Беседка
Макс ФРЫШ, ”Ежедневник”

«Горшае ад Вайцюшкевіча”

Сёньня ў малой залі к/з «Менск» пройдзе чарговы канцэрт Змітра Вайцюшкевіча з нагоды выхаду чарговай кружэлкі. «Песьні з доўгай шуфляды» — невыдадзеныя «рэшткі» актыўнага творчага жыцьця і дзейнасьці самага пладавітага беларускага артыста.

Мы сустрэліся з Тодарам за сьняданкам у рэстарацыі, дзе «афіцыянты вельмі добра размаўляюць па-беларуску» і пазнаюць тодара ў твар. Паскардзіўшыся, што «неяк з раніцы цяжка», артыст Вайцюшкевіч пачаў-такі павольна распавядаць пра сэнс, канцэпцыю і матывацыю зьяўленьня свайго новага плыта.

— Гэты дыск атрымаўся як бы сам сабою: песьні ляжалі, прасіліся і іх нарэшце пачулі. там сабрана тое, што было запісана за апошнія шэсьць гадоў, Але з розных прычынаў не выдавалася. Фольк, габрэйскія матывы, спроба напісаньня струннага квартэту, песьня «Мілавіца» (гэта не пра жаночае аддзеньне, а пра зорку на вершы Барадуліна), некалькі кампазыцыяў з праекту «Скрыпка дрыгвы», які пакуль яшчэ ня выйшаў, а чакаць пакуль ён выйдзе, я ўжо стаміўся. «Зорка вэнэра», якая там таксама ёсьць, у маім выкананьні — адна зь лепшых інтэрпрэтацыяў на сёньняшні дзень. Прынамсі, мне так здаецца. Можа, ня сьціпла так казаць, але там ёсьць тое, што мне хацелася перадаць у Багдановіча. Гэты дыск розны, таму, думаю, ён будзе цікавы людзям. Той, хто хоча пачуць рознага Вайцюшкевіча, у гэтым дыску гэта знойдзе.

— Нехта можа сказаць: ну што — рэшткі, рэшткі… Выдаў Вайцюшкевіч тое, што ня легла ў іншыя альбомы.

— Я, праслухаўшы гэтыя 15 кампазыцыяў, не думаю, што гэта рэшткі, сьмецьце. Можна, канешне, зрабіць рэклямны ход: кшталту «Горшае ад вайцюшкевіча». Не The Best, а адваротнае. Бо The Best я насамрэч не хачу рабіць. Яшчэ і зарана. А гэты дыск мне было важна выпусьціць, зрабіць такую маленечкую рэтраспэктыву. Тым больш, у наступным годзе больш-менш круглая дата — 20 гадоў маёй творчасьці.

— Такія складанкі звычайна выдаюць альбо мэгазоркі, альбо кампаніі гуказапісу, калі ёсьць паўзы з чарговым дыскам. У тваім выпадку чаго больш: камэрцыі ці творчага імпэту?

— Я чалавек камэрцыйны. Камэрцыйны падыход вельмі просты — людзі, якія маюць мае сем дыскаў, захочуць мець восьмы. І ён будзе якраз тым дапаўненьнем, якое можа аб’яднаць гэтыя сем у адно. Я сам сабе прадусар і ў стане вырашаць, што на сёньняшні дзень патрэбна мне і што можа быць цікава публіцы. акрамя гэтага, з аднаго боку, «Песьні з доўгай шуфляды» — паўза на запіс і канцэнтрацыю над польскім праектам, з другога — мне хацелася паказаць тое, што было зроблена.

— Якім ты бачыш слухача гэтага дыску?

— Гэта мой традыцыйны слухач, які быў, ёсьць і, спадзяюся, будзе.

— Нармальны нацыянальна сьвядомы чалавек?

— Нармальныя нацыянальна сьвядомыя людзі вельмі розныя. Бываюць такія ціхія, трымаючы дулю ў кішэні, ходзяць на дзяржаўную працу, а дома слухаюць Kriwi, Вайцюшкевіча, «Палац», N.R.M. і г.д. Я не патрабую любові і пакланеньня публікі. Я хацеў бы, каб мяне ў нейкім сэнсе разумелі.

Падыходзіць афіцыянт з ранішняй кашай, пачакам цыгарэтаў і намерам накарміць Тодара. «Я заказваў яешню!» — папярэджвае Вайцюшкевіч афіцыянта. Афіцыянт, стрымліваючы інтэнцыю да дэклямацыі «аўсянка, сэр!», накіроўваецца да суседняга століка.

— А як быць з тымі, хто скажа: нешта апошнім часам зашмат Вайцюшкевіча, вось зноў кружэлка…

— Не, ну яны будуць, кружэлкі ў сэнсе. Я ж не пляную іх усё жыцьцё выдаваць. Зараз пакуль мяне «калбасіць і плюшчыць», я гэта раблю. Чаму я не магу, як той жа студэнт-першакурсьнік, на бліжэйшыя тры гады напрацаваць на залікоўку, каб другія два з паловай гады займацца справамі, якія мяне цікавяць: тэатар, кіно, радыё ці — ня ведаю — пчалярства. таму — няшмат. Мяне зараз гэтыя «зашмат Вайцюшкевіча» не цікавяць. Наша творчае жыцьцё забалочанае, засмутнае. Я ня бачу нічога кепскага, каб за год напісаць і запісаць два дыскі. Мне проста падабаецца актыўна працаваць з матэрыялам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)