Гурневіч: «Большасць не будзе разбірацца ў дэталях, але добра запамятае словы пра беларусаў і агентуру»

Пра заяву прэм’ер-міністра Польшчы наконт беларускіх «айцішнікаў».

Яны завезлі сотні тысяч мігрантаў з Азіі і Афрыкі (заадно зарабляючы на візах), а таксама расійскіх і беларускіх «айцішнікаў», дапамагаючы ствараць замежную агентуру. Гэта хочуць прыкрыць расісцкай прапагандай. Яны разлічваюць на кароткую памяць і гучнасць свайго крыку.

Прэм’ер-міністр Польшчы (пераклад – Позірк)

– Дональд Туск зрабіў сёння вельмі дзіўную заяву пра беларускіх «айцішнікаў», якія дапамаглі стварыць замежную агентуру ў Польшчы. Маўляў, гэта папярэдні ўрад запрасіў іх у Польшчу. Некалькі словаў для кантэксту, – піша журналіст Дзмітрый Гурневіч. – Калі новы ўрад быў у апазіцыі, то ён абяцаў, што пасля прыходу да ўлады пакарае тагачасны ўрад, асудзіць і перасадзіць за ўсё, што яны натварылі.

Дзмітрый Гурневіч

Але атрымаўшы ўладу, аказалася, што не вельмі ёсць за што. Мінула паўгода і няма ніякіх відовішчных працэсаў. Адным з такіх працэсаў меўся стаць «візавы скандал». Яго сутнасць простая: папярэдні ўрад нібыта раздаваў візы направа і налева ўсім-усім, з Азіі, Афрыкі, Беларусі, Расеі, тым, хто не меў права іх атрымаць. І рабілася гэта, па словах палітыкаў новага ўраду, паводле карупцыйных схемаў.

Толькі ёсць нюанс. Нават следства, якое ўсё яшчэ ідзе, кажа пра тысячу выпадкаў. Ніяк не пра сотні тысяч, як кажа Туск. Нават прыхільная новаму ўраду прэса крытыкуе яго за тое, што ён перабольшвае маштаб «візавага скандалу» і выкарыстоўвае для барацьбы з канкурэнтамі шавінісцкія клішэ.

Дастаткова пачытаць у Твітары, што яму пішуць палякі на твіт пра беларусаў (і ня толькі), каб зразумець, што нават яго выбарцам не падабаецца гэтая рыторыка, якую некаторыя ўжо назвалі шавінісцкацй і расісцкай.

Гаворка не пра людзей, якія штурмуюць мяжу, а пра тых, хто атрымаў цалкам легальна польскую візу і працуе ў Польшчы.

І нарэшце, асноўнае. Вядома пра двух грамадзян Беларусі, якіх затрымалі за падпалы і імаверную працу на карысць Расеі. 2 (!!!) з сотняў тысяч, якія прыехалі ў Польшчу і плоцяць там падаткі, сумленна працуюць, не ствараюць праблемаў.

І нават калі ўявіць, што гэтыя два беларусы прыехалі па візе для айцішнікаў, то што? Калі зачынец прыяжджае ў ЕС па шэнгенскай візе, то вінаватая зона Шэнген? А хутчэй усе тыя, хто таксама атрымаў шэнгенскую візу?

На жаль, як пішуць у Твітары самі палякі, гэта вельмі безадказныя словы. Нехта ўжо шукае нюансы, каб апраўдаць прэм'ера. Але гэта марная справа. Большасць не будзе разбірацца ў дэталях, але добра запамятае словы пра беларусаў і агентуру.