Голая праўда пра беларусаў
Сучаснае выслоўе сцвярджае: “Хлопец у ложку — гэта свята, калі ж хлопец беларускамоўны — гэта нацыянальнае свята”. Што зробіш, не маюць нашы суайчыннікі такой славы, як палкія французы ці гарачыя італьянцы. Такія характарыстыкі беларусаў, як надзвычайная цярплівасць і сціпласць, чамусцьці заўсёды пераносіліся і на іх інтымны бок жыцця. Прынамсі, так лічылася да нядаўняга часу, пакуль сёлета ў маскоўскім выдавецтве “Ладомир” не выйшла ў свет кніга “Беларускі эратычны фальклор”.
Некалькі соцень песень, казак, прыпевак, загадак, што трапілі на старонкі зборніка, прымушаюць зусім іншымі вачыма паглядзець на нашых продкаў, асабліва ў частцы іх сексуальнага жыцця. Праўда, этнакультуролаг Таццяна Валодзіна, адна з укладальнікаў кнігі, сцвярджае, што гэтае выданне ў першую чаргу з’яўляецца навуковай працай і не ставіць мэтай пашырэнне і прапаганду эратычнага фальклору. Але мы ўсё ж палічылі магчымым крыху прыўзняць завесу сакрэтнасці і расказаць беларусам пра слаўнае мінулае іх продкаў.
Адкуль пайшлі партызаны
А ганарыцца, як высветлілася, ёсць чым. Нашы папярэднікі ніякім чынам не адмаўлялі радасцяў плоці і ўмелі атрымліваць асалоду ад жыцця. Міф пра залішнюю цнатлівасць беларусаў адразу ж знікае, калі пачынаеш больш пільна прыглядацца да зместу самых, здавалася б, бяскрыўдных узораў вуснай паэтычнай творчасці. Галоўнае — умець расчытваць іх сэнс. Згадзіцеся, не кожны зможа сёння ўбачыць у вядомай песні “Ясю коніка паіў, Кася ваду чэрпала” апісанне полавых стасункаў? І тым не менш...
— Нашы продкі здолелі паказаць прыхаваны ад чужых вачэй бок свайго жыцця ў вельмі паэтычных вобразах, праз шматлікія сімвалы, метафары, — сцвярджае Таццяна Валодзіна. — Канешне, няправільным будзе казаць пра прынцыповыя адрозненні беларускага эратычнага фальклору ад фальклору іншых славянскіх народаў (ды і не толькі). Але ўсё ж “пра гэта” беларусы гавораць і спяваюць зусім не так, як у расійскай глыбінцы ці ўкраінскай вёсцы. У беларускай культуры рэдка знойдзецца ўжыванне ненарматыўнай лексікі, няма тут, як часам у расіян, і прамых найменняў органаў цялеснага нізу альбо вульгарных пазначэнняў плоцевага акту. Прынамсі ў фальклоры 19 — пачатку 20 стагоддзя.
Іншымі словамі, беларускі народ, як сапраўдны партызан, схаваў за безліччу вобразаў і сімвалаў усё багацце свайго сексуальнага жыцця. Каму зараз прыйдзе ў галаву, што радкі пра швачку, якая “вышыла ўкруг падала тупой іглой без вушка і чырвоным шоўкам” апавядаюць пра пазбаўленне дзяўчыны цнатлівасці, і іголка тут зусім не прылада працы, а выразны фалічны сімвал? Вось вам і нявінная песня!
Для таго, каб умець расчытаваць патаемнае ў фальклорных тэкстах, неабходна ведаць, праз якія ж сімвалы зашыфраваліся нашы прабабулі і прадзядулі. Так, напрыклад, прадметы падоўжанай формы, прызначаныя для ўтыкання, запіхвання, змяшчэння ўнутр (нож, шыла, таўкач, агурок, грэбень), у нашых продкаў заканамерна набылі значэнне мужчынскага пачатку. Жаночага — прадстаўляюць рэчы, якiя нейкім чынам нагадваюць кола або маюць адтулiну цi паглыбленне: спаднiца, фартух, ступа, дзяжа, гаршчок, хамут, пярсцёнак, вянок. Гледзячы з гэтай пазіцыі, ужо наўрад хто назаве марным рытуальнае таўчэнне вады ў ступе падчас вясельнага абраду, як, дарэчы, і звычай развязваць хамут, калі маладая выязджае да жаніха, каб у будучым лёгка нараджалася.
Не пакінулі продкі па-за ўвагай і жывёл. Асабліва дасталася тым братам нашым меншым, што надзеленыя надзвычайнай плоднасцю. Так, прадмет мужчынскага гонару хітрыя беларусы схавалі пад вобразамі каня, зайца або казла. Розныя невялічкія пушныя звяркі (выдра, “бобра”) замацаваліся за жанчынамі: "Гэта ж тое бобра, што і па ночы добра". Што ж тычыцца птушак, то ўлічваючы тэму гаворкі, і самім не цяжка будзе здагадацца, які гэта “журавель” “унадзіўся ў бабіну канапель”і што гэта за “зязюлька” пад кумінай кашулькай.
Калі верыць фалькларыстам, не такімі ўжо нявіннымі выглядаюць і вобразы апрацоўкі глебы, паення каня, надзявання абутку ці спажывання рыбы:
Так нікому не ўдалося,
Як мне, беднай сіраце:
З’ела рыбку-трапятушку
Трапечацца ў жываце.
Нават часткам свайго цела нашыя продкі надалі сімвалічны кантэкст, падзяляючы іх ўмоўна на жаночыя і мужчынскія. Так, рот або вуха бачыліся абпаведнікамі жаночага цялеснага нізу, зубы, нос, язык, ногі — мужчынскага.
А дзякаваць богу,
Што даў трэцюю ногу.
Яна хоць кароткая,
Затое салодкая.
Але не трэба думаць, што нашы папярэднікі літаральна ва ўсім бачылі эратычныя сімвалы. Паспрабуйце, напрыклад, адгадаць загадку: “Валасы з валасамі сходзяцца, сэрца заходзіцца, седзячы харашо, а лежачы — яшчэ лепш!” Правільная адгадка — сон (а вы што падумалі?).
— Эратычныя загадкі — проста ўзор двухсэнсоўнасці, — адзначае Таццяна Валодзіна. — Разам з тым, яны глыбока іранічныя, дэманструюць эфект падманутага чакання. Большасць такіх загадак маюць зусім бяскрыўдны адказ, азначаюць рэчы, якія вакол нас: арэх, бот, дзяжа, рукавіца.
Альбо яшчэ прыклад:
Лытка ўздрыгае,
Касмаценне ўставае.
А гладкі д’ябал
Дзіркі шукае.
Згадзіцеся, не адразу прыходзіць у галаву, што гэта кросны?
— Падобныя загадкі загадваліся ў пэўнай аўдыторыі і ў пэўныя каляндарныя адрэзкі часу, напрыклад на Каляды, — папярэджвае даследчык. — Для шырокай публікі, проста, каб пасмяяцца, загадваць іх не дазвалялася. Фальклор наогул разлічаны не на слухача, а на саўдзельніка пэўнай святочнай, абрадавай сітуацыі. Немагчыма сабе ўявіць, каб эратычную прыпеўку проста так спявалі на вуліцы.
Эротыка ў полявых ўмовах
Калі глянуць на каляндарны год беларуса, то бачна, што эратычныя матывы суправаджаюць літаральна кожны яго крок.
— Справа ў тым, што эротыка ўспрымалася ў адным шэрагу з урадлівасцю зямлі, плоднасцю жывёлы, яна разглядалася як жыццёвая сіла ў цэлым, — тлумачыць Таццяна Валодзіна. — Гэта вельмі архаічная ідэя, уласцівая і народам Аўстраліі, і Заходняй Еўропы і Амерыкі... Узяць да прыкладу тыя ж аўстралійскія звычаі, калі на полі падчас пасеву пэўнай культуры імітавалі полавы акт альбо нават ён адбываўся насамрэч. Усё гэта было скіравана менавіта на тое, каб падвысіць урадлівасць глебы.
Беларусы ў гэтым сэнсе ад агульнага культурнага працэсу не адстаюць. Існаваў звычай, паводле якога агуркі рэкамендавалася сеяць мужчыне, прычым пажадана голаму — лічылася, што гэткім чынам ён пераносіў сваю вытворчую сілу на зямлю. Для таго, каб агуркі ўрадзіліся, мужчына зраніцы павінен быў пайсці на грады і патрэсці над імі так бы мовіць сваёй мужчынскай гаспадаркай. Сумнявацца ў дабрых ураджаях не прыходзілася. Дарэчы, нават на пачатку 20 стагоддзя ў некаторых беларускіх весках гаспадары яшчэ выходзілі сеяць лён без штаноў.
Што да жанчыны, то ўспрыманне жаночай сексуальнасці, плоднасці стаяла ў адным шэрагу з жывёльнай. Для таго, каб карова хутчэй пакрылася, яе мусіла пакарміць са свайго фартуха цяжарная жанчына.
— Увесь каляндарны год можна разглядаць як сінанімічны жыццёваму веку чалавека, — заўважае даследчык. — Напрыклад, вясна — гэта маладосць, лета — росквіт, восень — спеласць, зіма — старасць. Асабліва насычаны эратычнымі элементамі вясновы фальклор, калі абуджаецца прырода, калі ўсё навокал поўніцца жыццёвай сілай. Кульмінацыя ж прыходзіцца на пачатак лета — самае эратычнае свята — Купалле. Нездарма ж у адной царкоўнай кнізе пра Купалле сказана: “отрокам осквернение, а девам растление”.
Як можна здагадацца, скокі праз вогнішча ды кіданне вянкоў у ваду — не адзінае, што выраблялі нашы продкі ў гэтую летнюю ноч. І, напэўна, не проста так затым у вясновых песнях часта гучалі матывы нараджэння пазашлюбных дзяцей.
Што казаць пра восень, то тут да эратычных стасункаў нашыя продкі звярталіся з земляробчым падыходам: “Як пан пані абдымае, такое і жыта мае”. Можна нават не сумнявацца, што, клапоцячыся пра добры ўраджай, беларусы стараліся ва ўсю.
Пачатак зімы досыць халодны ва ўсіх адносінах, чаго, праўда, не скажаш пра Каляды і Новы год. Як і любое нараджэнне нечага новага без эратычных матываў гэтыя святы не абыходзіліся. Песні, прыпеўкі, гульні, загадкі проста зіхацяць і пераліваюцца эратычнымі матывамі.
З сексам па жыцці
Эротыка закранала кожны этап чалавечага жыцця. Яшчэ ад нараджэння дзіцяці бацькі ўжо клапаціліся пра яго будучае сексуальнае жыццё. Пупавіну абразалі роўна “на два пальцы”, бо лічылася, што калі хлопчыку зрабіць яе карацей — гэта адпаведным чынам скажацца на памеры яго мужчынскага органа, дзяўчынка ж не будзе ахвочая да ласкі. Але, заўважце, што і даўжэй пупавіну ніхто не абразаў — нашы папярэднікі ва ўсім цанілі залатую сярэдзіну. Каб дзіця ў будучым мела поспех у супрацьлеглага полу, пры нараджэнні хлопчыка прымалі ў матчыну спадніцу, дзяўчынку — у бацькавыя штаны або кашулю.
— Калі ўзяць абрадавыя песні, то радзінны фальклор — гэта апафеёз эратычнай паэзіі. Тэксты проста накрозь прасякнутыя эротыкай, — сведчыць Таццяна Валодзіна. — На свята ў гонар нараджэння дзяцяці маглі прыходзіць толькі жанатыя людзі. Дзеці туды не дапускаліся. І таму абсалютна нармальна, што спяваліся песні з досыць канкрэтным зместам.
Часта ў ролі герояў гэтых песень выступалі кум і кума:
А кум кумку разуваў,
Пад падолік паглядаў:
“А, кумачка, што за звер?
Я баюся, каб не з’еў”.
Згадзіцеся, тут ужо можна зразумець сэнс і без фалькларыста-перакладчыка. Іншая справа — моладзевы фальклор. Прыйдзецца моцна папацець, каб яго расчытаць.
— У гэтых тэкстах вельмі тонкая вобразнасць, эротыка больш зашыфравана, мяккая, у пэўнай ступені цнатлівая, — адзначае даследчык. — Гэта такая гульня сэнсаў. І не заўсёды эратычны сімвалізм у іх відавочны.
І сапраўды, чаго эратычнага можа ўбачыць недасведчаны чалавек у песні, якая спяваецца падчас каляднай гульні “Жаніцьба Цярэшкі”:
Цярэшка, чаху-чаху,
Што ў цябе ў мяху?
— Шпілечкі, іголачкі,
Дзевачкам пярсцёначкі.
Добра, што мы ўжо — людзі дасведчаныя і ведаем, чаго вартыя гэтыя вобразы “шпілечак” ды “іголачак”. Падчас гульні “Жаніцьба Цярэшкі” інсцыніравалася вяселле, хлопцы і дзяўчаты ўступалі ў сімвалічны шлюб. І, дарэчы, не ўсе песні былі такія ўжо бяскрыўдныя:
Дзед кажух шые,
Бабіна душа ные,
А дзед кажух дашыў,
Сем раз за ноч прасіў.
Калі ж справа, нарэшце, даходзіла і да сапраўднага вяселля, то тут важнай акалічнасцю з’яўлялася, ці захавала маладая сваю цнатлівасць (хаця паспрабуй тут з такімі багатымі на звычаі святамі!). І ўсё ж, калі нявеста аказвалася “чэснай”, што павінна была засведчыць прадэманстраваная пасля шлюбнай ночы прасціня, то радасці не было межаў, на ўсю вёску спяваліся песні пра зберажоную “калінку”. У адваротным выпадку вінаватую і яе бацькоў чакала суровае пакаранне. Напрыклад, маці нявесты надзявалі на шыю хамут і ганялі так па вёсцы. Альбо падносілі той прарваны пасярэдзіне блін ці віно ў дзіравым келіху, папярэдне заткнуўшы дзірку пальцам. Не забывалі, канешне, лішні раз папракнуць у песні і маладую:
А наша Манька кароў ганіла,
На кол прабіла.
Альбо
Пад елкаю спала,
Не дзеўкаю ўстала.
— Патрабаванне цноты, між іншым, датычылася і хлопцаў, — адзначае Таццяна Валодзіна. — Прычым гэта характэрна толькі для беларусаў. Існаваў звычай падчас застолля садзіць на дзяжу і маладога. Калі хлопец адмаўляўся — што азначала, што саграшыў, — бацька мог пабіць яго альбо, яшчэ горш, не даць свайго блаславення.
І не трэба думаць, што можна лёгка схітрыць. Сесці на дзяжу нячэсным або нячэснай абяцала будучыя праблемы з гаспадаркай. Бацькавы бот у параўнанні з тым, што ў цябе сем год можа не ўрадзіць поле ці не весціся жывёла, выглядае проста дзіцячай забавай.
А дашлюбныя зносіны час ад часу ўсё ж здараліся.
— Калі б не было выпадкаў парушэння, то не было б і такой разгалінаванай сістэмы пакаранняў і сімвалічнасці, не было б твораў, прысвечаных гэтым бакам жыцця, — сцвярджае Таццяна Валодзіна. — Канешне, ідэал цнатлівасці існаваў, але жыццё ёсць жыццё.
Мяркуючы па тэкстах, нашыя продкі ведалі не менш за нас і ў плане тэхнікі сексуальных зносін. І калі Камасутры беларусы не стварылі, то здолелі затое ўсё гэта апісаць у песнях. Па крайней меры апетыя ў іх позы дазваляюць сцвярджаць, што ў ложку нашым прадзядулям і прабабулям сумаваць не прыходзілася.
— Ні пра якую заціснутасць і адмаўленне беларусамі радасцяў сексу гаварыць не прыходзіцца. Хоць і пра асаблівую разняволенасць гаворка тут таксама не ідзе, — падвынікоўвае Таццяна Валодзіна. — Ці былі нашыя продкі больш адукаваныя за нас, не ведаю. Але тое, што яны ўспрымалі гэтыя дачыненні прыгажэй, чым мы, маглі іх апісаць, гаварыць пра іх і нават спяваць намнога больш тонка і вобразна — гэта дакладна.
Читайте еще
Избранное