Ігар Карней: «За 10 дзён аднойчы звадзілі ў душ – і за гэта дзякуй, многім даводзіцца асьвяжацца над ачком»
Вядомы журналiст, які раней быў на сутках, падтрымаў Вольгу Хіжынкову.
– Напярэдадні галоўны па сталічных турмах наехаў на палітычных: для ўсіх у засьценках умовы камфортныя, і толькі «змагары» вечна незадаволеныя, – пiша Ігар Карней. – Маўляў, самі разводзяць антысанітарыю, не прыбіраюць камэры, ледзь не заражаюць бамжоў педыкулёзам. А таму наце вам – вядро хлоркі для паляпшэньня якасьці жыцьця.
Калі вертухаі ды іх начальнікі прывыклі заліваць хлоркай уласныя парашы – ну дык гэта не значыць, што дзедаўскі спосаб да спадобы ўсім іншым.
Генэральную прыборку ў жодзінскай камэры №13 рабілі праз дзень – за выключэньнем трох першых сутак да суда, калі на 10 месцаў затрамбавалі 20 чалавек і проста не было дзе разьвярнуцца. Ануча валялася каля ўмывальніка, сьметніцу адпачатку дамовіліся выкарыстоўваць для вады. Калі на дзяжурстве быў не зусім адмарожаны ахоўнік, даваў венік.
Перакананы, што ў астатніх палітычных «хатах» было абсалютна гэтак жа – чыстаплотная публіка апрыёры ня можа апусьціцца да стану бамжатніка. За 10 дзён аднойчы звадзілі ў душ – і за гэта дзякуй, многім даводзіцца асьвяжацца над ачком.
Дарэчы, вада з-пад крану катастрафічная, колеру торфу. Хіба для мыцьця падлогі. А піць нешта трэба, бо сапраўдны зьдзек – атрымаць чатыры алюмініевыя кубкі гарбаты на 20 сядзельцаў. Калі на пяты дзень дайшлі перадачы (спецом трымалі ў калідоры, каб падразьніць), дальнабой Дзіма тры разы на дзень ставіў на кран «фільтр» з ватных кольцаў. Кожны раз балота можна было скалупваць пальцам.
У канцы мінулай восені хлоркай яшчэ не залівалі. Якія зьмены за гэты час адбыліся ў санітарных нормах, што запатрабавалася труціць вязьняў – галоўны па турмах, відаць, і сам не ў курсе. Спусьцілі каманду – навошта лішні раз замарочвацца? Ну а пасьля таго, як у прыёмным «адстойніку» з пасьцялілі замест дыванка бел-чырвона-белы сьцяг, і начальства зусім ня супраць, няўжо можна яшчэ нечаму дзівіцца?
Так здарылася, што адзін са сваякоў нашай сям'і адбывае сур'ёзны тэрмін у Літве. Умовы ў параўнаньні з беларускімі – проста санаторныя. Аказваецца, каб пакараць чалавека за жыцьцёвыя памылкі, не абавязкова яму ствараць скоцкія ўмовы – праганяць праз «дубінкавы калідор», учыняць хлорныя атакі, рабіць начныя пераклічкі, катаваць шансонам і гімнам, пазбаўляць перадачаў.
Адарваньне ад звыклага асяродку – ужо пакараньне... Зрэшты, якой спагады чакаць ад садыстаў з правам на ўседазволенасьць?
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное