Общество
Анастасія Зелянкова

Ідэолагам мрояцца вусатыя вавёркі

“Вусатая тэма” апошнім часам набывае ўсё большую папулярнасць у сюжэтах дзіцячых калыханак дзяржаўных каналаў. Літаральна дзесяць дзён прайшло з таго часу, як на тэлеканале СТВ у перадачы “Добры вечар, малыш” адзін з лялечных персанажаў з’явіўся ў кадры з накладнымі вусамі. 20 лютага “вусатую эстафету” перахапіў тэлеканал “Лад”. У праграме “Калыханка” дзеткам расказвалі казку на ноч... вусатая вавёрачка і вусаты мядзведзік.

Такое пераўвасабленне лялечных тэлевядучых стваральнікі праграмы задумалі, каб патлумачыць маленькім гледачам сэнс прыказкі: “Самі з вусамі”. Дзіўна, што для гэтай мэты яны вырашылі ўпрыгожыць жывёл менавіта чалавечымі вусамі.

Аднак трэба аддаць належнае сцэнарыстам: у адрозненні ад калег з СТВ, трактоўка сюжэта ўжо не падавалася настолькі двухсэнсоўнай. У канцы перадачы героі радасна праспявалі досыць ідэалагічна вытрыманую песеньку, якая завяршалася радкамі: “Усё мы робім самі, і таму з вусамі” (гэта, відаць, пра выбарчую сістэму ў нашай краіне) і з пачуццём выкананага абавязка развіталіся са сваімі гледачамі.

Тое, што за невялікі прамежак часу ўжо другі дзяржаўны тэлеканал актыўна выкарыстоўвае для дзіцячых праграм “вусатых” лялек, цяжка спісаць на выпадковасць. Хаця, не выключана, што апошнім часам супрацоўнікам беларускага тэлебачання і сапраўды пачалі ўжо мроіцца вусатыя вавёрачкі.

Сімвалічна, што ў панядзелак у кадры з лялечнымі героямі знаходзіўся доктар: такое нашэсце вусатых — гэта ўжо стопрацэнтная клініка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)