Гурневіч: «Сваімі дзеяннямі Лукашэнка давёў Беларусь да такога стану, што для Крамля няма вялікага сэнсу далучаць яе да РФ»
Палітычныя азбука Лукашэнкі. Паўтузіна з паловай тэзісаў.
— Даруйце шмат хто за «капітана відавочнасць». Сабраў некаторыя думкі, якія ўжо шмат гадоў дазваляюць мне не здзіўляцца чарговым заявам і дзеянням хунты ў Беларусі, — піша палітычны аглядальнік Дзмітрый Гурневіч. — Проста заўважыў, як шмат каго шмат што яшчэ здзіўляе і нешта даказвае.
1. У ягоным жыцці галоўнае — улада. Усе яго дзеянні падпарадкаваныя адной мэце — пратрымацца там як мага даўжэй.
2. На працягу дзясяткаў гадоў самым эфектыўным для яго спосабам трымацца за ўладу была і ёсць Расія. Танныя энергарэсурсы і расійскі рынак забяспечвалі той узровень жыцця, які разам з аўтарытарнымі метадамі ўпраўлення, не прымушаў Лукашэнку моцна перажываць за неспрыяльныя грамадскія настроі.
3. Каб засведчыць сваю лаяльнасць Пуціну, Лукашэнка змагаецца супраць усяго беларускага. Бо беларускасць — гэта антыпод «рускага міру». У Пуціна няма патрэбы дамагацца ад Лукашэнкі русіфікацыі, той сам цудоўна разумее, што гэта ключык да «сэрца Крамля». Для Лукашэнкі мова і нацыянальная дзяржава — гэта нікчэмная драбяза, якой ён гатовы ахвяраваць для ўлады. Усё, што яго хвалюе — гэта сытыя і маўклівыя грамадзяне.
4. Расія таксама можа пагражаць уладзе Лукашэнкі. У неспрыяльныя часы ён спрабаваў знайсці баланс, дзякуючы Захаду, мог нават далікатна разыгрываць «антырускую карту». Але няўменне вырашаць крызісы прывялі ізноў да адзінага саюзніка, блізкага па духу і які не дурыць галаву сумленнымі выбарамі і законнасцю.
5. Цяпер уся палітыка накіраваная на тое, каб гуляць на апераджэнне, каб у Маскве не сумняваліся ў яго адданасці. Сваімі дзеяннямі Лукашэнка давёў Беларусь да такога стану, што для Крамля няма вялікага сэнсу далучаць Беларусь да РФ.
Сучасная Беларусь – гэта для Расіі ідэальны ўзор постсавецкай дзяржавы, якая нібыта існуе, але цалкам кантралюецца ўладай у Крамлі. Калі б такой была ў 2014 годзе Украіна, расейцы б не анэксавалі Крым, бо ім хапіла б таго, што яны кантралююць усю Украіну праз лаяльнага Януковіча.
6. Сёння ў Лукашэнкі не засталося іншых варыянтаў, як трымацца за Пуціна. Таму ён без шкадавання спальвае масты з Захадам і гатовы прыняць ядзерную зброю, «запрашае» Прыгожына, а калі спатрэбіцца і вышле армію ва Украіну (хаця сам ён відавочна гэтага не жадае). Але калі пытанне будзе стаяць у захаванні яго ўлады, або ўлады Пуціна, то не павінна быць сумневаў — адправіць.
P.S. Заўсёды чакайце ад Расеі найгоршага, будзьце рускаскептыкамі і тады вас нічога не шакуе і не здзівіць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное