Гурневіч: Агідныя паводзіны да беларусаў у Еўропе нельга апраўдаць кашмарам украінцаў

Журналіст Дзмітрый Гурневіч – пра новае стаўленне да ўладальнікаў беларускіх пашпартоў.

– Уявіце сабе, што габрэйскія ўцекачы з Германіі ў 1939 годзе сутыкнуліся з дыскрымінацыяй у ЗША, таму што яны грамадзяне нацысцкай дзяржавы, «таму што не спынілі  Гітлера», – піша Гурневіч. – Ці тое, што ў 1968 годзе мясцовыя жыхары Нью-Ёрку цкавалі палякаў, «бо ПНР удзельнічае ва ўварванні ў Чэхаславаччыну» і што «палякі не спынілі танкі».

Ці тое, што ў лонданскім пабе ў 1940 годзе не хацелі абслужыць чэхаў, бо з гэтай краіны Вермахт уварваўся ў рэшту Еўропы, а чэхі не выступалі супраць.

Насамрэч, не трэба і ўяўляць. Гэта рэальнасць сённяшняга дня ў Еўропе.  У рэстаране ў Чэхіі не жадаюць бачыць беларусаў і расейцаў. У Мюнхене шпіталь ня хоча абслугоўваць беларуса, бо ён грамадзянін Беларусі. У Польшчы жыхары двара ва ўлётках паведамляюць, што суседняя крама належыць грамадзянам Беларусі, таму не купляйце, падтрымлівайце Украіну (???).

Хвіліну таму адзін з еўрапейскіх тэатраў адмовіўся ад прэм'еры спектакля па творы лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч «бо яна руская» (насамрэч беларуска, якая нарадзілася ва Ўкраіне). Гэта тая самая Аляксіевіч, якую ў Расеі дзяржаўнае тэлебачанне абвінавачвае ў нянавісці да расейцаў.

Усе гэтыя людзі, па логіцы некаторых еўрапейцаў, павінны несці калектыўную адказнасць за дзеянні непрызнанага ў свеце дыктатара Лукашэнкі, які зрабіў тэрыторыю Беларусі даступнай іншаму дыктатару Пуціну, каб напасці на свайго суседа.

Цяжка зразумець логіку гэтых дзеянняў.  Пасля 2020 года дзесяткі тысяч беларусаў збеглі са сваёй краіны, бо за ўдзел у дэманстрацыі міліцыянт цалкам законна можа застрэліць чалавека і яму за гэта нічога не будзе. І такія выпадкі здараліся. 

За лайкі ў Фэйсбуку людзей саджаюць у турму. Людзі ўцякаюць у дэмакратычную краіну. А ў гэтай краіне іх не хочуць абслугоўваць у рэстаране або адкрываць рахунак у банку, бо яны «з гэтай краіны».  Такіх выпадкаў як мінімум сотні, і гэта толькі тыя, якія мы ведаем.

Яны, вядома, нішто ў параўнанні з пакутамі народа Ўкраіны. Але гэтыя агідныя паводзіны нельга апраўдаць кашмарам украінцаў, бо яны тут ні пры чым, а тым больш нічым не дапамогуць Украіне.

Нехта, напэўна, думае, што такім чынам робіць вялікую і адважную справу, цкуючы чалавека на пашпарт, нават не за ўчынкі і не за словы. Я ўжо не кажу пра расейскую мову, якой карыстаюцца і ўкраінцы.  Зрэшты, ці шмат хто ў Еўропе здольны адрозніць беларускую ад рускай? А нават калі б маглі, 90% маіх рускамоўных сяброў ненавідзяць гэтыя фашысцкія рэжымы ў Расеі і Беларусі і з'яўляюцца ахвярамі дыктатараў.

Нядаўна ўладальніца ўкраінскага рэстарана ў Празе расказала мне, што да яе прыехаў расеец з валізкамі, каб дапамагчы ўкраінцам, і ў слязах сказаў: «Я хачу, каб мая краіна перастала існаваць». А цяпер ён баіцца ўслых гаварыць на сваёй мове, бо ў Празе аднаго чалавека за расейскую мову ўжо пабілі. 

Некалькі дзён таму расейская сяброўка папрасіла перадаць нас набытыя ёю рэчы ўкраінскім уцекачам, бо сама яна баіцца прама сказаць, што з Расеі.

Я маю камфортную сітуацыю, бо я грамадзянін Польшчы. Але з жонкай і дзецьмі на вуліцы я размаўляю па-беларуску.  Я размаўляю па-руску са сваімі рускімі сябрамі. І цяпер я што, павінен даказаць камусьці, хто мае да мяне прэтэнзіі за мову, што я з 15 гадоў хаджу на антылукашэнкаўскія дэманстрацыі, што за гэта сядзеў на Акрэсціна і што мой зямляк з АМАПу рэзаў мне нажом валасы, бо я не люблю Лукашэнку?

А што рабіць тым, хто некалькі месяцаў таму ўцёк у Еўропу, мае няшчасныя пашпарты і не навучыўся размаўляць па-чэску або па-польску?

Гэта чыстая істэрыя, подласць і баязлівасць, якую хтосьці выдае за шляхетнасць. Гэта барацьба з фашызмам з дапамогай фашызму. І ў гэтай «барацьбе» па галаве атрымліваюць менавіта ахвяры фашызму. Сумна. Ах...на сумна і несправядліва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(112)