Гродзенскага журналіста пракуратура западозрыла ў “дыскрэдытацыі дзяржаўнага органа"

Гродзенскага журналіста, сябра БАЖ Івана Романа 29 жніўня выклікалі ў пракуратуру Ленінскага раёна ў якасці сведкі. Аднак пракурор адразу пачаў цікавіцца прафесійнай дзейнасцю непасрэдна самога Івана Романа. А менавіта — ці з’яўляецца той аўтарам артыкула, змешчанага ў ліпені на сайце радыё “Рацыя”, у якім “дыскрэдытуецца дзяржаўны орган”.

Дыскрэдытуючым палічылі артыкул, дзе распавядалася пра пераезд у новы будынак супрацоўнікаў аддзела міліцыі Кастрычніцкага раёна горада. У публікацыі гаварылася, што міліцыянты пакінулі ў былым памяшканні шэраг цікавых рэчаў, сярод якіх дакументы па крымінальных справах і адрэзаныя чалавечыя пальцы ў слоіку.

“Я скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам і адмовіўся адказваць на пытанні, датычныя маёй асобы, паколькі выклікалі мяне ў якасці сведкі”, — паведаміў Іван Роман прэс-службе БАЖ.

Па словах намесніка пракурора Ленінскага раёна Гродна Аляксандра Абрамовіча, які вёў допыт журналіста, загад правесці праверку прыйшоў з абласной пракуратуры за подпісам намесніка пракурора Гродзенскай вобласці Яўген Труцько, а туды дакументы накіраваў “адзін уплывовы орган”. Паказаць гэтыя дакументы Івану Роману пракурор Абрамовіч адмовіўся, спаслаўшыся на таямніцу следства.

Размова з журналістам у пракуратуры вялася без складання пратаколу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)