Губарэвіч: Вазьміце тысячу ілбоў, якія сочаць за апазіцыяй, ды размяркуйце іх каля кожнай школы

Лідар руху «За свабоду» задае важнае пытанне: хто адкажа за бяспеку нашых дзяцей у школах?

«Няма грошаў у бюджэце, каб выставіць патруль каля кожнай школы? Ды і не трэба. Вазьміце тую пару-тройку сотняў, а то і тысячу ілбоў, якія задзейнічаныя ў сачэнні за апазіцыяй у Курапатах, на Дзень Волі, кожны дзень... ды размяркуйце іх каля кожнай школы», — прапануе Юрый Губарэвіч у на сваёй старонцы Фэйсбуку.

Фота spring96.org

На думку палітыка, праблема не толькі ў тым, што вучань пранёс у Стаўбцах у будынак навучальнай установы зброю, але і ў кантактах наркадзілераў, якія кожны дзень з'яўляюцца на сценах суседніх будынкаў, у кампаніях алкаголікаў, якія летам п'юць проста на школьных стадыёнах, у небяспецы гвалту каля школы пасля завяршэння вечаровых заняткаў.

«Для ведамства Шуневіча такая задача не па сілах? Куды прасцей вартаваць помнік гарадавога і сачыць за апанентамі рэжыму, — піша Губарэвіч. — Калі наступны раз пабачу змрочныя фігуры ў цывільным, якія чакаюць мяне каля пад'езду перад чарговай акцыяй — выпішу ім камандзіроўку ў бліжэйшую школу. Ад гэтага з іх карысці дакладна будзе болей».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(104)