Спорт
Сяргей БУДКIН

Гучныя справы

Гэты музычны год запомніцца працягам вайны, што разьвязала дзяржава супраць незалежнага беларускага року. “Чорным бумэрам” на пачатку году і “Белакрылым анёлам” пры канцы. Правалам Беларусі на дарослым “Эўрабачаньні” і перамогай на дзіцячым. Посьпехам “рэвалюц-року” N.R.M. за мяжой і “сіроцкімі” песьнямі “Тяни-Толкай” у беларускай інфармацыйнай прасторы. Таксама 2005-ты — год Караткевіча і Барадуліна, якім беларускія музыкі аддалі належнае. Сёлета было шмат падставаў для пэсымізму і спадзёваў на лепшае.

Падзея году

Тое, пра што вялося не адзін год, спраўдзілася ў 2005-м. Беларускія тэлегледачы займелі нацыянальную вэрсыю MTV. Праўда, пакуль вельмі сьціплую. Вяшчаньне вядзецца толькі на Кастрычніцкую пло-шчу штосуботу па 20 хвілінаў, аўтарскія праграмы яшчэ ня зьнятыя, а ві-джэі не пасьпелі вывучыць беларускую мову. Так хочацца верыць, што ўсё гэта наперадзе.
Журналіст Віктар Дзятліковіч прэзэнтаваў кнігу “Іх Мроя. Іх N.R.M.” — выданьне ўнікальнае, таму што за біяграфію беларускіх камандаў дагэтуль ніхто ня браўся. На вялікі жаль, усе спробы зрабіць музычна-літаратурную вечарыну з гэтае нагоды ня мелі посьпеху. Першы раз кіраўніцтва аднаго зь менскіх клюбаў здагадалася, што і хто хаваецца пад мілагучнай назвай “Мроя”, і вырашыла не рызыкаваць, другі раз перашкодай сталіся нормы пажарнай бясьпекі.

Канчатковыя акцэнты мусіць расставіць “Рок-каранацыя”, пра адраджэньне якой было заяўлена ўвосень. Павінны ўзяць сваё IQ-48, Indiga, Svet Boogie Band і яшчэ дзесятак камандаў, на якіх трымаецца сёньня сапраўдная беларуская музыка.

Тэндэнцыя году

22 лютага адбыўся апошні вялікі канцэрт N.R.M., 1 красавіка — апошні раз граў у Менску “Нэйра Дзюбель”. У адказ на пытаньні грамадзкасьці “Дзе тыя “чорныя” сьпісы?” чыноўнікі адгукнуліся няўцямным “белым” сьпісам. У сакавіку пад грыфам “Для службовага карыстаньня” Мінкульт і Мінінфармацыі распаўсюдзілі па радыёстанцыях “Сьпіс рэкамэндаваных для ратацыяў”, у які, натуральна, увайшлі толькі нэўтральныя артысты кшталту Мусьвідаса, Змур-шчык, Ухцінскага ды іншых. Астатніх з радыё-этэру вычысьцілі. Больш за тое, сёлета да сьпісу “няўгодных” далучыліся бяскрыўдныя “Саша і Сірожа” ды “Крамбамбуля”. Рашэньні пра адмену іх канцэртаў прымаліся на самым версе. Уратавалася толькі “Крама”. Дзякуючы любові да іх музыкі генпрадусара АНТ Ягора Хрусталёва, сёлета гурт браў удзел і ў “Песьні году”, і ў “Срэбраным грамафоне”, і ў “ваенна-музычным” праекце АНТ.

Але чыноўнікі зрабілі добрую рэкляму беларускай музыцы за мяжой. Шэраг айчынных гуртоў пэрыядычна гастраляваў па краінах блізкага і далёкага замежжа: N.R.M. гралі на сьвяткаваньні 25-х угодкаў “Салідарнасьці”, ZET — на Майдане, ULIS і IQ-48 падтрымлівалі сваімі песьнямі польскіх дэмакратаў, а гурт U’ria знаёміў зь беларускім фолкам шматтысячную аўдыторыю фэсту “Краіна Мрій”. “Група N.R.M. піша музыку з моцным сацыяльным зьместам, што натхняе беларускую моладзь адказваць за асабістае самавызначэньне і незалежнасьць”, — адзначыла ў верасьні газэта Washington Post.

Выканаўца году

У сваёй актыўнасьці, пасьпяховасьці, пастаяннай канцэртнай і студыйнай дзейнасьці ў 2005-м не было роўных Зьміцеру Вайцюшкевічу і “J_Морс”. Першы сёлета прэзэнтаваў ажно тры (!) новых дыска. “Паравоз каханьня” быў падрыхтаваны летась, але зь 70-годзьдзем Рыгора Барадуліна ён займеў яшчэ большую актуальнасьць. Шкада, што Вайцюшкевіч ня выдаў сёлета свае песьні на вершы Караткевіча — да юбілея творцы было б вельмі дарэчы. Зьміцер парадаваў таксама дыскам MW і альбомам “Месяц і Сонца”.

“J_Морс” не адстае. Музыкі выдалі паўнафарматны альбом “Апрель”, а таксама дыск лепшых песень і рарытэтаў “Моё солнце” і, дзякуючы свайму турнэ па Беларусі, узьняліся яшчэ на некалькі прыступак бліжэй да вяршыні славы. Хто рызыкуе — той выйграе.

Уздым году

У такіх “ваенных” умовах, калі самым запатрабаваным айчынным камандам у Беларусі няма месца, большая доля адказнасьці лягла на плечы камандаў другога эшалёну і рэгіянальных выканаўцаў. І тыя і іншыя былі сёлета на ўздыме. Падмацавалі сваю папулярнасьць першымі альбомамі “Зьмяя” і “Тарпач”. Трымаюць пазыцыі гарадзенская “Айша”, берасьцейская “Сьцяна”, бярозаўскі BN. Сёлета да іх далучыліся магілёўскія “Глюкі” са сваім шыкоўным дэбютным альбомам і “Восьмы дзень” зь Віцебску, які атрымаў Гран-пры полацкага “Рок-кола”. Але ўмоўную перамогу ў гэтай намінацыі хацелася б аднак прысудзіць усім рэгіянальным выканаўцам, якія на фэстах у Берасьці, Горадні, Полацку, Гарадку засьведчылі, што не саступаюць менскім калектывам, а часам і лепшыя за апошніх.

Сэнсацыя году

Лёгіку арганізатараў пампезнай “Тэлепартацыі”, якія абвесьцілі пераможцам у намінацыі “Сэнсацыя году” Анжаліку Агурбаш, мы тлумачыць не бярэмся. Намінацыі “Правал году” на гэтай цырымоніі не было. Запаўняем прабел і аддаем сьпявачцы гэтую сумнеўную “перамогу”. Бо годных на “Сэнсацыю году” і так дастаткова. Найперш гэта малавядомы да ліпеня 2005 году гурт “Таварыш Маўзэр” з Магілёву, які ў актуальным рэчышчы даводзіць патрэбныя рэчы. У выніку: статус ляўрэатаў двух самых буйных беларускіх фэстаў году — “Басовішча” і “Рок-кола”. Выглядае на сэнсацыю году і група Dali, якія разам зь Ірынай Дарафеевай заехала сёлета ці ня ў кожнае мястэчка, паў-дзельнічала ў “Басовішчы” ды пасьпела адыграць некалькі канцэртаў за мяжой. Аддамо належнае Ксеніі Сітнік, якая скарыла дзіцячае “Эўрабачаньне”. Не яе віна ў тым, што ў беларускім выступе і блізка не было нацыянальнага калярыту, а песьня “Мы вместе” гучала так двухсэнсоўна. Яна ўзяла публіку іншым — стараннасьцю, весялосьцю і ўпэўненасьцю.


Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)