Общество
Марыя Кавальчук, “Завтра твоей страны”

“Ідэальнай пенсіі беларусам прыйдзецца чакаць 50 гадоў”

Сёння чвэрць жыхароў Беларусі — пенсіянеры. Насельніцтва старэе, колькасць працуючых змяншаецца. Дзяржава шукае ідэальны варыянт пенсійнай сістэмы. Адзін з аўтараў кнігі “Дзяржава і сацыяльная абарона” Міхал Залескі аналізуе якасці новай сістэмы, якая б дазволіла беларусам, выйшаўшы на пенсію, забяспечыць сваю фінансавую незалежнасць. А таксама раіць маладым, як паклапаціцца пра бязбедную старасць.

— Міністэрства сацыяльнай абароны і працы ўжо з наступнага года прапаноўвае пачаць пераход ад размеркавальнай да ўмоўна-накапляльнай пенсійнай сістэмы. На ваш погляд, чаго больш — карысці ці шкоды — будзе ў выніку?

— Перш за ўсё, што сабою ўяўляе ўмоўна-накапляльная сістэма? Пенсія, як вядома, можа быць салідарнай, калі працаздольная частка насельніцтва корміць непрацаздольную, і несалідарнай, калі пра пенсію кожны працуючы павінен клапаціцца сам на працягу жыцця. У чыстым выглядзе ні адзін, ні другі механізм існаваць не можа. Безумоўна, павінна існаваць нейкая мінімальная сацыяльная і мінімальная працоўная пенсія, якая налічваецца за год працоўнага стажу з улікам пасады чалавека, ягонага заробка. Калі такая пенсія чалавека задаволіць, добра. Калі не, тады ў яго павінна быць магчымасць рэгулярна адлічваць нейкую суму на будучую пенсію.

Умоўна-накапляльная сістэма прадугледжвае абавязковую выплату на будучую пенсію. Але тут узнікае шэраг пытанняў. Хто павінен пачынаць назапашваць пенсію з наступнага года? Толькі тыя, хто толькі ўступае ў працоўную дзейнасць, таму што яны адпрацуюць поўны стаж? Ці таксама і тыя, чый пенсійны ўзрост надыдзе праз 15-20 гадоў? Патрэбна вызначыць кропку адліку.

Акрамя таго, ёсць пытанне, якую суму ад свайго заробка павінен адлічваць працуючы на будучую пенсію — адвольную ці фіксаваную. Калі фіксаваную, дык з улікам чаго? І вось тут мы сутыкаемся з праблемай агульнаэканамічнай стабільнасці ў краіне. Калі б наша дзяржава развівалася ўстойліва, як, напрыклад, Швейцарыя альбо Ісландыя, тады працуючы мог бы нейкую частку свайго заробка адкладваць на будучую пенсію і быць упэўненым, што праз 20 гадоў ягоныя грошы яму і вернуцца. А ў беларусаў такой упэўненасці няма.

— Беларускія рэфарматары прапаноўваюць пачынаць з адліку аднаго дадатковага працэнта з заробкаў працоўных у Фонд сацыяльнай дапамогі…

— Улада можа прапаноўваць, што заўгодна. Але колькі ёй жыць засталося, яна сама не ведае. У Беларусі няма механізму пераемнасці ўлады, ён парушаны. Чалавеку сёння 20 гадоў, і калі прыйдзе час яму выходзіць на пенсію, сённяшнія гаранты, магчыма, ужо адыдуць у іншы свет. Калі ягоныя грошы яму не вернуць, каго ён можа прыцягнуць да адказнасці? Такія прыклады ў гісторыі нашай краіны ўжо былі.

Другі момант. Пры пераходзе на ўмоўна-накапляльную пенсію вялікае значэнне мае стан сямейнага бюджэту. Што чалавек можа ўносіць на сваю будучую пенсію, калі ягоныя дзеці грошы з’ядаюць хутчэй, чым ён паспявае іх зарабіць? Таму, напрыклад, я (і мяркую, большая частка насельніцтва) не з’яўляюся прыхільнікамі такой пенсійная сістэмы. Большасць беларусаў жыве па прынцыпе “што будзе, тое будзе”.

Акрамя таго, пераход на ўмоўна-накапляльную сістэму залежыць ад форм захавання пенсійнага рэсурсу, ягонай капіталізацыі. Прасцей кажучы, куды ўкласці грошы насельніцтва, каб яны працавалі. У савецкі час абарот пенсійнага фонду складаў 250 дзён. Сёння гэты тэрмін скараціўся настолькі, што, па некаторых прагнозах, складае толькі тыдзень-два. Грошай пенсійнага фонду хапае толькі на выплаты пенсій.

І, урэшце, рэфармаванне звязана таксама з тэхналагічнай гатоўнасцю дзяржаўнага апарату, з вялікімі інфраструктурнымі ўкладаннямі. Хто і якім чынам будзе праводзіць улік адлічэнняў на будучую пенсію? Напрыклад, некаторыя краіны былога СССР пераходзяць на электронны ўлік, на пластыкавыя карткі, куда запісваецца ўсё, што зарабіў чалавек за сваё жыццё. У нас пакуль захоўваецца старая практыка, калі ўлік вядзецца з дапамогай працоўнай кніжкі, ЖРЭА, сабеса…

— Я разумею, што вы не прыхільнік таго, каб Беларусь перайшла на ўмоўна-накапляльную пенсійную сістэму?

— Наадварот. Я лічу, што гэты варыянт, якраз такі найменшае з усіх зол, якое маглі прапанаваць нашыя чыноўнікі. Сярэдняе звяно Міністэрства сацыяльнай абароны і працы — добрыя прафесіяналы. Умоўна-накапляльная сістэма дазволіць пакрысе разгрузіць салідарную сістэму: павялічацца паступленні ў пенсійны фонд, будзе стварацца больш механізмаў, якія дазволяць атрымліваць вышэйшую пенсію. І дарэчы, ужо сёння яны ствараюцца. Напрыклад, прапаноўваецца пенсіянеру адмовіцца ад пенсіі, жыць на заробак, і тады істотна павялічыцца кошт стажу і здымуцца абмежаванні памеру пенсіі ў 75 працэнтаў ад заробка. У перспектыве гэтая сістэма можа стварыць сацыяльны давер да пенсійных прыватных фондаў, да сістэмы назапашвання пенсій. Умоўна-накапляльная сістэма — гэта прыступка да накапляльнай пенсіі. Але пры ўмове, што ў краіне запрацуе эканоміка.

Поўную версію інтэрв’ю чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)