Комментарии
Аляксандр Класкоўскі, «Наша нiва»

«І тады Крэмль проста размажа па сценцы»

Візіт Пуціна 28 траўня і потым, назаўтра, нарада ў Лукашэнкі высвецілі некалькі рэчаў. Зараз, калі трохі ўлегліся жарсці вакол эпатажных заяў віцэ-прэм’ера Кудрына, што стаў галоўным ньюсмейкерам у дзень прылёту маскоўскай каманды, варта падкрэсліць некалькі высноў.

Па-першае, афіцыйны кіраўнік упершыню так выразна, адкрытым тэкстам прызнаў, што незалежнасць краіны ў небяспецы. І пагроза ідзе самі ведаеце адкуль.

«Гульня распачата не на жарт, майце на ўвазе. Выстаім — будзе дзяржава. Не выстаім — зламаюць і бясплатна ў кішэнь пакладуць, будзем бегаць потым ды паглядаць налева і направа, каб нам кавалак хлеба са стала кінулі». Ясней не скажаш.

Між тым ужо некалькі гадоў гучаў рэфрэн, што Беларусь адбылася як суверэнная дзяржава. Або гэта было моцнай гіпербалай, або зараз Масква адкінула ўсе цырымоніі і ўзяла за гарляк чыста канкрэтна. А можа, і тое, і другое.

Ва ўсякім разе, ёсць моцныя падставы меркаваць, што за кулісамі «саюзнага саўміну» ішла душылаўка ў пытаннях беларускіх актываў, а таксама — каб прызналі Абхазію ды Паўднёвую Асецію.

Гэта прарвалася назаўтра ў эмацыйных пасажах Лукашэнкі. «Няўжо вы не разумееце, што ўжо не першы раз ствараецца сітуацыя, калі нас хочуць узяць голенькімі і голымі рукамі, бясплатна?» — рытарычна спытаўся афіцыйны кіраўнік у атачэння. Што ж да прызнання каўказскіх рэспублік, то ён раздражнёна заўважыў: «Гэта, у рэшце рэшт, не расійскае пытанне». Ды і газета прэзідэнцкай адміністрацыі, каментуючы Кудрына, зазначае: «…Найхутчэй што міністр паставіў эканамічныя ўзаемадачыненні ў прамую залежнасць ад экстраннага прызнання Мінскам дзяржаўнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі».

Па-другое, мінскі раунд высвятлення стасункаў між заклятымі хаўруснікамі яскрава праілюстраваў, нашто Лукашэнку спатрэбілася Еўропа. Пры ўсёй ягонай нелюбові да каштоўнаснага набору дэмакратый Старога свету.

Нармалізацыя дачыненняў з Еўропай — паратунак ад маскоўскага ціску. Іначай Крэмль проста размажа па сценцы.

І гэта — падстава задумацца тым, каму здаецца, што зараз Еўропа мусіць аднавіць мур блакады, каб дапамагчы зваліць дыктатуру. Трэба выразна бачыць, дзе канчаецца рэжым і дзе пачынаецца краіна. Краіна, якую мы можам страціць.

Не варта паліць дом, каб падсмажыць яечню.

Трэцяя выснова (тут нават не трэба быць Багданкевічам): беларускія фінансы сапраўды вось-вось могуць заспяваць рамансы. Рубель ледзьве ліпіць. Таму пасажы расійскага віцэ-прэм'ера і міністра фінансаў пра хуткую неплатаздольнасць Беларусі выклікалі такі гнеў. «Арыя госця» стала ударам пад дыхаўку. Народ жа адразу ламануўся ў абменнікі…

Цяпер тутэйшыя дзяржаўныя СМІ чыхвосцяць як Кудрына ў амплуа Касандры, так і, канечне ж, апазіцыю, каторая нібыта скача ад радасці у прадчуванні дэфолту Бацькаўшчыны. Маўляў, якія ж вы патрыёты! Кранае, што ментарамі незалежніцтва становяцца тыя, хто не так даўно заклікаў зліцца з Расіяй ў экстазе «братняй інтэграцыі».

Канечне, добра, што там нарэшце дапялі: імперская пагроза — не «трызненне БНФ». Але тады якога ражна працягваеце малаціць у сваіх друкаваных органах развароты на тэму «саюзнага будаўніцтва»? Што будуеце? Саркафаг для беларускай незалежнасці?

Фальшывыя словы, як і раней, мутнай плынню льюцца з высокіх трыбун і рэфрэнам гучаць з уладных рупараў. Беларусь будзе пад пагрозай як мінімум пакуль не скончыцца эпоха Вялікай Хлусні.

Гэта не проста метафары. Так, хлусня ў выглядзе нагонкі ВУП любым коштам — праклён савецкай планавай гаспадаркі — проста руйнуе зараз айчынную эканоміку. Сістэма працягвае тупа заганяць сама сябе ў пастку.

Эканаміст Алена Ракава па выніках візіту маскоўскай каманды зазначае: «Цяжка сказаць, чаго ў расійскай пазіцыі болей — грубага шантажу ці тонкага разліку. Аднак, праводзячы цяперашнюю эканамічную палітыку, то бок не спыняючы прадпрыемствы, не скарачаючы бюджэт, бясконца пазычаючы грошы, адсоўваючы балючыя рэформы, урад робіць ўсё дзеля паскарэння страты Беларуссю сваёй эканамічнай самастойнасці».

Што тады застанецца ад самастойнасці палітычнай, вожыку зразумела.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)