Общество

Марына Міхайлава

Ігар Тышкевіч: «У нас ёсць «неверагодныя» і «ябацькі», якія паміж сабой размаўляць не змогуць, і гэта вельмі выгадная сітуацыя да трэцяй сілы»

У межах спецпраекту «Што далей?» размаўляем з аналітыкам Украінскага інстытута будучыні Ігарам Тышкевічам пра тое, як можа развівацца палітычны крызіс у Беларусі далей, ці доўга чакаць трансфармацыі сістэмы і ад каго яна насамрэч залежыць.

Фота Еўрарадыё

– Перамовы Пуціна і Байдэна, вакол якіх хадзіла так многа перасцярог, прагнозаў і здагадак – на вашу думку, ці зменіцца ў выніку нешта для Беларусі альбо чаканні завяршыліся «вялікім пшыкам»?

– Я спадзяюся, што гледачы, а тым больш аналітыкі, якія сочаць за гэтым самітам, глядзелі выніковыя прэс-канферэнцыи. Падыдйдзем з пункту гледжання ключавых тэмаў, частка якіх агучвалася на прэс-канферэнцыях, а ад часткі бакі сышлі ад любых каментароў.

Такім чынам, для ЗША пункт нумар адзін – гэта Кітай. Натуральна, гэтае пытанне падымалася, але бакі сышлі ад каментароў: Байдэн не адказаў на пытанне па Кітаі, Пуцін таксама, скажам так, лавіраваў. Сыходзячы з гэтага, значыць, што пытанне абмяркоўвалі, але згоды па ім няма.

Пытанне санкцый супраць Ірану і будучыні Ірана, хутчэй за ўсё, уздымалася, але не так актыўна. Злучаныя Штаты хацелі б пашырыць сваю прысутнасць нейкім чынам, але яны не жадаюць траціць грошы на падтрымку хаця б вайсковай стабільнасці.

Для Расіі Аўганістан – таксама праблема,  і Сірыя – адна з пляцовак геапалітычнай гульні. Адпаведна, і Пуцін і Байдэн багата гаварылі пра Сірыю і Аўганістан, і гэта знайшло водгук на прэс-канферэнцыях.

Наступная тэма – Арктыка. Гэта ўкрай важны момант і ўкрай недаацэнены, пытанне не толькі марскога шляху, але і радовішчаў карысных выкапняў, якія знаходзяцца ў гэтым рэгіёне. Неўпарадкаванасць сфер уплыву, сфер эканамічных інтарэсаў у Арктыцы – патэнцыйная зона канфлікту, дзе прыплятаецца ў тым ліку Кітай, таму што Паўночны марскі шлях – пэўная альтэрнатыва лагістычным ланцужкам Кітая.

Сярод іншых важных пытанняў – украінскае, па якім была нават пэўная канкрэтыка: казалі пра мінскія пагадненні, пра дыпламатычны шлях і г.д.

Адно з ключавых пытанняў датычылася кантролю над узбраеннем, стратэгічнай ядзернай стабільнасці – па выніках яго абмеркавання былі дасягнутыя пэўныя дамоўленасці, як і па кібербяспецы, дзе будуць ствараць супольныя рабочыя групы.

Вось шэсць вялікіх тэмаў, перамовы па якіх занялі агулам амаль 4 гадзіны. Ці магла б Беларусь выйсці за часовыя межы пяці хвілін размовы?

Аднак мы ведаем, што пытанне ўздымалася. Цалкам можа быць, што гэта адбывалася так: Байдэн сказаў, што ў Беларусі ёсць крызіс, з чым Пуцін, натуральна, пагадзіўся – таму прэзідэнт ЗША і паведаміў «мы аднолькава глядзім на гэта пытанне».

Што да шляхоў выхаду з крызісу – натуральна, рыторыка Байдэна была пра тое, што трэба прынесці дэмакратыю з удзелам ЗША і Еўрасаюза, а адказ Пуціна – не, даруйце, калі ласка, мы ўспрымаем Беларусь як нашу зону ўплыву, прыносіць дэмакратыю будзем мы. Вось і ўся размова.

– На вашу думку, як будзе развівацца сітуацыя далей – Лукашэнка працягне паціху ўзгадняць дарожныя карты і гандлявацца з Крамлём?

– Лукашэнка будзе намагацца зацягнуць момант падпісання дарожных карт альбо выхаласціць тое, што небяспечна для яго, зацягваць час, гандлявацца з Крамлём – у першую чаргу, па контурах палітычнай трансфармацыі. Тое, што яна будзе, разумеюць сёння ўсе. На гэта цісне Крэмль, на гэта ішоў сам Лукашэнка яшчэ з 2018 года, гэтага вымагае сам палітычны крызіс і ў той ці іншай меры гэтага патрабуюць апаненты Лукашэнкі.

Расія, безумоўна, працісквае ўласны сцэнар, у тым ліку праз актывізацыю палітычнага жыцця, стварэнне прарасійскіх палітычных структур, бо для Расіі ўкрай важна на працягу бліжэйшых 3-4 год увайсці ў Беларусь не толькі эканамічна, але і палітычна, праз партыі, якія будуць прасоўваць расійскую павестку.

Не абавязкова, каб яны бегалі з трыкалорам – дастаткова, каб не паддавалі сумневу неабходнасць «еўраазіяцкага вектару» развіцця Беларусі. Гэта могуць быць і ліберальныя, і дэмакратычныя, і нават аўтарытарнага тыпу партыі – усё адно, галоўнае, каб такія структуры былі і мелі свайго выбаршчыка.

І другое, для Расіі важна працягнуць фармат такой знешняй дэмакратыі, калі ёсць пэўныя элементы свабодных выбараў і ёсць прызначэнне ўраду праз парламенцкую большасць, праз фарміраванне кааліцый.

Калі паглядзець на цяперашняе палітычнае поле Беларусі – мы маем вельмі моцнае, якога ніколі не было раней, ядро праціўнікаў Лукашэнкі – яно неаднароднае, але, калі рабіць парламенцкі зрэз, гэта будзе дзесьці ад 30 да 40%. Ад 25 да 35% будзе, умоўна кажучы, лаялістаў Лукашэнкі. Атрымліваецца, што ні адна, ні другая сіла не набіраюць большасці.

У такім фармаце вялікая пэўнасць трэцяй сілы, якая падтрымліваецца Расійскай Федэрыцыяй, прынамсі медыйна і фінансава – своеасаблівая «залатая акцыя», якая, далучыўшыся ці то да аднаго ці то да другога боку, можа істотна ўплываць на развіццё дзяржавы як тактычна, з пункту гледжання квот ва ўрадзе, так і стратэгічна, з пункту гледжання галасавання за геапалітычны вектар развіцця.

Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, бачыць, што ён не паспявае разгарнуць свае палітычныя праекты, бо няма досведу партыйнага будаўніцтва, і хоча максімальна адцягнуць гэты час. Тут, дарэчы, палягае адна з прычын, чаму ўлады стараюцца развесці электаральную кампанію з рэферэндумам па Канстытуцыі – мясцовыя выбары, хутчэй за ўсё, не будуць сумяшчаць з парламенцкімі. Пакуль Лукашэнка проста цягне час, і Расіі гэта таксама не падабаецца.

– Тым больш, па звестках апытання Chatham House, сімпатыі да Расіі ў беларускім грамадстве вялікія…

– Тут я б падзяляў сімпатыі да Расіі і да расійскіх наратываў. У дадзеным выпадку варта апераваць менавіта расійскімі сацыялагічнымі апытаннямі, якія рабіліся ў рэжыме face to face і праводзіліся для так званага Беларуска-расійскага экспертнага форуму. Паколькі гэты зрэз для ўнутранага карыстання, а не ў агітацыйных мэтах, вы разумееце, што расіяне тут не займаліся самападманам.

І вось там крыху іншыя рэчы. На бытавым узроўні сімпатыі беларусаў да Расіі насамрэч высокія. Нават з пункту гледжання інтэграцыі – больш за 60% апытаных гавораць, што інтэграцыя гэта добра, але разумеюць пад ёй павелічэнне гандлёвага абароту. Калі ж гаворка ідзе пра канкрэтныя аспекты – сумесная Канстытуцыя, збліжэнне падатковай, мытнай сістэмы і г.д. – вельмі рэзка падае колькасць сімпатый. Калі ж пад інтэграцыяй разумеюць агульную дзяржаву, то сімпатыі наогул зніжаюцца да 8-9%.

Па маіх ацэнках, электаральныя рэзервы умоўнай прарасійскай партыі складаюць каля 20%, пры вельмі добрай працы расійскіх медыя. І гэтая сіла якраз можа стаць «залатой акцыяй», якая паўплывае на важныя палітычныя рашэнні.

Узор таго, як гэта адбываецца, можна ўбачыць на прыкладзе Малдовы, дзе таксама ёсць фармальная дэмакратыя, але ёсць аналагічныя прарасійскія сілы. Ці ў Арменіі, дзе, нягледзячы на знешнюю перамогу дэмакратыі – памятаеце, як багата ў беларускай прэсе пісалі пра армянскую рэвалюцыю? – татальна ўзмацніўся расійскі ўплыў. І Расіі такі варыянт цалкам падыходзіць, чаму б не.

Ён, безумоўна, не задавальняе нас. Але ў такіх размовах, дзе гавораць пра Беларусь без Беларусі, калі ўнутры краіны няма спроб з абодвух бакоў нейкім чынам перакінуць масткі і размаўляць хаця б з нейтральнымі ўдзельнікамі, – на жаль, гэта дастаткова верагодны працэс.

– Пакуль ідзе імітацыя дыялогу і прапановы «перагарнуць старонку»…

– Тут давайце паглядзім, хто да каго звяртаецца. Калі ўзяць Лукашэнку – ён спрабуе нейкім чынам выйсці на так званае «балота», палітычна нейтральны пласт тых, каму Лукашэнка, магчыма, не падабаецца, але хто будзе абіраць меншае зло.

Атачэнне Лукашэнкі не спрабуе выходзіць, каб зняць грамадскі канфлікт, на ядро сваіх апанентаў – тут хутчэй працягваецца канфрантацыйны сцэнар, каб раздрабіць яго, інфармацыйна дэманізаваць у вачах астатніх.

Такім чынам, у логіцы Лукашэнкі ядро «сваіх» плюс палітычна нейтральныя – дастаткова для перамогі. І ў прынцыпе, гэта можа быць так.

Цяпер возьмем апанентаў. Паспрабуйце згадаць адмысловыя пасылы з боку ці то Латушкі, ці то Ціханоўскай – каго заўгодна з тых, хто называе сябе лідарамі – да пэўных груп уплыву ўнутры Беларусі. Ці ёсць пасыл, напрыклад, як будуць існаваць уладальнікі сельскагаспадарчага бізнесу? Што прапануецца чыноўнікам, акрамя як пераходзіць на бок народу – як будзе забяспечвацца сістэма?..

Таксама няма спроб размаўляць з лаялістамі Лукашэнкі – у нас ёсць «неверагодныя» і «ябацькі», якія паміж сабой размаўляць не змогуць, і гэта вельмі выгадная сітуацыя для трэцяй сілы. Тут пытанне нават не ў тым, каб пагаджацца ці не пагаджацца з падыходамі іншага боку. Пытанне ў тым, каб выслухаць ключавыя пазіцыі – а гэта крыху больш шырокая рэч, чым тое, сыдзе Лукашэнка ці ён застанецца – і працаваць у гэтым полі.

Дарэчы, вяртаючыся да сустрэчы Байдэна і Пуціна, гэта вельмі добры ўрок і прыклад таго, як бакі, якія знаходзяцца з пункту гледжання каштоўнаснага ў антаганістычным стане, спрабуюць знайсці, якім чынам, з аднаго боку, не давесці сітуацыю да вялікіх праблем, а з другога, дзе ёсць агульныя інтарэсы, па якіх можна размаўляць.

А вы можаце ўявіць сабе публічную, перад камерамі, сустрэчу – окей, Лукашэнка не пойдзе ні з кім размаўляць апроч тых, хто сядзіць у ізалятары – але, напрыклад, Савіных і Дабравольскага?

Пры тым самае смешнае, што Савіных да пэўнага часу хадзіў з рознымі ютуберамі, у тым ліку апазіцыйнымі, на размовы. А другі бок? Калі сядзець у жорсткай абароне, а не весці наступ – маю на ўвазе не агрэсіўную рыторыку, а наступ ідэалагічны – то рана ці позна тваю абарону праб’юць і, як у боксе, ты прапусціш некалькі стратэгічных удараў.

– Нават самыя вялікія аптымісты разумеюць, што хуткіх перамен не будзе. На вашу думку, як доўга працягнецца час няпэўнасці, што выматвае кожнага з нас?

– Я перакананы, што ў любым выпадку ў Беларусі будзе палітычная трансфармацыя, якая будзе праходзіць у два этапы. Першы этап – так званы кампрамісны. Ён не задаволіць нікога – ні старыя эліты, маю на ўвазе групу атачэння Лукашэнкі, ні новыя – тыя групы, хто хоча стаць уладай. Але гэта будзе пэўны варыянт кампрамісу, і ён прадоўжыцца поўны электаральны цыкл, цягам якога тэарэтычна можна, пры жаданні размаўляць адзін з адным, выйсці на больш-менш стабільную палітычную сістэму. У агуле палітычны крызіс у шырокім разуменні гэтага слова будзе доўжыцца да 7–8 год.

Калі ўспрымаць яго лакальна, з пункту гледжання масавых выступаў – не думаю, што яны істотна могуць паўплываць на сітуацыю да канца 2021 года. Што думае ўлада, тут вельмі проста: на дадзеным этапе яна спрабуе аднавіць легітымнасць.

Чаго не разумее значная частка нашых людзей, што легітымнасць – паняцце часовае. Бо легальнасць – гэта наколькі законна ты прымаеш рашэнні; а легітымнасць – наколькі тыя, хто мае твае рашэнні выконваць, лічаць, што ты маеш права так рабіць.

І для Лукашэнкі рэферэндум па Канстытуцыі – момант аднаўлення легітымнасці, не поўнага, але частковага. Прычым гэта бяспройгрышны спосаб. Таму што калі будзе сказана па выніках рэферэндуму, што народ прагаласаваў супраць новай Канстытуцыі – Лукашэнка скажа: «Я ж перамог, я прэзідэнт», – а калі прапановы будуць прынятыя – калі ласка, не праблема, «Народ прагаласаваў за прэзідэнцкі варыянт Канстытуцыі, значыць, я перамог».

Далей пачнецца ўжо гандаль за будучую сістэму Беларусі, які працягнецца ў 2022 годзе. Прычым у гэтым годзе могуць быць некалькі вельмі цікавых пастак. Першая – сам рэферэндум. Калі там будуць сапраўды істотныя прапановы па дэмакратызацыі, то пытанне павернецца так – вы выступаеце супраць частковай дэмакратызацыі ці за яе?

Пасля гэтага, натуральна, улада завядзе размовы аб зменах у выбарчым кодэксе, пра што казалі дзяржавы Еўрасаюза. І я не выключаю, што прыйдзе ліст ад адміністрацыі прэзідэнта, напрыклад, Паўлу Латушку ці Святлане Ціханоўскай, з прапановай прыехаць у Беларусь і ўключыцца ў рабочую групу па выпрацоўцы новага кодэксу. Пастаўце сябе на іх месца: прыехаць дзіўна – не прыехаць дзіўна, прапануюць жа размовы аб дэмакратыі, а прыехаць – азначае, што ты ідзеш на супрацоўніцтва са сваім апанентам, умоўна кажучы, на пазіцыю нават не Васкрасенскага, а кагосьці ніжэй за яго...

Атачэнне Лукашэнкі, мяркуючы па прэс-канферэнцыі Пратасевіча, крыху навучылася працаваць на інфармацыйным полі з новымі медыя. І будзе вучыцца далей, і да 2022 года такіх атак па раздрабненні ядра апанентаў будзе шмат – і калі не змяніць стратэгію камунікацыі, апанентаў давядзецца цяжка, іх будуць біць ужо на іх полі.

Згадайце, хто задаваў інфармацыйную павестку ў мінулым годзе: дзесьці з траўня па верасень гэта былі апаненты Лукашэнкі, якія штодня задавалі інфармацыйныя нагоды, і ўлады не ведалі, як на іх рэагаваць. Прыкладна з кастрычніка па снежань ужо быў парытэт. А сёння, калі паглядзець і тэлеграм-каналы, і заявы – вельмі часта гэта рэакцыі ў адказ на нейкія дзеянні беларускіх уладаў, усё менш і менш уласных ініцыятыў, якія ўлады ўспрымалі б як небяспеку і рэагавалі дзеяннямі.

Гэта азначае, што інфармацыйную павестку спрабуюць перахапіць, і атачэнне Лукашэнкі ўсё часцей дэманструе палітычна нейтральным, што жыццё вяртаецца на звыклыя рэйкі, «як было».  Варта паглядзець хоць бы, колькі запланавана ўсякіх фестываляў, музычных вечароў пад адкрытым небам у розных гарадах Беларусі – у адрозненне ад 2020-га, улады не баяцца, што шмат людзей будзе збірацца і прагучаць нейкія «не такія» лозунгі.

– Лічыце, у рэжыму атрымалася вярнуць кантроль, ці ўсё ж гэта ілюзія кантролю над сітуацыяй?

– Гэта спроба яго прадэманстраваць. Другая рэч, што сама сістэма не адпавядае часу, грамадства занадта складанае для старых, архаічных метадаў. Гэта можна параўнаць з тым, як гулец нейкай каманды падчас ЧС па футболе атрымаў невялікую траўму – а яму, груба кажучы, залілі ўсе ногі замарозкай. Вось цяпер а нас такое «падмарожванне».

Але гэта часовая стабілізацыя. Наступным этапам павінна стаць поўная трансфармацыя сістэмы – тое, што плануе зрабіць атачэнне Лукашэнкі ці тое, што будуць рабіць іншыя, калі замарозка разваліцца з-за ўнутраных ці знешніх чыннікаў.

На сёння сітуацыя патавая. Калі казаць пра ціск з боку ЕС, ён будзе ўзмацняцца. Пры гэтым проста ціск, без змены знешняга балансу – таму што, акрамя ЗША і ЕС, ёсць Расія, Кітай, ёсць Турэччына, – не прывядзе да змены сітуацыі па сутнасці, хіба да змены знешнепалітычнага курсу.

Каб зрушыліся ўнутрыбеларускія працэсы, патрэбная змена самой філасофіі камунікацыі. Гаварыць трэба менш пра тое, што мы супраць Лукашэнкі, а больш пра тое, якую Беларусь ты мусіш атрымаць на выхадзе – гэтае пытанне ёсць ключавым, а па ім, на жаль, пакуль што вельмі мала канкрэтыкі.

Улада максімальна заганяе ядро пратэсту ў камунікацыйную рэзервацыю: маўляў, размаўляйце самі з сабой, сварыцеся, а мы пасля будзем з вялікай рэзервацыі рабіць больш дробныя. Пытанне, наколькі гэта бачаць апаненты Лукашэнкі. Ад гэтага багата што залежыць.

Трэба не рэагаваць, а задаваць павестку. І не толькі заклікаць нешта рабіць – а тлумачыць, як. Можна сказаць: давайце пераскочым яміну, па той бок траўка зелянейшая і сонца ярчэй свеціць. Гэта мэта. Але трэба гаварыць пра механізм: мы можам трэніравацца, а можам скочыць здуру, а можам засыпаць яму, ці пакласці нейкае дрэўца, каб па ім перайсці.

Нават абмеркаванне такіх механізмаў ставіць у досыць няёмкае становішча атачэнне Лукашэнкі, бо на сёння яны на гэтым полі манапалісты, і спрабуюць паказаць «мы адзіныя зможам перавесці вас на другі бок, бо ведаем, як». І калі ўлады застануцца манапалістамі, то нават хай іхнія механізмы будуць недасканалымі, але на сёння альтэрнатыў ім няма. Калі мы хочам змяніць баланс сілаў, патрэбная альтэрнатыва – як, куды, якім чынам, з чыёй дапамогай прайсці тую ўмоўную яміну.

Глабальна ў тым, што беларуская палітычная сістэма будзе змененая, можна не сумнявацца. Пытанне ў тэрмінах і алгарытмах. Тое і другое вельмі моцна залежаць ад пазіцыі і актыўнасці бакоў супрацьстаяння ўнутры Беларусі.