Скандалы

ГУБАЗіК прыйшоў да хлопца, які зарэгістраваўся ў чат-боце «Перамога». Але ці за гэта?

Дзяржаўныя журналісты пачалі хваліцца ў сваіх блогах: маўляў, як толькі запрацаваў чат-бот для радыкальна настроеных прыхільнікаў пераменаў, дык адразу ГУБАЗ прыйшоў па тых, хто там зарэгістраваўся!

У якасці доказаў апублікавалі два відэа. На іх маладыя хлопцы прызнаюцца: зарэгістраваліся і праз пару дзён былі затрыманыя. Наша Ніва пагаварыла з маці аднаго з гэтых хлопцаў.

Андрэю 29 гадоў. Ён праграміст, нядаўна ўладкаваўся на новую працу. Жыве з маці. Халасты, дзяцей няма.

«Сёння мы толькі ўсталі, была недзе палова на дзявятую раніцу, як нам пагрукалі ў дзверы. Зайшлі чалавек 8, — расказвае маці Андрэя. — Не ў форме, крэпкія хлопцы ў красоўках і ў чорных масках. Паказалі мне нейкую корачку, але я не вельмі добра бачу і хвалялавалася, таму дакладна сказаць, хто яны, не магу.

Пачалі ператрус, былі нейкія панятыя. Паказалі пастанову на вобшук. У Андрэя забралі тэлефон, тэхніку. Мне загадалі сядзець у сваім пакоі. Адзін з гэтых у масках за мной прыглядваў. Ён пытаўся ў мяне: і што, чым вы не задаволеныя?

Я выказалася, чым незадаволеная. Ён адказваў: вы за мяжу ездзіце толькі адпачываць, не ведаеце, як там насамрэч жывуць?!

Я пыталася ў іх, што зрабіў мой сын.

Адказвалі: напісаў каментар, абразіў загінулых пілотаў, гэта крымінальная справа, цяпер паедзе ў Следчы камітэт. Вам, кажуць, пасля следчы набярэ.

Пакуль мне ніхто не званіў. Я сама пачала шукаць сына, у СК мне далі тэлефон Фрунзенскага РУУСа. Але там яго няма, дзе цяпер сын, я не ведаю. Не ведаю, у якім ён статусе, па якім артыкуле абвінавачваюць.

Я спытала і ў сына: што такое, што можа быць? Ён паспеў адказаць толькі, што і сам не ведае. Кажа, магчыма, за нейкі камент.

Я не магу сказаць, ці пакідаў Андрэй каменты пра смерць пілотаў, ці рэгістраваўся ў нейкіх чат-ботах, бо не ведаю.

Але я не веру, што ён стаў бы абражаць кагосьці, тым больш загінулых.

Паглядзеўшы відэа з ім, мяркую, што гэта вымушаны запіс. Што яго прымусілі гэта сказаць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(14)