Общество
Алесь Пілецкі, Еўрарадыё

Гучны працэс: «Яны хацелі змагацца з ценявым бізнесам, а церпяць звычайныя людзі»

Гамяльчанін Аляксандр Сямёнаў мае 28 гадоў стажу, у савецкія часы за добрую працу атрымаў кватэру, займаў кіраўнічыя пасады. Быў тыповым савецкім працаўніком і шчыра лічыў, што Дэкрэт №3 яго дакладна не закране.

Атрымаўшы ліст шчасця ў 2017-м, паспрабаваў абскардзіць яго ў падатковай інспекцыі, потым ― у райвыканкаме. Калі не атрымалася, уступіў у незалежны прафсаюз і звярнуўся ў суд ― першым з 470 тысяч беларускіх «дармаедаў».

Еўрарадыё паразмаўляла з Сямёнавым адразу пасля завяршэння першага паседжання.

― Аляксандр, раскажыце, дзе і кім вы працавалі, які ў вас стаж?

― У мяне 28 гадоў стажу. Па першай адукацыі ― інжынер-электрык. Удзельнічаў у камплектацыі электраабсталявання на розных аб'ектах. Потым пайшоў на будаўніцтва хлебазавода ў Гомелі. Мы тут, у Гомелі будавалі 4-ты хлебазавод цалкам. Я быў начальнікам аддзела забеспячэння па электраабсталяванні, сантэхнічнай прадукцыі і тэхналагічным абсталяванні. Цалкам забяспечвалі ўсе пастаўкі. Мы своечасова завод пабудавалі. Нас за гэта узнагародзілі, мы атрымалі кватэры.

― Я правільна разумею, што вы ў прынцыпе ўсю кар'еру займалі кіруючыя пасады?

― Так, кіраўнік сярэдняга звяна. Потым я і ў гандлі працаваў, у прыватных фірмах. Яшчэ пазней паехаў у Расію, калі тут з працай стала праблематычна. Скарачаліся прадпрыемствы, з працай у Гомелі станавілася ўсё горш і горш. Усё аб'ядноўвалася, лішнія людзі з'яўляліся, іх звальнялі. Цяпер я актыўна шукаю працу. І вось гэты ліст прыйшоў, так атрымалася.

― Вы пастаянна афіцыйна працавалі, плацілі ўсе падаткі?

― Так. Я толькі афіцыйна працаваў. Адзінае, што пэўны час працаваў у Расіі, бо тут працы не было. Але там таксама афіцыйна. Там я брату дапамагаў на фірме.

― Што вы адчулі, калі атрымалі «ліст шчасця»? Чакалі яго ўжо?

― Шчыра кажучы, я не думаў, што мне ён прыйдзе. Таму што думаў, каму я ўжо патрэбны ― 53 гады. Мы з суседам размаўлялі пра гэта і вырашылі, што нас не будуць чапаць. Усё жыццё працавалі, і ён, і я. Ён шафёрам на ЗЛІНе, тут у Гомелі. Яшчэ адзін сусед па пад'ездзе, ён кватэру атрымаў як чарнобылец, таксама казаў: ну хто нас ужо будзе турбаваць, нам за 50 гадоў.

Ён трохі дальнабойшчыкам працуе. Я шукаю працу пастаянна. І тут, бац, прыйшлі лісты. Мы абурыліся. Даказвай цяпер, што ты не вярблюд. Я з 2000 года працую то тут, то там. Пастаянна нешта шукаю. Апошняе месца працы было ў прыватнай фірме. Тры гады там працаваў. Яна не вытрымала, закрылася.

― На судзе вы сказалі, што не станавіліся на ўлік на біржы працы. Чаму так?

― Яны нічога не могуць прапанаваць. Я хадзіў даведацца. Там цяпер 400 чалавек на ўліку і дзве вакансіі ― адна ў морг і адна на ― расфасоўку смецця. Яны мне сказалі, станавіся, мы зарэгіструем, будзеш хадзіць на нейкія працы. У мяне зямля ёсць свая, я гэта магу для сябе сам рабіць, неяк праіснаваць на дадзены момант.

― Аляксандр, чаму вы вырашылі ісці ў суд? Да вас ніхто гэтага не рабіў?

― Бо лічу, што гэты Дэкрэт несправядлівы. Можа, у каго грошы ёсць, і ён думае, што трэба плаціць. А калі няма грошай, то трэба змагацца.

― У вас проста няма грошай яго заплаціць?

― Так, няма. Сямейны бюджэт у мяне невялікі. Ну, можна было знайсці. Дачка мне сказала, каб не лез, што яны з маці скінуцца і заплацяць за мяне. Ну але што гэта такое? Я ім сказаў, што пайду на 15 сутак, адсяджу, адпрацую гэты падатак і вярнуся дадому. Пахудзею хоць.

― Вы на судзе чулі пазіцыю падатковай інспекцыі, яны лічаць, што вы павінны плаціць. Што можаце сказаць?

― Я да іх жа ўжо звяртаўся, усё ўжо чуў. Як толькі папера прыйшла, я ім тлумачыў ― у мяне зямля ёсць, я падатак плачу, я таксама плачу дарожны падатак за аўтамабіль. Гэта ж на рамонт дарог ідзе. А ў падатковай сказалі, што гэта ўсё не лічыцца. Вось у нас дэкрэт, мы яго выконваем. А вы звяртайцеся ў гарвыканкам. Даказвайце, што ў вас цяжкое матэрыяльнае становішча. Я туды звярнуўся, яны мне сказалі, што ў сям'і два чалавекі працуюць (жонка і дачка), камісія збярэцца і не палічыць, што ў мяне цяжкі матэрыяльны стан.

― Як вам першае судовае паседжанне?

― Спадабалася, што людзі прыйшлі падтрымаць. Што шмат было такіх людзей, якія таксама атрымалі «лісты шчасця». Шмат каго хвалюе гэтая тэма. Яны прыйшлі мяне падтрымаць. І ўвогуле, я не чакаў, што суддзя будзе слухаць абодва бакі. Што паседжанне працягнецца не толькі сёння, будуць яшчэ. Магчыма, і вырашыцца нешта на маю карысць. Прыйдзем да станоўчага выніку.

― Вы шмат ведаеце людзей, якія атрымалі «лісты шчасця»?

― Вельмі шмат, вельмі. Сярод маіх сяброў шмат. Адзін сябра ўсё жыццё быў будаўніком, у Расіі працаваў, а потым крызіс. І цяпер патрэбныя толькі чорнарабочыя. Пайшоў чорнарабочым. Потым і гэта скончылася. Сядзіць без працы. І такіх людзей вельмі шмат. Не ведаю, што будзе.

― А што можна рабіць у такой сітуацыі? Калі няма ні працы, ні грошай і ў дадатак прыходзяць такiя лісты?

― Я думаю, трэба звяртацца ў Адміністрацыю кіраўніка краіны. Масава пісаць лісты. Бо што рабіць... Я лічу, што гэты Дэкрэт нейкі няправільны. Там жа, вядома, разумныя людзі думалі, як змагацца з сацыяльным утрыманствам, з ценявой эканомікай. Але ж ценявой эканомікай займаюцца тыя, хто ў бізнесе.

А гэты дэкрэт закранае простага чалавека, які не можа знайсці працу. Больш за ўсё пацерпяць гэтыя людзі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)