У нас ніколі не было сур’ёзнай мяккай сілы ў распаўсюдзе сваёй гісторыі, дык чаму б не карыстацца кожнай магчымасцю?
Гурневіч: «Мы белая пляма, і ў многім – па ўласнай віне. Крыўдзімся, калі нас блытаюць з расейцамі, або блытаюць Беларусь з Бэлізам»
Журналіст – пра карысць прысутнасці ў беларускіх СМІ расійскіх лідараў думак.

— Некаторых абурае прысутнасць расейскай папулярызатаркі гісторыі Тамары Эйдэльман у беларускіх СМІ, — піша Дзмітрый Гурневіч. — А я лічу гэтую прысутнасць вельмі карыснай. Як і іншых падобных асобаў з Расеі.
І нават ня столькі для беларускай публікі. Хаця і ў нас многія не вераць у відавочныя факты, пакуль не пачуюць гэта не ад беларусаў. Таму і тут можа быць каэфіцыент карыснага дзеяння. Але найбольш яго ў іншым. Відавочна, што сёння такія людзі, як яна, пачалі звяртаць асаблівую ўвагу на адметнасць народаў постсаўка і іх адрознасць ад Расеі.
Час прымусіў рэфлексаваць і адкрыць іншую перспектыву погляду. І чым больш такія людзі будуць чуць нас, чым больш мы будзем камунікаваць і фармуляваць свой пункт погляду, тым больш пісьменна яны будуць пераказваць яго сваёй аўдыторыі. А ў Эйдэльман яна мільённая.
Яе глядзяць самыя адукаваныя расейцы, якія таксама фармулююць сэнсы. Яны да сёння пра нас нічога не ведаюць, апрача бульбы і трактароў.
У нас ніколі ніхто сур’ёзна не працаваў з грамадскай думкай нават у Расеі ці Украіне, не кажучы пра Захад. Напісаць кнігу ці зняць ролік — гэта яшчэ не праца з мэтавай групай. Людзей трэба зацікавіць.
І Эйдэльман можа агучваць шырокай аўдыторыі патрэбныя нам рэчы, каб яны замацоўваліся ў галовах суседзяў. Прынамсі з’яўляецца шанец.
Ёсць вядома ж і альтэрнатыва — марыць пра развал Расеі і нічога не рабіць. Але нават калі яна разваліцца (хвілінка летуценняў), то людзі там застануцца тыя ж.
У сярэдзіне красавіка я правёў тыдзень у стракатай міжнароднай кампаніі: немцы, ангельцы, ірландцы, іспанцы, амерыканцы. Беларусь для іх — tabula rasa. Я мог з імі размаўляць пра іх гісторыю, а пра гісторыю маёй краіны яны проста нічога не ведалі. А калі прасілі парадаў наконт літаратуры, то я не змог нават прыгадаць, а ці ёсць у нас салідны падручнік па гісторыі Беларусі на ангельскай ці іншых папулярных мовах. Ці хаця б сайт з сотняй самых простых пытанняў і адказаў пра Беларусь. Гэта неверагодна, але праўда.
«Ого, я нават не думаў, што беларуская мова асобная. Чамусьці лічыў, што гэта дыялект расейскай», — сказаў мне немец. «Беларусы маюць дачыненне да ВКЛ, сапраўды?», — дадае ірландзец.
«Раскажы, а што гэта за сцяг такі, бел-чырвона-белы», — кажа іншы ірландзец. І ўсе гэтыя пытанні я абсалютна шчыра і без іроніі чуў ад расейцаў.
Мы белая пляма, і ў многім — па ўласнай віне. Крыўдзімся, калі людзі блытаюць нас з расейцамі або блытаюць Беларусь з Бэлізам. У нас ніколі не было think tank'у ці нейкай інстытуцыі, якая б папулярызавала нашу гісторыю і культуру ў свеце, на розных мовах.
Такія функцыі выконвалі і выконваюць многія з нас, ці нейкія дробныя арганізацыі, у якіх іншыя мэты. Але час сёння такі, які прымушае працаваць па-іншаму.
А калі трапляецца нешта чужое, як Эйдэльман, якое можа нам спрыяць, трэба рабіць з такіх людзей сваіх саюзнікаў, а не хэйціць за відавочна не наўмысныя агаворкі. Любы каэфіцыент карыснага дзеяння лепшы чым нуль.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное