматургічная аснова проста шыкоўная, і час, у які мы выйшлі — праз тыдзень ці два пасля пачатку паслямаштабнай вайны — падавалася б, як можна было гэта прадбачыць?!

Альгерд Бахарэвіч, калі вы гэта прачытаеце — калі ласка, напішыце што-небудзь жыццясцвярджальнае, я ведаю, што пра гэта шмат хто кажа, і гэта ўсё збываецца!..

Калі вяртацца да тэатральных пастановак — стары праект па кнізе Андруся Горвата «Радзіва Прудок» як быццам атрымаў новае жыццё. Частка акцёраў, занятых у спектаклю, засталася ў Беларусі, таму тут мы ўвялі нашых калег: Алега Гарбуза, Ігара Шугалеева, потым Максім Шышко ды Павел Гарадніцкі  з намі гралі, і атрымалася цікавая новая версія старога спектаклю.

«Ціхароў» мы гралі, можа, больш дваццаці разоў — нармальна так для эмігранцкага тэатра. Было б добра працягнуць, але цяжкасць у тым, што ва ўсіх розныя працы, і трэба неяк усіх сабраць, каб супала па часе — прынамсі шукаем вакенца ў лютым, каб паказаць спектакль яшчэ раз.

Сцэна са спектаклю «Гэтамы» паводле Андруся Горвата («Радзіва Прудок»). Мінск, 2019. Архіўнае фота
На прэм'еры спектаклю «Ціхары» ў Вільні, 2023. Фота: Daria Bernstein / DW

А на юбілей Аляксандра Філіпенкі (расійскі актор Аляксандр Філіпенка, які вымушана пакінуў РФ з-за сваёй антываеннай пазіцыі, у спектаклі «Ціхары» паводле сатырычнай драмы беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі сыграў урача, што лячыў былога прэзідэнта — С.), на яго 80-годдзе, мы рабілі на вялікай сцэне чытку п’есы «Гаага» пра ваенных злачынцаў ад Пуціна да звычайнага салдата.

Так што і спрычыніліся да юбілею цудоўнага артыста, і закінулі вуду на магчыма будучы спектакль — спадзяёмся, можа атрымацца што-небудзь цікавае.

— Акцёрскі лёс можа быць вельмі нечаканы. Анатоль Кот з выдатнай адмоўнай харызмай вечна граў усякіх злодзеяў, а Наталля Эйсмант шмат год грае прэс-сакратарку Лукашэнкі, Генадзь Давыдзька мог бы застацца ў памяці як Вітаўт, але загуляўся ў палітыку, Руслан Чарнецкі вось проста зараз асвойвае ролю міністра.

Магчыма, ёсць і ў вас нейкая пакуль няспраўджаная роля, якую вельмі хацелася б сыграць?

— Гадоў сем-дзесяць таму я думаў пра тое, што ў галаве назбіралася столькі розных цікавых ведаў, якімі хочацца падзяліцца — і прымяраўся, а ці мог бы выкладаць у школе? Як бы гэта было, калі б мне задавалі пытанне, чаму трава зялёная і адкуль бярэцца вецер?

Фантазіраваў, як гэта можа рэалізавацца, але меркаваў, што такое амаль неверагодна, ну як гэта, я кіну тэатр. Але ж праходзіць некалькі год, 2020-ы, ад’езд з Беларусі — і тут у Вільні адкрываюць прыватную школу Стэмбрыдж. А я акурат думаў аб тым, што майму сыну было б класна не ў дзяржаўнай школе. І неяк усё склалася, цяпер я працую ў Стэмбрыджу, і гэта адначасова і выклік, і роля, якую яшчэ толькі засвойваю.

Але таксама я марыў і пра нейкі свой бар, месца для беларусаў — і вось яно таксама рэалізоўваецца. Гэта, дарэчы, таксама пра квантавы свет, дзе назіральнік стварае рэальнасць.

Трэба абжыць з гэтым пэўны час, бо і адна, і другая справа ідуць і развіваюцца, ёсць ідэі па іх развіцці, і яны яшчэ не скончыліся. Таму пакуль з новымі жаданнямі пачакаю.

— Ці сочыце за тэатральнымі падзеямі ў Беларусі? На тое, што адбываецца з РТБД, фізічна балюча глядзець.

— Так, але я, пэўна, збольшага ўжо гэта перажыў.

Ілля ў ролі Біскупа Яна (пастаноўка «Кар’ера доктара Раўса», Мінск, 2017 год). Фота з архіваў РТБД
Сцэна са спектаклю «Мудрамер», Мінск, 2019 год. Фота з архіваў РТБД

Ужо калі я сыходзіў, было відавочна, што жыцця тэатру не дадуць. І адсюль вельмі добра гэта бачна, нават не разумееш, на што людзі ўнутры краіны спадзяюцца. Магчыма, унутры ты спрабуеш крыху зашорыцца, схавацца ад рэчаіснасці і прыдумаць сабе, што будзе не так, як яно ідзе, а штосьці гэткае здарыцца.

Яно, напэўна, правільна — надзея павінна быць. Але я ўжо той развал, які адбывацца, у думках перажыў, таму зараз не так моцна перажываю. На жаль, гэта было заканамерна.

Дзея заключная, але не апошняя

— Не магу не задаць гэтае пытанне, улічваючы, што вы працуеце настаўнікам у школе. У Беларусі ў сістэме адукацыі, асабліва сярэдняй, большасць педагогаў — жанчыны, а мужчыны-чыноўнікі толькі гавораць прамовы пра «важнасць выхавання».

Пажыўшы ў гэтай скуры, вы сталі лепш разумець настаўнікаў, важнасць іх працы? Можа быць, змяніліся стасункі з уласнымі дзецьмі?

Класнае пытанне, дзякуй за яго. Бо так і ёсць. Першае — існаванне настаўнікаў-мужчын і ўплыў мужчын на выхаванне, развіццё і хлопчыкаў, і дзяўчат. Зараз я адчуваю, якая гэта вялікая роля і наколькі важна, каб у педагагічным калектыве былі мужчыны — і не толькі фізрукі.

Вельмі крута, што ў Стэмбрыджу ёсць мужчыны-педагогі. І я часам фантазірую, якой стане школа ў Беларусі — на маю думку, гендарны баланс у ёй мусіць быць вялікай часткай, якой трэба надаваць увагу.

Увогуле, прафесія настаўніка вельмі адрозніваецца ад таго, як пра яе расказваюць у педуніверсітэтах 60-70-гадовыя выкладчыкі. Гэта больш жывая і больш творчая субстанцыя, і паколькі хуткасць нашага часу каласальная, а цяперашняе пакаленне дзяцей — зусім іншае, чым былі мы і нашыя бацькі, падыходы да навучання мусяць змяняцца. Трэба, што называецца, трымаць руку на пульсе.

Галоўнае, на мой погляд, не ў тым, чаму ты вучыш, а як i дзе гэтым карыстацца ў рэальным жыццi. Неабходна жаданне знаходзіць новае, вучыцца яму, не баяцца цяжкасцяў, а разглядаць іх, як цікавую прыгоду і магчымасць.

Мне цікава назіраць за іншымі педагогамі і праз гэта выбіраць іншыя патэрны паводзінаў. Часам адчуваю, што ў мяне ўскіпае калі-некалі з-за паводзінаў дзяцей, але — бачу прыклады, як можна адрэагаваць на гэта, вучуся гэтаму таксама.

І чым далей, тым болей разумею, што педагогіка — справа доўгая. Не трэба жадаць і чакаць імгненнага выніку. Але вынікам можа быць і сам працэс, важна таксама i пра гэта памятаць. І калі ты гэта прымаеш і проста рухаешся наперад — вынікі могуць быць шыкоўныя.

Што да сваіх дзяцей, я таксама бачу, як яны змяняюцца, калі не заціснутыя ў рамкі. У школе адчуваецца свабода, у адрозненне ад беларускіх школ. І ў ідэале хацелася б, каб са мной дзеці паводзілі сябе гэтак жа, як без мяне.

— Калі зазірнуць у будучыню: ці хацелася б, каб дзеці вярнуліся ў Беларусь?

— Мне — канешне, хацелася б. Другая рэч — як яны вырашаць самі, бо гэта хоць і маленькія яшчэ, але асобныя людзі, са сваім жыццём. Са свайго боку я зраблю ўсё, каб яны хацелі вярнуцца, бо якой будзе Беларусь будучыні, таксама залежыць ад нашых дзяцей.

Пакуль што гэта адна ў іх з асноўных мараў, але яны, як i я, разумеюць, што зараз зрабіць гэтага не могуць. Але, з іншага боку, тут адкрыты, шырокі свет, вельмі многа розных магчымасцяў і ініцыятыў, у тым ліку і каб прасоўваць беларускую культуру. І гэта адзін з добрых шляхоў выйсця з эмігранцкага дэпрэсняку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(16)