Гурневіч: «Беларусь – адзіная краіна ў свеце, дзе за беларускую мову можна мець непрыемнасці. І так было пры любой уладзе ад часу анэксіі ВКЛ у склад Расеі»

Журналіст Радыё Свабода разважае пра тое, чаму Васіль Быкаў не выгадаваў беларускамоўных дзяцей (такая дыскусія ўзнікла ў апошнія дні ў сацсетках)?

— Адзін з чытачоў прапанаваў сур’ёзна падумаць пра гэта. І паразважаць агулам пра перыяд, калі нашыя бацькі, а потым мы, сталі «русскоязычные», — піша Зміцер Гурневіч.

Зміцер Гурневіч

У Быкава прычына магла быць проста побытавай (напрыклад, пасля разводу дзеці раслі з маці). Яны сапраўды часам моцна індывідуальныя. Але я намагаўся глядзець у першапрычыну.

Беларускую мову захавалі сяляне, дзякуючы таму, што жылі без школаў і асветы. Калі б палякі ці расейцы ўвялі ўсеагульнае школьніцтва на вёсках 300 і 200 год таму, то сёння мы б заздросцілі нават ірландцам. Але гэтае захаванне мовы ў вёсцы мела і адваротны бок – стыгматызацыю як сялянскай. Яна стала сінонімам адсталасці.    

Пасля вайны і пазней, вясковых у горадзе маглі цкаваць нават за акцэнт. А часам, чаго горшага, набіць пысу. Калі я дзіцем прыяжджаў у Менск, то стараўся пераходзіць са звыклай беларускай на расейскую. Метро, вячэрнія агні, каляровыя паліцы ў крамах, унітазы ў кватэрах. І ўсё навокал па-расейску.

Ты як сабака Паўлава прывучаешся да рэфлексу. Тут цывілізацыя і ўсё па-расейску. Ну, ну, рабі высновы. Хочаш так жыць? Рабі высновы. І так вырасла шмат пакаленняў. Я перакананы, што малады Быкаў таксама меў такі комплекс. Ён проста пад скурай. Дзецям заўсёды хочацца лепшага лёсу.

Беларусь – адзіная краіна ў свеце, дзе за беларускую мову можна мець непрыемнасці. І так было пры любой уладзе ад часу анэксіі ВКЛ у склад Расеі. У «польскія часы» мой дзед стаяў на гароху за размову на перапынку па-беларуску. У савецкія часы над беларускім вымаўленнем у горадзе рагаталі.

Як трапна сказаў Віталь Портнікаў у нядаўнай дыскусіі з Латынінай: у Расейскай імперыі ці СССР нас паслядоўна прывучалі саромецца сваёй мовы, а значыць сябе. Так мова стала для масаў траўмай.

У адрозненні ад мяне і нас, хто свядома ў юнацтве абраў беларускую мову і так выхоўваў дзяцей, у Быкава не было ўзораў. Не было людзей, якія б яго маглі да такога пераканаць, падштурхнуць.

У мяне былі, бо мне пашанцавала хадзіць у школу ў першай палове 90-х. Калі я рабіў выбар, што буду размаўляць па-беларуску, у мяне было на што абаперціся. Мы з жонкай гадаваліся ў адным з самых беларускамоўных рэгёнаў краіны (паводле перапісу). У нас была беларускамоўная школа, у сям'і трасянілі, але на мяжы з літаратурнай. Юнацтва з сябрамі прайшло пад беларускія песні каля вогнішча. А юнацтва прыпала на 90-я, залаты час.

Мае фантыстычныя настаўнікі заклалі найвышэйшую лаяльнасьць да роднай мовы. Гэта не толькі сродак камунікацыі, гэта наша зброя, каб мы выжылі як народ. Хто такое мог казаць Быкаву?

Да нядаўняга часу, калі мы сустракаліся з сябрамі ў Беларусі, многія з якіх у жыцці сталі расейскамоўнымі, мы ЗАЎСЁДЫ размаўлялі на амаль літаратурнай мове. Так і да сёння, калі яны мне пішуць. Гэта проста знак добрага тону.

Усё гэта стала магчымым дзякуючы таму фундаменту, які ўсё жыццё ствараў і Быкаў. Цікава, што першая перадача Радыё Свабода, якую я пачуў у другой палове 90-ых, было апавяданне Быкава «Тры словы нямых». Ён уплываў на мяне проста літаральна. 

Але я не ўяўляю, як можна было свядома вырашыцца выхоўваць гарадскіх дзяцей па-беларуску ў 1950-60-я гады (а тады ў Быкава нарадзіліся дзеці). Беларуская мова была як фінгал. Прафесійны і сацыяльны рост забяспечвала толькі расейская. Вядома, гэта абсалютна паталагічная сітуацыя. Але хто мог пра гэту праблему дыскутаваць пасля вайны ў сталінскім СССР і ажно да перабудовы?

У беларусаў не было эліты, якая б змагалася з стыгматызацыяй сваёй мовы і тлумачыла, што да чаго. У нас не было міжваеннага дзесяцігоддзя, каб нарасціць нацыянальныя мышцы, як у латышоў ці літоўцаў. У 30-я гады бальшавікі знішчылі амаль усё жывое, расстралялі тых, хто мог бы пасля вайны быць элітай, якая б гадавала новае пакаленне.

Пасля была вайна, краіна была ў руіне. Пасля вайны частка элітаў апынулася на Захадзе, частка ў лагерах. Ад каго малады савецкі Быкаў мог навучыцца разумець важнасць беларускай мовы? Ён зразумеў гэта значна пазней.

Парасткі новай інтэлігенцыі пачалі з’яўляцца напрыканцы 60-х: Барадулін, Бураўкін, Караткевіч. Гэта быў разарваны ланцуг. Новае пакаленне, якое стала элітай, мусіла выхоўваць сябе само. Але нават каб атрымаць даваенную кнігу па гісторыі, трэба было мець дазвол, бо многія з іх былі ў спецсховішчах. Таму тых, хто свядома гадаваў па-беларуску дзяцей, былі адзінкі.

Уявіце, што за ўвесь пасляваенны час, ажно да перабудовы, было ўсяго некалькі выпадкаў публічнай дыскусіі пра месца беларускай мовы. Ліст Якуба Коласа, артыкул Барыс Сачанкі, акцыя студэнтаў БДУ на чале з Алесем Разанавым у абарону беларускай мовы. Магчыма было пару іншых рэдкіх выступаў. І пасля ўжо падчас перабудовы. А мы ж гаворым амаль пра паўстагоддзя.

Сёння пытанне выхавання па-беларуску – гэта пытанне выбару і гатоўнасці да пэўнага дыскамфорту (калі ты ў Беларусі). Тады, у 1950-я, такога пытання ўвогуле яшчэ не стаяла. Тады толькі будаваўся фундамент, на якім мы сёння можам упэўнена стаяць.

За намі яны, хто араў і сеяў. Беларуская мова больш не сялянская. І калі Быкаву можна знайсці апраўданні яго бацькоўскай паразы ў сэнсе мовы, то нам ужо ніякага апраўдання няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)