Анастасія Зелянкова
І праз 100 год “Нашу Ніву” чытаюць нават міліцыянты

Сёння газета “Наша Ніва” адзначае свой 100-гадовы юбілей. З гэтай нагоды на сядзібе БНФ пройдзе ўрачыстая вечарына, падчас якой рэдактары газеты адкажуць на пытанні сваіх чытачоў. А паколькі любое выданне робяць менавіта ягоныя чытачы, “Салідарнасць” вырашыла разабрацца ва ўзаемаадносінах, якія склаліся за гэты час у “Нашай нівы” з яе прыхільнікамі.

Эротыка не прайшла

Кожны дзень у рэдакцыі газеты раздаюцца званкі ад чытачоў, прыходзяць лісты — рукапісныя або электронныя. Пішуць людзі і далёка з-за межаў Беларусі. Часцяком проста дзякуюць за газету, дасылаюць віншаванні з той ці іншай нагоды. Хаця нярэдка і звяртаюцца з якой-небудзь просьбамі: напрыклад, дапамагчы знайсці тую ці іншую кнігу або публікацыю, альбо кантактныя тэлефоны вядомых асоб.

— Кантакты, зразумела, не даем, але ў астатнім імкнёмся заўсёды дапамагчы, — распавядаюць у рэдакцыі. — Бывала нават, што па электроннай пошце пыталіся, як можна набыць кнігу Васіля Быкава. І хаця цяжка ўявіць, што чалавек, які можа карыстацца электроннай поштай, не ў стане загрузіць у Інтэрнеце пошукавую сістэму, ўсё роўна не адмаўляем. Тым больш што гэтая інфармацыя можа дапамагчы іншым чытачам.

А аднойчы ў рэдакцыю чытач патэлефанаваў ажно а пятай гадзіне раніцы. І што самае дзіўнае — застаў супрацоўнікаў на месцы.

— Ён званіў, каб проста папытаць, ці будзе сёння газета, — успамінае намеснік рэдактара Андрэй Скурко. — Відаць, дзядзька сабе ўстаў раненька, зрабіў нейкія справы па гаспадарцы і вырашыў, а чаму б не патэлефанаваць у “Нашу ніву”? Я аказаўся на месцы. Гэта было ў часе вясновых падзей, працы навалілася шмат. Што зробіш, калектыў у нас невялікі, бывае, асабліва ў дзень здачы нумару, заседжваемся да позняй ночы, а то і да ранку.

Як прызнаўся Скурко, такая ўвага з боку чытача выглядала крыху дзіўнай, але ўсё роўна было прыемна. І ўсё ж звычайна, найбольшая актыўнасць прыхільнікаў газеты назіраецца пасля нейкіх спрэчных матэрыялаў.

— Асабліва, гэта бывае, калі нешта пішам пра Пазняка, — адзначаюць супрацоўнікі. —Больш за месяц таксама тэлефанавалі пасля матэрыялу пра татараў, як тыя коляць на святы свіней. Але, напэўна, самы бурны пратэст выклікаў тэматычны нумар газеты, прысвечаны эротыцы.

Абураныя “нашаніўскія” аматары яшчэ доўга пасля таго пісалі і тэлефанавалі ў рэдакцыю. Адзін з чытачоў вельмі скардзіўся, што ён увогуле толькі-толькі падпісаўся на газету і тут табе адразу ТАКОЕ!

Часам у рэдакцыю чытачы дасылаюць свае матэрыялы, бывала, нават цэлыя газеты, якія выдаюць у рэгіёнах — такія своеасаблівыя баявыя лісткі. А вось пасля таго, як на пачатку дзевяностых у “Нашай ніве” была агучана думка, што беларусы — гэта нацыя паэтаў, у рэдакцыю пасыпаліся вершы. Частку з іх друкуюць у газеце, частка застаецца. “У Купалы таксама былі вершы не для друку”, — смяюцца ў рэдакцыі.

Ды і самі чытачы “Наша Нівы” — людзі з пачуццём гумару. Нават да звычайных абвестак аб продажы якіхсьці хатніх жывёлін яны і тое падыходзяць творча. Згадзіцеся, што “беларускамяўныя кацяняты” маюць больш шанцаў знайсці сабе гаспадара!

Сувязь з чытачамі — гэта адзін з галоўных прынцыпаў існавання “Нашай Нівы”. Яшчэ на пачатку яе заснавання ў 1906 годзе значную частку артыкулаў складалі менавіта матэрыялы чытачоў. Штотыдзень сённяшняя газета змяшчае тыя старыя публікацыі. Ды і зараз многія матэрыялы становяцца магчымымі толькі дзякуючы дасланай чытачамі інфармацыі.

Як “Наша Ніва” зруйнавала “Беларускі кнігазбор”

Канешне, “Наша ніва” таксама стараецца не падводзіць сваіх чытачоў. Хаця за гэты час здаралася рознае. Прыкрых памылак не удалося пазбегнуць, напэўна, ніводнай газеце, і “нашаніўцы” ў гэтым сэнсе таксама не выключэнне.

Літаральна нядаўна ў рэдакцыю патэлефанаваў галоўны рэдактар “Беларускага кнігазбору” Генадзь Вінярскі і запытаўся, за што ж гэта “Наша Ніва” разбурыла іх выдавецтва? Аказалася, што ў папярэднім нумары газеты, калі пазначалі адрас “Кнігазбору” неяк згубілі літару “а” каля нумару дома. І атрымалася, што паводле звестак, выдавецтва змясцілі ў разбураным доме.

Былі і менш бяскрыўдныя памылкі. Напрыклад, аднойчы ў рэдакцыі пераблыталі і напісалі, што памёр не Вячаслаў Адамчык, а Уладзімір Адамчык, іншымі словамі Адам Глобус. Трэба аддаць належнае пісьменніку: ён паставіўся да гэтага годна, проста патэлефанаваў на наступны дзень і паведаміў, што сам ён жывы і яшчэ поўны сіл і творчай энергіі.

Але, нягледзячы ні на што, чытачы любяць сваю газету і многае ёй згодныя дараваць. І яна, трэба прызнаць, вось колькі год плоціць ім узаемнасцю.

Самаму маладому чытачу няма яшчэ года

У рэдакцыі многіх чытачоў пазнаюць ўжо нават па почырках або галасах у тэлефоннай трубцы, некаторых ведаюць у твар.

— Чытачы “Нашай Нівы” — людзі грамадска актыўныя, — тлумачыць Андрэй Скурко. — Мы часта бачым іх і на палітычных акцыях, і на нейкіх творчых вечарынах.

Напэўна, самай маладой чытачкай “Нашай Нівы” па праве можна лічыць дачку паэта Андрэя Хадановіча Алену. Дзяўчынцы яшчэ няма і году, але, як распавядаў яе бацька, да газеты яна праяўляе не абы якую цікавасць. Праўда, пакуль што толькі тактыльную. Увага маладога пакалення асабліва не здзіўляе, бо, як прызнаюцца ў рэдакцыі, газета разлічана менавіта на гэтую аўдыторыю. Хаця, мяркуючы па лістах, і сярод людзей старэйшага пакалення аматараў “Нашай Нівы” многа.

Пра сацыяльна-прафесійны склад чытачоў у рэдакцыі з дакладнасцю казаць не бяруцца, але тое, што сярод пастаянных аматараў “Нашай Нівы” трапляюцца нават работнікі міліцыі і спецслужбаў, ведаюць дакладна.

— Міліцыянты чытаюць нас на Акрэсціна, калі арыштоўваюць распаўсюднікаў і канфіскоўваюць газеты. Можна не сумнявацца, што і ў КДБ нашы артыкулы вывучаюць вельмі ўважліва, — жартуюць у рэдакцыі. — Мытнікі таксама цікавяцца рэгулярна. Праўда, шкада, што ім для прачытання патрабуецца так многа часу, што нярэдка прапускаеш свой цягнік. Некаторыя газеты яны і дагэтуль чытаюць.

Супрацоўнікі праваахоўчых органаў, як аказалася, трапляюцца нават сярод падпісчыкаў газеты. Кур’еры расказвалі, як аднойчы сутыкнуліся з такім.

— Сярод нашых падпісчыкаў ёсць некалькі людзей, якіх мы ніколі не бачылі ў твар: проста пакідалі ім па замове газету ў паштовай скрыні, — распавядае Сямён, які адпачатку займаўся распаўсюджаннем “Нашай Нівы”. — А вось аднойчы мы сустрэліся з такім адрасатам. У яго была вельмі характэрная знешнасць: коратка стрыжаная галава, чэпкія вочы, моцны целасклад, адпаведная пастава. Такіх нам не раз даводзілася бачыць падчас якіх-небудзь мітынгаў. Дык вось, пабачыўшы нас, гэты чалавек чамусьці сходу пачаў лаяць уладу, прычым матам, хаця мы ў гэты час увогуле не ўстапалі ў размову, проста рабілі сваю справу. Падазрэнні пацвердзіліся, калі той пачаў расказваць, што ўжо больш за 15 год з’яўляецца пастаянным чытачом газеты (адноўленая “Наша Ніва” выходзіць толькі з 1991 года. — Aўт.).

Ні слова пра палітыку

Калі для “Нашай Нівы”, як і для многіх апазіцыйных выданняў, насталі не самыя лепшыя часы, яе чытачы з гатоўнасцю падтрымалі любімую газету.

— Калі мы вымушаныя былі звярнуцца да чытачоў з заклікам пералічваць ахвяраванні, каб “Наша Ніва” магла выходзіць далей, адгукнулася вельмі многа людзей, — заўважае Андрэй Скурко. — З пачатку 2006 года газета атрымала каля сямі тысяч ахвяраванняў, за што мы вельмі ўдзячныя нашым чытачам.

Дарэчы, калі прыгадаць гісторыю, на “Нашу Ніву” ахвяравалі такія вядомыя асобы, як Эдвард Вайніловіч, Магдалена Радзівіл і Васіль Быкаў.

Салідарнасць чытачоў яскрава выявілася і падчас вясновых падзей на Кастрычніцкай плошчы, калі галоўны рэдактар газеты Андрэй Дынько апынуўся за кратамі.

— Людзі прыходзілі прама на Акрэсціна, прыносілі яму перадачы, — успамінаюць у рэдакцыі. — Чытачы разам з намі стаялі гадзінамі каля турмы, а пасля вызвалення Дынько проста засыпалі рэдакцыю віншаваннямі.

Пра адносіны людзей можна меркаваць і па тым, як аднойчы распаўсюднікаў “Нашай нівы” хавалі ад міліцыянтаў за сваімі спінамі звычайныя гандляры кветкамі.

— Мы прадавалі газету, як аднекуль з’явіўся міліцэйскі патруль, — расказвае Сямён. — І тут гандляры кветкамі, якія стаялі недалёка ад нас, нічога не кажучы, закрылі нас сваімі спінамі. Відаць, яны проста ўбачылі нашы вочы, і ўсё зразумелі.

Аказваецца, і тое, што сёння газета даходзіць да сваіх падпісчыкаў — заслуга яе чытачоў. Менавіта чытачы складаюць большую частку распаўсюднікаў выдання. Часам бывае, што людзі разносяць газеты нават цэлымі сем’ямі. А праца гэтая, трэба прызнаць, не самая лёгкая.

— Бывае, што за дзень праходзіш пешшу кіламетраў пад трыццаць, — расказвае Вольф, які з нядаўняга часу перакваліфікаваўся з чытачоў у кур’еры. — Адна справа, калі надвор’е добрае, а бывае, і зусім жах. Напачатку было вельмі складана: дзень торбу паносіш, увечары ног зусім не адчуваеш. За гэты час накачаў сабе такія мышцы на нагах! А яшчэ хварэць перастаў. Напэўна, прагулкі па свежым паветры дапамаглі. (І хто сказаў, што дзяржава не клапоціцца пра здароўе сваіх грамадзян?! — аўт.). Ёсць яшчэ аднак карысць ад такой працы — значна папоўніў сваю калекцыю аб’яў, якія ён даўно збіраю. Сярод апошніх — аб’ява, размешчаная адным з ЖЭКаў: “Прапануем новы від паслуг. Абсалютна бясплатна кваліфікаваныя электрыкі адключаць вам элекрычнасць, варта толькі не заплаціць квартплату за два месяцы”.

Многія падпісчыкі сваіх кур’ераў ведаюць у твар, вітаюцца, нават проста сустрэўшы на вуліцы. Бывае, што ў студзеньскую непагадзь, убачыўшы іх, ссінелых ад маразоў, запрашаюць у кватэру пагрэцца гарбатай. Тыя, калі згаджаюцца, то асабліва не заседжваюцца — калі за дзень-два не разнесці газету, потым яна будзе ўжо нікому не патрэбная. А часам нават самі падпісчыкі выказвалі жаданне дапамагчы кур’ерам разносіць нумары.

Дастаўляць газету становіцца ўсё цяжэй. Многіх распаўсюднікаў супрацоўнікі міліцыі неаднойчы затрымлівалі.

— Раней, дастаўляючы наклад у іншыя гарады, яе маглі проста адвезці на вакзал і перадаць праз цягнікі, — расказвае Сямён, які таксама займаўся некалі распаўсюдам. — Аднойчы ў мяне неяк не хацелі браць у цягнік сумку. Пыталіся: “А ці не тую газету, што з карыкатурамі, вы везяце?” Напэўна, мелі на ўвазе “Згоду”. Я кажу, што не, гэта газета “Наша Ніва”. Тады праваднік згадзіўся, кажа: “Ведаю такую. Няма там ніякай палітыкі”. І ўзяў.

Быў час, калі падпісчыкам дасылалі газету ў канверце. Распаўсюднікі расказвалі, што чытачы, асабліва сталага веку, вельмі радаваліся, калі атрымлівалі гэтыя вялікія канверты з лагатыпам “Нашай Нівы”, і таму, калі газеты пачалі разносіць кур’еры, нават не хацелі іх браць. Казалі: не трэба, нам у канверце дашлюць. Прыходзілася запэўніваць, што такая сістэма дастаўкі больш надзейная.

— Не было такога выпадку, каб якой-небудзь нумар не дайшоў да чытачоў, — адзначаюць у рэдакцыі. — Газета ніколі не падводзіла тых, хто хацеў яе прачытаць.

P.S.: Рэдакцыя “Салідарнасці” таксама далучаецца да ўсіх віншаванняў і спадзяецца і найдалей разам крочыць па адной дарозе да Вольнай Беларусі!

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)