Общество

«І кароваў пасвіў, і тарфу капаў». Што вядома пра новага міністра сельскай гаспадаркі і ягоную сям’ю

Новым міністрам сельскай гаспадаркі стаў 46-гадовы Іван Крупко. Папярэдні міністр Анатоль Хацько не адпрацаваў на пасадзе і год. Менавіта ў гэтым ведамстве міністры мяняюцца часцей, чым у любым іншым, піша Наша Ніва.

За часамі Лукашэнкі гэта ўжо дванаццаты міністр сельскай гаспадаркі (плюс да ўсяго Міхаіл Русы быў міністрам двойчы).

Іван Крупко на мясцовых «Дажынках». Фота prictalica.by

Што вядома пра Івана Крупко? Ён нарадзіўся ў 1974 годзе ў Бурдзевічах Карэліцкага раёна. Вучыўся ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. Пасля размеркаваўся заатэхнікам у калгас «Світанне» Нясвіжскага раёна. Працаваў на розных кіроўных пасадах у Нясвіжскім раёне. У 2010 стаў старшынёй Нясвіжскага райвыканкама. Летась яго паставілі старшынёй Мінскага райвыканкама.

Крупко — далёка не першы кіраўнік Нясвіжскага раёна, які пайшоў на павышэнне. Уладзімір Дражын стаў віцэ-прэм’ерам, Леанід Крупец — кіраўніком Мінскага аблвыканкама, а Генадзь Салавей — Гомельскага.

Пры Івану Крупко скончылася рэканструкцыя Нясвіжскага замку, хаця кажуць, што чыноўнік не радаваўся, што на яго тэрыторыі знаходзіцца гэты помнік. Маўляў, што з ім рабіць? Сельская гаспадарка зразумелая, а як турызм развіваць?

«Наша Ніва» знайшла маму міністра сельскай гаспадаркі Лідзію Аляксееўну, ёй хутка будзе 67 гадоў. Жыве ў Бурдзевічах (мясцовыя кажуць БурдзявІчы).

«Божа ж мой, а што я раскажу? Ён жа сам стараецца ўсё рабіць! Як усе дзеткі рос: у футбол гуляў, кароваў пасвіў, тарфу капаў, касіў», — кажа Лідзія Аляксееўна.

Удакладняем: а што такое тарфа?

«Гэта паліць, як брыкет. Цяпер ужо не капае ніхто, бо няма каму, а раней усе капалі. На балотах гэта было, ножачкі спецыяльныя былі. І араць умее Іван, хадзіў за плугам. І нам араў, і бабе нашай, калі яшчэ жывая была».

Школа ў Бурдзевічах была пачатковая, чатыры класы. Потым яе закрылі, і дзеці сталі хадзіць у Вялікія Жухавічы (гэта за пяць кіламетрах ад Бурдзевічаў). «Быў аўтобус. Ну як аўтобус — трактарыстаў вазілі, то і дзеці ездзілі. А назад ужо як маглі: і пешшу, і на трактарах падвозілі».

Усе карані Івана Крупко паходзяць з Карэліцкага раёна. Адтуль і мама, і тата, і бабулі з дзядамі. Бацька чыноўніка памёр дванаццаць гадоў таму. На той момант яму было 62 гады, толькі выйшаў на пенсію, як спынілася сэрца.

«Я хадзіла рабіла на брыгаду, рабіла ў цяпліцы, рабіла на курах, рабіла на цялятах. Муж мой Іван Аляксандравіч быў трактарыстам, камбайнерам.

Тады ўжо я пайшла на ферму, і яго перавялі на ферму. На курах мы былі разам. А я рабіла яшчэ і ў Мінску! Я там канчала вучылішча, жыла ў інтэрнаце, чатыры гады на Камвольным камбінаце адрабіла. Потым замуж выйшла і ўжо вярнулася сюды», — расказвае мама чыноўніка.

У Івана Крупко ёсць сястра, яна таксама вучылася ў сельскагаспадарчым інстытуце ў Гродне, а цяпер працуе рэгістратарам у бальніцы ў Гродзенскім раёне. У яе два сыны: старэйшы навучаецца ў Інстытуце грамадзянскай абароны МНС, а малодшы яшчэ школьнік.

Чаму Іван Крупко пайшоў вучыцца па сельскагаспадарчай лініі?

«Іх тут вербавалі. Хто хоча ў інстытут, кажуць. А ён жа дзіця, бог яго ведае, чаго ён хоча! Збіраліся паступаць [з сябрамі] ўтрох на інжынера ў Гродна, а потым разышліся, хто куды. Ён паехаў у сельскагаспадарчы інстытут. Адвучыўся пяць гадоў і паехаў рабіць у Нясвіж заатэхнікам», — кажа спадарыня Лідзія.

Падчас вучобы ў Гродне Іван Крупко знайшоў жонку, яна вучылася ў адной групе з сястрой, жылі ў адным пакоі. Іван заходзіў да сястры, так і пазнаёміўся з Таццянай. Жонка ў цяперашняга міністра родам з Дзятлава.

У пары двое дзяцей. Старэйшы сын Максім вучыўся ў сувораўскім вучылішчы ў Мінску, а цяпер паступіў на факультэт міжнародных адносін БДУ.

Дачка Паліна скончыла Нясвіжскую гімназію, яна мастачка. Атрымала гран-пры на конкурсе-пленэры юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука, які штогод адбываецца ў Нясвіжы. Цяпер яна вучыцца на дызайнера ў Мінску.

«Як у Нясвіжы быў, то часцей прыязджаў, а цяпер радзей, але ж прыязджае. Дай яму Божачка здароўя», — кажа пра Івана Крупко мама.

***

Усе міністры сельскай гаспадаркі за час прэзідэнцтва Лукашэнкі:

Васіль Лявонаў (1994 — 1997)

Іван Шакола (1997 — 1998)

Юрый Мароз (1998 — 2000)

Вадзім Папоў (ліпень — лістапад 2000)

Міхаіл Русы (2001 — 2003)

Зянон Ломаць (ліпень — снежань 2003)

Васіль Дваранінавіч (2003 — 2004)

Леанід Русак (2004 — 2008)

Сямён Шапіра (2008 — 2010)

Міхаіл Русы (2010 — 2012)

Леанід Заяц (21 жніўня 2012 — 27 сакавіка 2019)

Анатоль Хацько (2 красавіка 2019 — 16 сакавіка 2020)

Іван Крупко (16 сакавіка 2020 — да цяперашняга часу)

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(17)