Общество
Сяргей Макарэвіч, «Наша Ніва»

Грошы за «Іслач» атрымае саюз Чаргінца?

На рахунку Беллітфонду «завіслі» 3,5 млрд рублёў за прададзены Дом творчасці.

У светлым хваёвым бары пад Ракавам, на беразе Іслачы, стаяць карпусы колішняга Дома творчасці пісьменнікаў. Ад сярэдзіны 1980-х і да канца стагоддзя тут віравала літаратурнае і калялітаратурнае жыццё. І нават цяпер, пасля ўсіх пературбацый, калі будынак змяніў уласніка і перастаў быць Домам творчасці, ён яшчэ можа ўплываць на лёс літаратуры. Колькі кніг можна выдаць за паўтара мільёна даляраў? І каму ўрэшце дастануцца грошы за прададзеную «Іслач»?

Справа з продажам «Іслачы» пачалася яшчэ ў 2003 годзе. Дом творчасці, збудаваны ў 1986-м, належаў Беларускаму літаратурнаму фонду. Гэтую арганізацыю называлі «пісьменніцкім прафсаюзам». Спадкаемца беларускага аддзялення Літфонду СССР, ён займаўся тэхнічнымі пытаннямі жыцця пісьменніцкай супольнасці: спрыяў у выданні кніг, арганізацыі адпачынку, дапамагаў матэрыяльна.

З прыходам да ўлады Лукашэнкі і курсам на русіфікацыю пісьменніцкія арганізацыі страцілі дзяржаўнае спрыянне і не здолелі захаваць маёмасць. Скарыстаўшыся фармальнасцю, Кіраўніцтва справаў прэзідэнта забрала ва ўласнасць Дом літаратара ў цэнтры Мінска, Дом творчасці пісьменнікаў «Іслач» стаяў занядбаны і набіраў запазычанасці.

Пасля абрання старшынёй Саюза пісьменнікаў Алеся Пашкевіча старшынёй Беларускага літаратурнага фонду ў пачатку 2000-х стаў Мікалай Чаргінец.

Ён усяляк спрабаваў быць пасярэднікам між уладай і пісьменнікамі.

Дзеля гэтага час ад часу падкідаў ідэі: удзельнічаць у культурных праектах «саюзнай дзяржавы», складаць чалабітныя на найвышэйшае імя… У 2003 годзе выступіў з ініцыятывай прадаць санаторый-прафілакторый пісьменнікаў «Іслач» за 800 млн рублёў. Але аўкцыён не адбыўся. А праз год Інстытутам нерухомасці і ацэнкі «Іслач» была ацэненая ў 2 млрд 849 млн 761 тысячу рублёў (1,3 млн долараў).

У 2005 годзе на просьбу Мікалая Чаргінца Кіраўніцтва справамі прэзідэнта на чале з Галінай Жураўковай узялося «дапамагчы з упарадкаваннем» санаторыя-прафілакторыя. Беларускі саюз пісьменнікаў на чале са старшынёй Алесем Пашкевічам не мог яго ўтрымліваць, але і аддаваць яго задарма Кіраўніцтву справаў таксама не было жадання. Таму і гэтую, і ўсе наступныя падобныя прапановы СП адхіляў.

Але ад таго, што запазычанасць «Іслачы» (за камунальныя паслугі, заробкі персаналу) складала каля 100 млн рублёў, санаторый зноў на аўкцыён выставіў Гаспадарчы суд Мінска. Продаж адбыўся, але пасля пісьменнікі праз суд здолелі вярнуць маёмасць.

А ўжо ў 2007 годзе Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі Беллітфонду ў сувязі з «парушэннямі заканадаўства і статута». Сярод апошніх была, напрыклад, такая страшная правіна, як тое, што Беллітфонд не даслаў выяву сваёй эмблемы ў Мінюст.

Як адбываўся продаж

З пачаткам ліквідацыі Беллітфонду паўстала і пытанне з яго маёмасцю. На першым аўкцыёне, які адбыўся 10 чэрвеня 2008-га, «Іслач» прадалі за 6,6 млрд рублёў ТАА «Белінтэхбуд». Аднак не былі выкананы абавязкі згодна з дамовай: пратэрмінавана выплата. І дамову скасавалі. У выніку санаторый прадалі мінскаму ААТ «Белінвесткапітал» за 3,5 млрд рублёў.

Але грошы літаратары так не атрымалі і дасёння.

У Вярхоўным судзе паведамілі, што «пісьменніцкі прафсаюз» да канца яшчэ не ліквідаваны. І грошы, якія яму належаць, знаходзяцца на рахунку грамадскай арганізацыі. Працэс ліквідацыі, па словах юрыстаў, можа зацягнуцца і на некалькі гадоў.

Камісію па ліквідацыі Беллітфонду ўзначаліў намеснік старшыні Дзяржкамітэта па маёмасці Сяргей Пяткоў. У яе ўвайшлі намеснікі шэрагу міністраў і толькі адзін пісьменнік — старшыня праўлення Беллітфонду Алесь Пашкевіч.

Цана пытання

У 2008 «Іслач» прадалі за 3,5 млрд рублёў (1,65 млн долараў па тагачасным курсе). Сума неверагодная, як для грамадскай арганізацыі, нават пасля пагашэння ўсіх запазычанасцяў. Чаму ж зацягваецца працэс вяртання грошай уласніку? Відавочна, нехта не хоча, каб іх атрымаў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Бо на гэтыя сродкі прэтэндуе яшчэ і Саюз пісьменнікаў Беларусі на чале з Мікалаем Чаргінцом.

СПБ быў створаны ў 2005 годзе з-за таго, што «дзейнасць нацыянальнай пісьменніцкай арганізацыі аказалася празмерна палітызаванай». Яго сябрамі сталі пісьменнікі, якія знаходзіліся на дзяржаўных пасадах і тыя, хто адкрыта падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. Неаднаразова пісьменнікі з саюза Пашкевіча заяўлялі пра ціск з боку дзяржструктур і прымус да пераходу ў СПБ. Цяпер існуюць два саюзы пісьменнікаў. Той, які ўзначальвае генерал, падтрымліваецца з бюджэту краіны.

«Цывілізаваным спосабам мы спрабуем вырашыць гэтае пытанне, — заявіў Чаргінец пра грошы за «Іслач». — Нам пакуль нічога не давалі. Калі большая частка складу таго Літфонду перайшла да нас... людзі ставяць такое пытанне».

А тым часам да старшыні ліквідацыйнай камісіі Сяргея Пяткова прыходзіў чалавек, які назваўся «прадстаўніком літаратурнага фонду». Ён пытаўся, як арганізацыя можа атрымаць грошы ад продажу «Іслачы». Невядома, хто гэты чалавек. Але ў верасні 2010 года сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі стварылі Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, які цяпер узначальвае Уладзімір Кулічэнка. Ён адмовіўся размаўляць наконт сітуацыі з «Іслаччу». А спадар Пяткоў адзначыў, што сродкі будуць знаходзіцца на рахунку грамадскай арганізацыі да яе поўнай ліквідацыі. Але сказаць пра дату заканчэння гэтай цяганіны ён не можа — не ведае.

Згодна са статутам Беллітфонду, які цяпер ліквідуецца, яго сябрамі могуць быць толькі сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта значыць, што тыя, хто перайшоў у чаргінцоўскі саюз, аўтаматычна выключаюцца з Беллітфонду. А значыць — прэтэндаваць на сродкі ад яго маёмасці не могуць. Згодна са статутам, у выніку ліквідацыі арганізацыі «маёмасць, якая засталася пасля выплаты пазыкаў, выкарыстоўваецца ліквідацыйнай камісіяй у адпаведнасці з мэтамі і задачамі ГА БЛФ. А якія задачы? Матэрыяльная падтрымка сваіх сяброў, спрыянне паляпшэнню іх жыллёвых умоў і г. д.

Пакуль працэс ліквідацыі фармальна яшчэ цягнецца, то і грошы некранутымі павінны ляжаць у банку. Але пытанні застаюцца. Хто і калі атрымае пісьменніцкія грошы?

***

Беларускі літаратурны фонд

дабрачынная грамадская арганізацыя, якая спрыяе стварэнню ўмоў для творчай дзейнасці пісьменнікаў і забеспячэнню іх сацыяльна-прававой абароненасці. Зарэгістраваны ў 1992. З’яўляецца спадкаемцам Беларускага аддзялення Літаратурнага фонду СССР, уладальнікам яго маёмасці і грашовых сродкаў.

Санаторый-прафілакторый «Іслач» быў пабудаваны ў 1986 на сродкі беларускага аддзялення Саюза пісьменнікаў СССР, спадкаемцам якога з’яўляецца Беллітфонд.

Продаж «Іслачы» На першым аўкцыёне, які адбыўся 10 чэрвеня 2008, «Іслач» прадалі за 6 600 000 000 рублёў ТАА «Белінтэхбуд». Аднак не былі выкананы абавязкі згодна з дамовай — пратэрмінавана выплата. І дамову скасавалі. У выніку санаторый прадалі мінскаму ААТ «Белінвесткапітал» за 3,5 млрд рублёў.

Што прадалі?

Галоўны корпус (трохпавярховы цагляны будынак), тры двухпавярховыя катэджы, фінскую лазню, гаспадарчы корпус (кацельная, гараж, пральня), будынак КПП, службовае памяшканне, сховішча для гародніны, каналізацыйную помпавую станцыю, комплекс збудаванняў, інжынерныя сеткі — усяго 27 аб’ектаў (1986 года пабудовы, зямельны надзел 17,78 га).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)