ГУБАЗіK кіруе краінай

Віталь Цыганкоў на Радыё Свабода – пра незайздросны лёс апрычнікаў і хунвэйбінаў.

ГУБАЗіK кіруе краінай. Менавіта такая фармулёўка мне ўжо не здаецца мэтафарай і моцным мастацкім перабольшваньнем. ГУБАЗіКу, і ў шырокім сэнсе сілавікам, далі поўную волю, і зараз яны весяляцца, шалеюць ад паху крыві і ўсёдазволенасьці.

Раней былі нейкія процівагі хаця б у выглядзе таго ж Міністэрства замежных спраў, якое адстойвала пэўныя адносна лібэральныя рашэньні, тлумачыла, чым могуць абярнуцца рэпрэсіі, фактычна магло нават спыняць іх, як гэта было ў 2017 годзе. Былі нейкія тармазы, аналітычныя запіскі, было нейкае ўзважваньне магчымых нэгатыўных для краіны наступстваў.

Былі нейкія ўмоўныя галубы і ястрабы, якія, вядома, працавалі ў рамках адной сыстэмы і адных аўтарытарных прынцыпаў — але ўсе прапаведавалі розныя формы дасягненьня мэтаў.

А цяпер той жа міністар замежных спраў Макей, спрабуючы захаваць сваё месца ў новым намэнклятурным раскладзе, першым заяўляе пра зьнікненьне грамадзянскай супольнасьці і пра сьмерць непатрэбнай нікому шматвэктарнасьці.

І цяпер яны паводзяць сябе і стылістычна, і сутнасна як хунвэйбіны, якім усё дазволена. Як апрычнікі. Як людзі, якім у гэтай канкрэтнай сытуацыі ніхто ня можа сказаць «стоп» альбо «давайце падумаем, узважым гэтыя крокі».

Граміць офіс «Радыё Свабода» і затрымліваць журналістаў «Свабоды» менавіта напярэдадні візыту Ціханоўскай у ЗША — гэта, вядома ж, моцны аргумэнт для паскарэньня санкцыяў і радыкалізацыі стаўленьня амэрыканскай палітычнай эліты да афіцыйнага Менску.

І тут паказальны момант, які «губазікі» проста ня здольныя зразумець. Цяпер ім дадзены загад граміць усё і яны маюць поўную ўсёдазволенасьць. Але гэта ня будзе цягнуцца доўга.

Лукашэнка адчувае, што аддаў сілавікам надта шмат улады, і, у адрозьненьне ад іх, лічыць, што гэта часова і што гэта трэба будзе «падкарэктаваць». Менавіта ў сілавых ведамствах за 2020–21 год адбылося найбольш кадравых зьменаў на найвышэйшым узроўні.

Менавіта ў сілавых структурах найбольш актыўна тусаваліся кадры і мяняліся міністры — каб нехта, атрымаўшы карт-блянш на пагром грамадзянскай супольнасьці, не пачаў пераацэньваць свае магчымасьці і свой уплыў.

Калі кажуць пра 1937 год, то ня варта забываць адну акалічнасьць. Пасьля рэвалюцыі бальшавікі спачатку зьнішчылі палітычных апанэнтаў, а потым узяліся за сваіх. Мала хто са старых бальшавікоў дажыў да 1938-га.

Большасьць з тых сьледчых, якія шчыравалі ў 1937-м, не дажылі да 1938-га. Дый тыя ж апрычнікі і хунвэйбіны пераважна кепска скончылі. Лёс тых, хто сёньня з падлеткавай радасьцю хапае людзей з крыкам «нам усё дазволена», — пры любым разьвіцьці падзей будзе незайздросны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(90)