Политика

Гурневіч: «З лёгкім расчараваннем паглядзеў прэс-канферэнцыю Кара-Мурзы і Яшына»

Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч – пра прэс-канферэнцыю вызваленых з-за кратаў расейскіх палітыкаў.

– З лёгкім (бо не зачароўваўся) расчараваннем паглядзеў прэс-канферэнцыю расейскіх палітыкаў Кара-Мурзы і Яшына. Зараз патлумачу, чаму, – піша Гурневіч. – Адразу папрашу не пісаць мне каментароў (а вы і ня можаце, хехе) кшталту «дык пастаўце на іх крыж», «чаму яны павінны быць беларусам цікавыя», «не хачу пра іх нічога ведаць».

Фота AP

Калі вам не цікава і вы нічога не хочаце ведаць пра 140-мільённую краіну, якая ўсю гісторыю ўплывае на ваш народ і круціць яго лёсам, то гартайце далей.

Тлумачу сваё.

Я не веру, што Расея распадзецца. Лічу нават такія фантазіі і іх чаканне даволі шкоднымі, бо яны прымушаюць бяздзейнічаць. Калі ж нейкі цуд здарыцца, то людзі там нікуды не дзенуцца.

Больш эфектыўнай я лічу працу з грамадскай думкай, асвету, спробу навучыць глядзець расейцаў на суседзяў іншай оптыкай. Гэта вельмі складана, але альтэрнатывы я не бачу.

Таму ў інтарэсе беларусаў, каб там былі людзі, якія б гэтую працу праводзілі. Яны ёсць, я іх бачу, ведаю, і шаную за гэта. Але на жаль, гэта не палітыкі.

У палітыцы можна ісці за народам, падстройвацца пад яго настроі, каб перамагчы на дэмакратычных выбарах. У свабодных краінах перамагаюць найчасцей тыя, хто не ігнаруе меркавання і эмоцый электарату, тыя хто выказвае іх найхутчэй і найлепш.

У галаву мне прыходзіць Віктар Бабарыка, які ўдала акумуляваў у сваім вобразе эмоцыі і чаканні беларусаў у 2020. Але ў палітыцы можна выступаць і з пазіцыі нясення асветы, казаць нязручную праўду, жадаючы змяняць грамадства.

Гэта значна звужае электарат, але гэта неабходна. Прыблізна тое, чым займаўся Зянон Пазьняк у 90-ыя. Калі гэтага не рабіць, то гэта будзе бясконцае зачыненае кола. Грамадства ніколі не зменіцца, а чарговыя пакаленні палітыкаў будуць вымушаныя падстройвацца пад няспелае грамадства. Гэта разумеў Нямцоў, таму яго стратэгія была іншай, чым рэшты.

Расейскім палітыкам важна зараз казаць пра сутнасць іх дзяржавы, хваробы і паталогіі свайго грамадства, памылкі элітаў, злачынствы дзяржавы, а галоўнае – пра крыніцу гэтага ўсяго. І гэта не Пуцін.

Але расейскія палітыкі паводзяць сябе так, нібыта днямі ў іх абудуцца свабодныя выбары і яны спрабуюць змагацца за настроі электарату, спрабуючы пры гэтым заставацца сумленнымі.

Яны не хочуць займацца гэтай асветай, казаць нязрчную праўду, бо лічаць, што стануць маргіналамі, што грамадства іх адрыне. Толькі нюанс у тым, што большасці грамадства яны і так зараз не цікавыя.

Няма ані выбараў, ані выбарцаў. Але ёсць крызісны час, які можа паспрыяць адкрываць вочы і будзіць. Менавіта таму цяпер для іх самы адпаведны час, калі трэба заставацца і сумленнымі, і не зважаць на настроі электарату.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(35)