Общество
Анастасія Зелянкова

«І што, цяпер мяне будуць вылоўліваць расейцы?»

Адразу дзве кнігі выйшлі ў серыі “Невядомая гісторыя”— “Геркулес, Руды і Пярун, Радзівілы-пераможцы” Вітаўта Чаропкі і “Орша, 8 сентября 1514 года” Анатоля Тараса.

Сваю кнігу гісторык і пісьменнік Вітаўт Чаропка прысвяціў тром таленавітым прадстаўнікам роду Радзівілаў, правадырам, якія дамагліся шмат якіх бліскучых пермог над ворагамі нашай старажытнай дзяржавай. Вялікі гетман літоўскі Юры Радзівіл па мянушцы “Геркулес”, ягоны сын Мікалай па мянушцы “Руды” і ўнук Кыштоф “Пярун” нездарма былі абраныя аўтарам у якасці галоўных персанажаў. Пад іх началам і дзякуючы іх ваеннаму таленту і гераізму, войскі Вялікага княства Літоўскага паспяхова абаранялі сваю радзіму ад захопнікаў.

— І што, цяпер мяне будуць вылоўліваць расейцы? — смеючыся запытаў падчас прэзентацыі Вітаўт Чаропка на рэпліку, што ў хуткім часе кніга будзе перакладзена на рускую мову.

Як аказалася, “крамола” у кнізе палягае ў тым, што большасць войнаў, якія вялі Радзівілы – гэта войны з Масковіяй. Аднак, як кажуць, з песні слоў не выкінеш.

Дадаў дзёгцю ў беларуска-расейскі кацёл і Анатоль Тарас. Ягоная кніга пра Оршу – цалкам прысвечана вайне з Маскоўскай дзяржавай 1512-1522 гадоў, адной з галоўных падзей якой стала бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года.

— Насамрэч гэтая вайна вельмі дрэнна даследавана, — адзначыў Анатоль Тарас. — У 20 стагоддзі польскія гісторыкі (а сёння і беларускія) усё паўтаралі казкі, якія выказаў у сваіх нататках яшчэ Жыгімонт І Стары. Што да савецкага часу, то гэтая тэма па зразумелых прычынах увогуле была пад забаронай. Ды і сёння яна застаецца непрыемнай, як для Масквы, так і для афіцыйнага Мінска — гэта ж, так бы мовіць, нашы браты.

А між тым актуальнасць тых падзей не знікла і сёння.

— Успомніце, што стала ідэалагічнай асновай той вайны? Яна прайшла пад лозунгам збірання рускіх земляў вакол Масквы, — нагадаў Анатоль Тарас. — І сёння мы бачым, што гэтая ж ідэя адрадзілася ў Пуцінскай Расіі. І першай яе ахвярай стала Украіна.

Гісторык нагадаў, што падставай для першая сусветнай вайны стала Сербія, другой – Польшча.

— Хто ведае, ці не стане Украіна падставай для трэцяй сусветнай вайны? Вельмі не хацелася б. Але ж зноў Масква пайшла “вызваленчым” паходам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)