Гурневіч: «Гэта гуманітарная катастрофа, маштабы якой мы пакуль не ўяўляем»

Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч – пра тое, што з намі робіць дыктатура.

– Мяне з інтэрвію Святланы Алексіевіч Насце Роўдзе тры дні не адпускае адна фраза. Яна пра тое, што з намі робіць дыктатура, але не ў сэнсе пакутаў рэпрэсаваных і слёз іх сем’яў. Гэта мы ведаем, – піша калумніст. – «Што такое дыктатура? Яна ўвесь час нас прызямляе, робіць нас глупейшымі, чым мы ёсць, не дае нам развівацца. Бо мы абмяркоўваем вар’яцтва, якое нараджаецца ў іх галовах. Лёгка трапіць у адчай ад усяго гэтага», – кажа пісьменніца.

Унутраная эміграцыя таленавітых і актыўных людзей унутры Беларусі стала адной з формаў перажыць гэты цёмны час. Любая іх актыўнасць – гэта пагроза. Іх за гэта нельга асуджаць, бо зараз галоўнае выжыць.

Вядома, нешта і адбываецца. І публічна, і падпольна. Запісваюцца тык-токі, пішуцца нешматлікія кнігі, людзі разам спяваюць і вандруюць. Пэўна робіцца тое, што магчыма. Але агулам людзі культуры, навукі, мастацтва вымушаныя жыць у творчым падполлі. Гэта катастрофа для краіны.

Зачыненыя тэмы для даследаванняў, адсутнасць пляцовак для сустрэч, закрыццё СМІ, якія часта давалі людзям трыбуну і імпульс. Колькі цікавых з’яў мы страцілі за гэты час, якія б маглі ўзбагаціць краіну. Ліквідацыя 1700 арганізацый, якія рабілі тое, за што нам падабалася Беларусь у апошнія гады. Наступствы яшчэ будуць жахлівыя.

Нават за мяжой людзі баяцца лішні раз публічна паказацца. Актыўная маленькая меншасць. Як журналіст я канстатую, што 80% запрошаных гасцей у эфір ці для тэкстаў, якія маглі б пашыраць гарызонты аўдыторыі, адмаўляюцца ад удзелу. Бо ў Беларусі сваякі.

Я нікога не асуджаю, але гэта катастрофа. Застаецца бясконца гаварыць пра вар’яцтвы дыктатуры. І аўдыторыю ў прынцыпе мала што цікавіць, а тым больш аўдыторыю ўнутры не цікавяць вар’яцтвы дыктатуры, бо яны штодня навокал.

А часам заціўленне можа скончыцца крымінальнай справай. Усё гэта запавольвае навуковыя адкрыцці, дыскусіі на важныя тэмы, тармозіць з’яўленне цікавых высноваў. А вельмі часта робіць немагчымым публічнае нараджэнне новых талентаў. Гэта гуманітарная катастрофа, маштабы якой мы пакуль не ўяўляем.

Нават ва Ўкраіне ў стане вайны ўсё ў разы лепш, бо за імі дзяржава. А ў нас дзяржава гэта і ёсць той, хто абвясціў вайну людзям. Таму адважныя і актыўныя беларусы цяпер на вагу золата. Як унутры, так і за мяжой.

Алексіевіч раіць, што каб не трапіць у адчай, трэба займацца цікавай справай. Упэўнены, што многія гэта вельмі паспяхова робяць. Нават ведаю. Але праблема ў тым, што каб яны сталі здабыткам супольнасці, пра іх трэба казаць. А калі пра іх казаць публічна, гэта значыць – ім канец.

Хто можа, калі гэта бяспечныя тэмы – стварайце тык-токі, старонкі, ютуб-каналы, блогі. Я сёння трапіў на ютуб-канал «Реки и озера Беларуси». Пра Дняпро, Сож, Прыпяць, на якіх я ніколі не быў. Заліп амаль на 2 гадзіны ў харастве, замест таго, каб думаць пра дыктатуру. Дзякуй, добры чалавек.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(110)