Горват — Макею: «Вы прызналіся, што прачыталі маю кнігу, пачуйце і зразумейце зараз»

Беларускі пісьменнік Андрэй Горват напісаў адкрыты ліст міністру замежных спраў Уладзіміру Макею. «І прабачце за такі тон. Проста не прывык размаўляць з міністрамі», — папярэджвае літаратар.

Свой ліст Андрэй Горват напісаў з нагоды афіцыйнай рэакцыі беларускага боку на факт знаходкі ў Вільні парэшткаў паўстанцаў 1863–64 году,сярод якіх таксама Кастусь Каліноўскі. Дакладней адсутнасці гэтай рэакцыі. «Я перачытваю гэта, і кожны раз мне становіцца сорамна», піша Андрэй Горват на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Прыводзім яго ліст цалкам.

«Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч, не так даўно вы прызналіся ў інтэрв’ю, што прачыталі маю кнігу. То ў мяне ёсць надзея думаць, што зможаце пачуць і зразумець мяне зараз.

Вы, напэўна, ведаеце, што ў Вільні знойдзены парэшткі Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863—1864 гадоў. А таксама — што з беларускага афіцыйнага боку не выяўлена ні кроплі інтарэсу.

Ні кроплі інтарэсу. З беларускага афіцыйнага боку.

Я перачытваю гэта, і кожны раз мне становіцца сорамна.

Маю да вас просьбу: зрабіце, калі ласка, вашу работу і на годным узроўні прадстаўце мае інтарэсы за межамі Беларусі. А таксама інтарэсы вялікай колькасці беларусаў, для якіх постаць Кастуся Каліноўскага — гераічная. Я не гісторык, каб запэўніць вас у гэтым, але я беларус і сфарміраваўся на нацыянальнай культуры, у якую вобраз Каліноўскага назаўжды ўпісаны дзеячамі мастацтва як вобраз героя.

Урэшце, ён сын беларускай зямлі, а ў нашых традыцыях даглядаць магілы продкаў.

Апошнім часам я многа бываю за мяжой і адкрыў для сябе, што мы так прагнем чысціні, што прыбіраем нават памяць пра сябе. Нібыта і не стваралі еўрапейскую гісторыю і культуру разам з іншымі народамі.

Уладзімір Уладзіміравіч, вы любіце Парыж? Я люблю. А яшчэ яго любіў наш зямляк Адам Міцкевіч. Аднойчы ў Парыжы ў яго на руках памёр яшчэ адзін наш — Валенты Ваньковіч. Я знайшоў яго магілу на могілках Манмартр-дэ-Сэн-Дэні, хоць гэта было няпроста. Але пры дапамозе не Міністэрства, а беларускай афіцыянткі Ліды гэтае месца ўжо будзе пазначана на картах, а Ваньковіча падпішуць як беларускага і польскага мастака. Цяпер вы без праблем яго знойдзеце. Уладзімір Уладзіміравіч, калі будзеце ў Парыжы восенню, абрэжце, калі ласка, ружы. Іх трэба абразаць перад зімой. Гэта важна. Ружы вы лёгка пазнаеце — на гаршчочку напісана: «Ад беларусаў з любоўю». Чорным па белым. Бачна здалёк.

І прабачце за такі тон. Я без злосці. Проста не прывык размаўляць з міністрамі.

Ведаеце, калі я прачытаў, што з беларускага афіцыйнага боку не выяўлена ні кроплі інтарэсу да знаходкі парэштак Кастуся Каліноўскага, я падумаў: «Добра, што Караткевіч не дажыў да гэтага часу». Але і шкада, што Караткевіч не дажыў, бо ён абавязкова знайшоў бы патрэбныя словы, каб абараніць свайго героя.

Мае словы, мабыць, не такія пераканаўчыя.

Тым не менш, з павагай і надзеяй,

Андрэй Горват, вёска Прудок».

Праз некалькі гадзін пасля публікацыі адкрытага ліста прадстаўнік Міністэрства замежных спраў пазваніў Андрэю Горвату і запэўніў у сур’ёзным стаўленьні да постаці Кастуся Каліноўскага.

Пра гэта пісьменьнік напісаў у Фэйсбуку.

«Пазванілі з Міністэрства замежных спраў, каб падзякаваць за мой ліст, выбачыцца за недастатковую актыўнасць і запэўніць у сур'ёзным стаўленні да постаці Кастуся Каліноўскага і гісторыі са знаходкай яго парэштак. Абяцалі зрабіць усё магчымае, каб нам не было сорамна. Я веру, што так і будзе. Вялікі дзякуй».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(111)