Гурневiч: «Прапанова Ціханоўскай – гэта не сіла і не слабасць, гэта разуменне рэальнасці»
Вядомы журналiст – пра заяву дня.
– Плану хуткай перамогі, які шмат хто чакаў ад каманды Ціханоўскай, не можа быць у прынцыпе, – пiша Дзмітры Гурневiч. – Калі б яна заклікала масава выходзіць на вуліцу і страйкаваць ад 25 сакавіка, то яе б імгенна абвінавацілі ў безадказнасці, падстаўленні людзей пад дручкі. Каб пратэставаць, як паказалі лета і восень, увогуле не патрэбныя палітыкі, дастаткова мэсэнджэраў і некалькіх тэлеграм-каналаў.
Калі б Ціханоўская абвясціла сябе прэзідэнткай, то яе б крытыкавалі, што ўжо позна і што гэта смешна.
Прапанова Ціханоўскай галасаваць за перамовы з уладай – гэта не сіла і не слабасць, гэта разуменне рэальнасці. І гэта ніяк не выключае наяўнасці пратэстаў. Наадварот, без іх ніхто на ніякія перамовы ніколі не пойдзе.
Апошнія паўгода паказалі, што нават паўмільёна на вуліцах не прымусяць узурпатара сысці. А цяпер, пасля месяцаў тэрору, такой масавасці і не паўтарыць, якія б ілюзіі хто не будаваў. Апанентаў ўлады не стала менш, наадварот. Але ў атмасферы поўнай беспакаранасці сілавікоў і амаральнасці ўлады, мірныя пратэсты менавіта цяпер не прымусяць узурпатара «адляцець на верталёце». Выключэнне – нейкія працэсы ўнутры самой сістэмы, пра якія мы не здагадваемся, або сур’ёзная памылка, якая стане пачаткам чарговага грамадзкага выбуху.
Нават у Польшчы часоў «Салідарнасці» ў пачатку 1980-х, дзе страйкавала проста ўся краіна, а студэнты тысячамі начавалі ў залах ВНУ, з падтрымкай дясяткаў тысяч на вуліцах, рэжым Ярузэльскага трымаўся яшчэ 8 год. І сышлі польскія камуністы не пад уплывам пратэстаў, а ў выніку перамоваў, новых выбараў і поўнай перамогай на іх апазіцыі. Гэта забяспечыла краіне мірны пераход улады, без пераваротаў кожныя некалькі гадоў, якія мы бачым на постсавецкай прасторы. Ды і нейкі захоп будынкаў пратэстоўцамі, як у суседзяў, гэта ўвогуле не беларуская тэма.
Падсумоўваючы, пра што кажа Ціханоўская. 1) Мірныя пратэсты рознага фармату, каб ціснуць на ўладу. 2) Перамовы пра выбары. 3) Перамовы з Лукашэнкам ці без, напрыклад з чыноўнікамі, якія возьмуць на сябе адказнасць. Сёння гэта выглядае як фантастыка, але фантастыкай яшчэ 7 месяцаў таму мы лічылі ўсё, што бачым апошнія паўгода.
І апошняе. Прапанова ці патрабаванне перамоваў выбівае і ў рэжыму аргумент, што іх нехта хоча гвалтам звяргаць і страляць у дварах. Нехта скажа, што ім гэты аргумент да лямпачкі. Не. Менавіта іх неразуменне гэтага аргументу і прывяло да поўнага непрыняцця людзьмі гэтай улады. Калі «губазікі» бегалі за мірнымі пратэстоўцамі з аўтаматамі і білі шкло, каб увайсці ў квярню, ці судзілі людзей за аркуш белай паперы на балконе, кожны ўбачыў, што ў гэтай улады паехаў дах.
Ціханоўская агучыла ўсяго толькі стратэгію. Дарэчы, яе плюс яшчэ ў тым, што яна робіць амаль немагчымай інтэрвенцыю Расеі. А тактыка – гэта ўжо справа, здаецца, саміх беларусаў. Тут ужо і не патрэбная Ціханоўская, каб вадзіць за ручку. Як дамаўляцца і нешта планаваць, апошнія паўгода ўсіх навучылі.
Читайте еще
Избранное