Гурневіч: «Гэта не санкцыі паспрыялі акупацыі Беларусі, а «должок» перад Пуціным за выратаванне ў жніўні 2020-га»

Журналіст Дзмітрый Гурневіч тлумачыць, чаму тэзіс «санкцыі паспрыялі акупацыі Беларусі» глыбока памылковы.

— Першыя рэальныя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі ўвялі толькі ў чэрвені 2021, пасля «справы Пратасевіча».

Ужо праз некалькі тыдняў пасля выбараў 2020 Лукашэнка паляцеў у Сочы і невядома што наабяцаў Пуціну. Але ў выніку Пуцін даў яму $1,5 мільярда новага крэдыту. Да першых санкцыяў заставаўся больш за месяц.

Праз два дні пасля вяртання з Сочы Лукашэнка сустрэўся з Шайгу і заявіў, што яны разам складуць спіс вучэнняў, бо іх спатрэбіцца шмат (алё, гараж). Да першых санкцый, паўтаруся, заставаўся месяц. І вось якія яны былі.

Першы пакет санкцыяў (кастрычнік 2020): ЕC увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў — кіраўнікоў і старшых афіцэраў МУС, КДБ, чальцоў ЦВК, былога генеральнага пракурора. Тут няма ніякіх кампаній, нуль намёку на эканоміку, нічога такога, што б прымусіла афіцыйны Менск стаць на калені. Гэта было заўсёды. А тым часам…

Лукашэнка да другога пакету ўжо паспеў прыняць дырэктара Службы замежнай выведкі Расеі Аляксандра Нарышкіна і дамовіцца аб шчыльнай супрацы са спецслужбамі РФ, каб разам «лавіць тэрарыстаў».

Другі пакет санкцыяў (лістапад 2020): спіс быў проста пашыраны, у яго дадалі яшчэ 15 чыноўнікаў. І ніякіх кампаній, ніякіх эканамічных санкцый.

Лукашэнка праз некалькі тыдняў прымае ў Менску Лаўрова і на другі дзень абяцае правесці рэферэндум. Кажа, што не будзе кіраваць краінай пасля прыняцця новай Канстытуцыі. Што наабяцаў Лаўрову Лукашэнка, можна зноў толькі здагадвацца. Але ніякіх эканамічных санцый яшчэ не было. Былі проста абмежаванні на падарожжы для чыноўнікаў і замарозка іх рахункаў на Захадзе (ой, як страшна).

Трэці пакет санкцыяў (17 снежня 2020): Пад санкцыі трапілі 29 фізічных асобаў і 7 юрыдычных. Сярод іх толькі два бізнэсоўцы. А вось кампаніі, гэта ваенна-прамысловы комплекс (140-ы рамонтны завод, «Агат», электрамэханічны завод, Dana Holdings, «Сінезіс», Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, МЗКЦ, «Белтэхэкспарт»). Гэта нешта, што мелася знішчыць беларускую эканоміку і пхала Лукашэнку ў абдымкі Масквы?

І наступныя амаль 7 месяцаў, да інцыдэнту з пасадкай самалёту Ryanair, ніякіх эканамічных санкцыяў не было. Сектаральныя санкцыі ўвялі толькі ў чэрвені 2021 году. А да гэтага часу Лукашэнка паспеў:

  • Студзень — раптоўная комплексная праверка баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці Узброеных сілаў Беларусі.
  • Люты — другая паездка да Пуціна ў Сочы і вынік — «дамовіліся актывізаваць працу па лініі Міністэрстваў абароны».
  • Сакавік — Гулевіч узначаліў Генеральны штаб, Жук стаў намеснікам міністра абароны. Абодва вучыліся ў Маскве.
  • Сакавік — Хрэнін паляцеў у Маскву і падпісаў праграму стратэгічнага партнёрства з Мінабароны РФ на 5 гадоў. Там ён даў згоду на стварэнне трох вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў. Пачынаюцца антыўкраінскія выпады Лукашэнкі. Кіеў просіць перанесці перамовы з Менска, бо давер да Беларусі страчаны.
  • Красавік (да сектаральных санкцый яшчэ больш за два месяцы) — абвешчана, што расейскія вайскоўцы летам пачнуць службу на беларускім аэрадроме. Лукашэнка звоніць некалькі разоў Пуціну і скардзіцца на Украіну (хаця там нічога не адбываецца). Адбываецца нешта ў галаве Лукашэнкі, ён кажа пра бясконцыя замахі на яго і ініцыюе рэпрэсіўныя законы.

Далей. У канцы траўня ў Гомель прылятае самалёт Бортнікава (ФСБ). Праз некалькі дзён у Віцебск прылятае самалёт Нарышкіна (СВР). Да сектаральных санкцый — некалькі тыдняў.

Сектаральныя санкцыі прымаюць 24 чэрвеня. Да гэтага часу Беларусь ужо па вушы ўлезла ў рускія аванцюры, усе гэтыя бясконцыя дарожныя карты, была створаная праграма ваенных вучэнняў, анансаваныя вучэбна-баявыя цэнтры, у Лукашэнкі антыўкраінская гістэрыя.

Гэта не санкцыі паспрыялі акупацыі Беларусі, а «должок» перад Пуціным за выратаванне ў жніўні 2020-га. І даказвае гэта не толькі храналогія вышэй, а той факт, што нічым сур’ёзным Расея Беларусі за амаль два гады не дапамагла. Ну так, дала крэдыт, каб атрымаць яго потым у выглядзе аплаты папярэдняга крэдыту. І больш за тое, наўрад ці дапаможа ў сітуацыі, калі сама апынулася ў эканамічнай блакадзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(30)