Филин

Юлія Кот

«І праваабаронцы, і журналісты цяпер працуюць як хірургі»

Каб не нашкодзіць, а падтрымаць. Праваабаронца — пра тое, ці трэба пераглядаць крытэрыі аб прызнанні палітвязнем.

Замежны Сойм Руху салідарнасці «Разам» прыняў заяву пра статус палітычнага вязня ў Беларусі. Чальцы аб’яднання перакананыя, што рэальная колькасць зняволеных па палітычных матывах заніжаная ў некалькі разоў, а таму крытэрыі вызначэння статусу палітвязня трэба перагледжваць.

Удзельнікі сходу, які адбыўся ў Варшаве, звярнуліся да праваабаронцаў і заклікалі прызнаваць палітзняволенымі «ўсіх грамадзянаў, якія застаюцца пад вартаю з палітычных прычынаў, а таксама тых, хто адбывае «хімію» або «хатнюю хімію».

Таксама прагучала прапанова ўвесці дадаткова панятак «палітычна рэпрэсаваны», каб ахапіць больш шырокае кола людзей, якія зазналі палітычны пераслед і ціск уладаў: пад яго маглі б трапіць і тыя, хто ўжо адбыў свае тэрміны, і каму ўдалося пакінуць Беларусь пасля заведзенай крымінальнай справы, хто быў збіты сілавікамі, звольнены, атрымаў штраф, адбыў адміністрацыйны арышт з палітычных матываў і г.д.

Каго прызнаюць палітзняволенымі?

Паводле кіраўніцтва, складзенага ў 2013 годзе, пры наданні гэтага статусу беларускія праваабаронцы кіруюцца падыходамі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Улічваюцца наступныя фактары:

  • пазбаўленне волі, якое адбылося выключна з-за палітычных, рэлігійных або іншых перакананняў чалавека, ці ў сувязі з ягоным негвалтоўным ажыццяўленнем сваіх правоў і свабод (думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання, асацыяцый і г.д.);
  • пазбаўленне волі з-за негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод;
  • пазбаўленне волі выключна па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча ці іншых прыкметах.

Таксама чалавека прызнаюць палітзняволеным, калі акрамя палітычных матываў пераследу, пазбаўленне волі было выбіральным у параўнанні з іншымі асобамі, звязанае з парушэннем права на справядлівы суд, заснаванае на фальсіфікацыі доказаў альбо адсутнічае сама падзея ці склад злачынства, працягласць пазбаўлення волі несувымерная з самім правапарушэннем, у якім чалавек падазраваны, абвінавачаны ці прызнаны вінаватым.

Але ёсць і шэраг «не»: так, палітзняволенымі не прызнаюцца асобы, якія здзейснілі гвалт, акрамя вымушанай абароны ці крайняй неабходнасці, ці хто ўчыніў злачынства супраць асобы ці маёмасці на глебе нянавісці.

Крытэрыі састарэлі?

— Канешне, пытанне намнога больш шырокае, чым сутнасць статусу палітвязня, і ранейшыя крытэрыі, якія былі распрацаваныя 10 год таму, у пэўнай ступені састарэлі, — каментуе сітуацыю Филину праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч. — Рэаліі апошніх трох гадоў істотна змянілі прававое поле, абсалютна разбурылі яго.

Маштаб пераследу беларусаў стварыў фактычна новую карціну рэчаіснасці. За апошнія гады мы маем дзясяткі, а з улікам усіх відаў пераследу, то і сотні тысяч выпадкаў ціску. Палітвязні — толькі галоўная частка з іх, але сам для сябе я вылучаю не менш дзесяці катэгорый грамадзян, пацярпелых ад незаконнага пераследу. Таму вельмі важна, на мой погляд, акрамя статусу палітвязня, распрацаваць законапраект, які ў будучым стане законам, — аб палітычна рэпрэсаваных.

Такіх цалкам неабходных законаў, мяркуе праваабаронца, мусіць быць два: аб люстрацыі і аб палітычна рэпрэсаваных, прычым другі нават важнейшы:

— Гэта трэба рабіць і для аднаўлення справядлівасці, і для таго, каб сітуацыя першай чвэрці ХХІ стагоддзя больш не паўтарылася. Трэба закладаць такія механізмы, якія ў бліжэйшай будучыні, пры змене палітычнай сітуацыі, дазволяць перажыць своеасаблівы юрыдычна-псіхалагічны катарсіс.

Калі раней працэдуры і крытэрыі прызнання палітвязнямі мелі пераважна прававы, юрыдычны характар, то цяпер гаворка хутчэй пра юрыдычна-этычны. Праваабаронцы ўсё больш сутыкаюцца з сітуацыяй, калі пэўныя асобы ці іх блізкія не хочуць прызнання іх палітвязнямі, і гэтыя акалічнасці трэба ўлічваць.

Колькі палітзняволеных у Беларусі?

Станам на 6 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітзняволенымі 1495 чалавек — але трэба ўлічваць, што дзясяткі беларусаў ужо адбылі свае тэрміны і выйшлі з-за кратаў, некаторыя адбываюць пакаранне на «хіміі», таксама некаторым удалося пакінуць краіну.

Ці можна ацаніць агульную карціну — якая колькасць беларусаў пацярпела ад пераследу? І наколькі распаўсюджаная з’ява, калі інфармацыя аб палітычных прысудах даходзіць да праваабаронцаў са спазненнем, альбо пацярпелыя і іх сваякі наогул не апублічваюць гэтыя звесткі?

— Ідзе рост гэтых тэндэнцый, — зазначае Уладзімір Хільмановіч. — Многія грамадзяне Беларусі сёння не прызнаныя палітвязнямі, бо па іх проста няма звестак.

Да 2020 года адносна свабодна журналісты і праваабаронцы маглі маніторыць сітуацыю непасрэдна ў судах, але ўжо з 2021 года нават фізічна адсачыць усе крымінальныя, а тым больш адміністрацыйныя працэсы не ўяўляецца магчымым.

Таму, на жаль, адказу на пытанне, колькі палітычна матываваных прысудаў ужо вынесена ў Беларусі, няма, і не вядома, колькі соцень ці тысяч палітвязняў фактычна засталіся па-за ўлікам.

Сваю негатыўную ролю, пацвярджае суразмоўца, адыгрывае і фактар страху: усё часцей сваякі зняволеных небеспадстаўна баяцца агучваць інфармацыю аб вынесеных прысудах, умовах утрымання і г.д. І гэта новы выклік для праваабаронцаў: прызнанне палітвязнем робіцца не толькі актам юрыдычнай справядлівасці, актам салідарнасці, але і фактарам рызыкі, які можа прывесці да пагаршэння статусу і стану канкрэтнага зняволенага.

— Таму цяпер гэта вельмі складаны працэс: часам цяжка даведацца, ці просьба не прызнаваць палітвязнем — сапраўды воля самога чалавека, ці жаданне сваякоў, ці гэта можа быць сфальсіфікавана. І праваабаронцы, і журналісты цяпер працуюць як хірургі — вельмі важна лішнім словам не нашкодзіць таму, хто пацярпеў…

Выклікі вельмі сур’ёзныя. Але, на маю думку, распрацоўка законапраекту аб палітычна рэпрэсаваных дае людзям надзею на будучыню, бо ў дакуменце павінна быць прапісана і аднаўленне справядлівасці, і матэрыяльная кампенсацыя — калі не самому вязню, то хаця б ягоным сваякам.

Канешне, невядома, калі гэта заканадаўства давядзецца ўкараніць, але важна, каб яно было створана і падрыхтавана, і каб пры змене палітычнай сітуацыі, рэзкай ці паступовай, грамадскасць мела такі інструмент.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(13)