Горкі развальваюцца пасьля Дажынак (фото)
У сталіцы сёлетніх «Дажынак» — райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне, — зачынілі на рамонт толькі што пабудаваны галоўны аб’ект фэстывалю: культурна-забаўляльны цэнтар.
Два месяцы таму зь яго сцэны адкрываў «Дажынкі» Аляксандар Лукашэнка. Цяпер памяшканьні цэнтру залівае вада. Будаўнічыя хібы спрабуюць выправіць у аўральным парадку.
Пляцоўка перад амфітэатрам перакапаная. У траншэі будаўнікі ізалююць плёнкай перакрыцьце падземных памяшканьняў амфітэатру. Паглядзець, што там робіцца, не ўдалося. Здалёк відаць, што туды ўносяць матэрыялы для ізаляцыі і аздабленьня. Ля траншэі, як і два з паловай месяцы таму, зноў працуе цяжкая будаўнічая тэхніка. Будаўнікі на просьбу расказаць, чым яны займаюцца, адмахваюцца і ківаюць на начальства. Тое таксама негаваркое. Адзін з начальнікаў выказаў незадавальненьне крытычным сюжэтам на канале СТВ. У сюжэце начальнік аддзелу архітэктуры й будаўніцтва райвыканкаму Віктар Бяляеў апавёў пра праблемы амфітэатру:
«Тэрміны нарматыўныя ўзьвядзеньня аб’екта — 27 месяцаў, а яго пабудавалі за дзевяць. Усе моманты тады немагчыма было ўлічыць падчас будаўніцтва, дый праектаваньня. Цяпер вось выявілася працечка. Вядуцца працы па будаўніцтве дадатковага дрэнажу, які прадухіліць трапленьне вады ў ніжэйшыя паверхі будынка».
Пляцоўка перад амфітэатрам. Пад ёй культурна-забаўляльны цэнтар. Зноў рамонт
Тое, пра што кажа спадар Бяляеў, прадбачыла задоўга да адкрыцьця культурна-забаўляльнага цэнтру інжынэр-гідратэхнік Вольга Савельева. Яна зьвярталася да чыноўнікаў і даводзіла, што тэхналёгіі ўзьвядзеньня аб’екта парушаюцца. Да яе парадаў не прыслухоўваліся. Спадарыня Савельева і цяпер выказваецца пэсымістычна адносна ўстойлівасьці самога цэнтру і навакольных будынкаў:
«Нельга абціскаць будаўніцтва толькі грашовымі пытаньнямі, то бок людзі хапанулі грошы — і цяпер наагул будзем толькі здымаць плады ад гэтага. Цяпер ужо мала што можна зьмяніць. Цяпер яны будуць перарабляць да сканчэньня веку. Цяпер можа і дом паплыць, які побач. Могуць пачацца пасоўваньні фундамэнта».
Студэнты сельгасакадэміі перад адкрыцьцём цэнтру бачылі, наколькі ён гатовы. Гаворыць адна са студэнтак:
«Калі мы мылі сцэну, ВІП-лёжу, мы тады спускаліся ў памяшканьні, дзе цяпер боўлінг і меліся быць кавярні. Ужо тады, на момант адкрыцьця, ужо стаяла вада. Было зразумела, што да тэрміну яны не пасьпяваюць. Аўрал прывёў да гэтага. Ні вада тады не была падключаная, ні электрычнасьць».
Жыхары Горак прыходзіць паназіраць, як другі раз рыхтуюць да адкрыцьця амфітэатар. Вось што яны кажуць пра рамонт:
— Адказнасьці ні ў кога няма. Грошы шкада. Грошы ўкладзеныя. Грошы нашы.
— Сьпяшаліся дужа. Не ўлічылі, што адхон. Пачало размываць. Вось гэта і прычына. Сьпешка. Ніколі ня трэба сьпяшацца. Трэба рабіць сумленна.
— Гэта такія адносіны да таго, што робіцца. Можна было і хутка зрабіць, але якасна. Але, можа, і ня ўмеем.
З гэтай сцэны Лукашэнка адкрываў «Дажынкі». Цяпер студэнты гадаюць, ці сплыве яна
Рамонт амфітэатру ўжо пасьпеў стаць часткай студэнцкага фальклёру і кпінаў моладзі. Гаворыць адзін са студэнтаў:
«Многія з гэтага цяпер жартуюць. Ёсьць у клюбе вясёлых і знаходлівых хлопцы, разьвіваюць гэтую тэму. Хутка будзе фэстываль КВЗ, там, пэўна, будуць жарты наконт амфітэатру».
Карэспандэнт: «А з чаго будзе жартаваць?»
Студэнт: «Будзем гадаць, сплыве амфітэатар ці не».
У падрыхтоўку Горак да «Дажынак» былі ўкладзеныя мільярды рублёў зь дзяржаўнага бюджэту. Чыноўнікі з гонарам рапартавалі, што падрыхтавалі райцэнтар за самыя сьціслыя тэрміны. Напрыклад, мясцовую лядовую арэну ўзьвялі ўтрая хутчэй за нарматыў. Цяпер гэтая аўральнасьць становіцца апраўданьнем вялікіх недаробкаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное