Коктейль
Анастасія Зелянкова

Голае мастацтва: ад Скарыны да Шагала (фота)

Чамусьці прынята лічыць, што беларускае выяўленчае мастацтва ад пачатку свайго існавання было надзвычай цнатлівым і сціплым. Між тым строгія сармацкія партрэты, нацюрморты Хруцкага ды пейзажы Бялыніцкага-Бірулі — не адзінае, чым багата нашае мастацтва. Старажытныя беларускія творцы ніколі не грэбавалі эратычнай тэмай, яны з задавальненнем малявалі і ляпілі аголенае цела і нават аздаблялі адпаведнымі малюнкамі біблейскія тэксты.

Нават самы адукаваны мастацтвазнаўца сёння можа гадзінамі расказваць пра рэмбрандтаўскіх мадоннаў і рубенсаўскіх прыгажунь, захапляцца аголенымі махамі Гойі, але так нічога і не ўзгадаць пра эратычныя замалёўкі ці скульптурныя выявы якога-небудзь беларускага мастака 16-19 ст. Аднак дзіўна было б, калі вядомыя сваімі свабоднымі поглядамі на пытанні сексу нашы продкі не пакінулі нам наглядны матэрыял. Знайсці гэтыя дакументальныя пацверджанні аказалася не так складана.

Пара па бабам

Эратычнае мастацтва на нашай зямлі бярэ свае вытокі з самай старажытнасці. Як практычна ўсе народы свету “перахварэлі” на культ фаласа, так і продкі беларусаў не сталі ў гэтым плане выключэннем. Дагэтуль археолагі працягваюць знаходзіць на тэрыторыі Беларусі фаласы разнастайных форм і памераў, вырабленыя з прыродных матэрыялаў. Пра такія эратычныя “прывітанні” з мінулага ўзгадвае пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў у сваёй кнізе “Таямніцы полацкай гісторыі”.

У прыватнасці, даследчык успамінае вёску Дорахі (Гарадоцкі раён) — тэрыторыю, некалі заселеную палачанамі, — каля якой дагэтуль знаходзяць шматлікія фаласы з цёмна-шэрага пескавіку. Найбольшая з такіх знаходак дасягала 80 сантыметраў. Не дзіва, што жыхары вёскі часам саромеюцца прамовіць назву суседняга лесу, якога ахрысцілі на манер “хваёвага”, але з улікам спецыфікі знойдзенага там матэрыялу.

Некаторыя даследчыкі лічаць такія знаходкі прыладамі для фалічных вясельных гульняў, якія ўсё ж насілі больш рытуальны, чым прыкладны характар. Так у сярэднявечным «Слове об идолах» адзначалася, што падчас вяселля славяне кідалі драўляныя фаласы ў чашы з вадой, якую потым пілі, пасля чаго «…устроивьше срамоту моужьскоую и въ ведра и в чаше, пьють и, вынемьше, осморкывают и облизывают и целують…».

Пра цэлы шэраг беларускіх камянёў фалічнай формы пісаў у першым выданні сваёй вядомай "Гісторыі рускай царквы" беларускі акадэмік Мікалай Нікольскі. Праўда, пазнейшым выданням гэтай кнігі цнатлівыя цэнзары зрабілі своеасаблівае абразанне, таму знайсці іх апісанне, зараз складана.

“Этнаграфічны і археалагічны матэрыял не дазваляе з упэўненасцю лічыць, якіх рытуалаў патрабавалі каменныя фаласы, — адзначае Уладзімір Арлоў. — Аднак узгадаю, што валун Дзед, які стаяў у Мінску на беразе Свіслачы, таксама выконваў фалічныя абавязкі. Нават у пачатку ХХ стагоддзя ён заставаўся месцам паломніцтва бясплодных жанчын, якія садзіліся на яго "голым месцам" і, зачыніўшыся спадніцай, прасілі падарыць дзіця”.

Дарэчы, нават у знаёмым усім па школьных падручніках Шклоўскім ідале даследнікі бачаць усё той жа фалічны знак.

Шматлікія стоды, якія дайшлі да нас з паганскіх часоў, не дазваляюць нават засумнявацца ў першапачатковай задуме старажытных майстроў. Пазнавальную форму мае і знойдзены ў Бешанковіцкім раёне каля Асавца драўляны ідал.

Не трэба думаць, што беларусы сталі адкрывальнікамі ў гэтай справе. І старажытнаіндыйскі Шыва, і егіпецкі Асірыс адлюстроўваліся ў выглядзе вялізнага фаласа, а ў самым вядомым свяцілішчы Эрота, якое знаходзілася ў Феспіях, беатыйцы шанавалі яго ў выглядзе простага фалічнага слупа. Для старажытнага светаўспрымання язычнікаў было натуральным атаясамленне цэнтральнага бога з мужчынскім дзетародным органам. Што тады казаць пра паганскага бога Ярылу, імя якога ўтваралася ад кораня яр-, значэнне якога тлумачыцца як "жывёльная юрлівасць, страсць, апладняльная сіла"?!

Аднак не варта думаць, што беларусаў турбаваў выключна мужчынскі пачатак. Адновім гендэрную справядлівасць і ўзгадаем вядомых усім каменных баб. Толькі на Беларусі такіх скульптур было выяўлена каля дзесятка.

Канешне, можна паспрачацца наконт эратычнасці гэтых аголеных прыгажунь: мажныя сцёгны і гіпертрафіраваныя постаці не вельмі адпавядаюць сучаснаму ідэалу жаночай прывабнасці. Аднак не будзем забываць, што нашы папярэднікі падыходзілі да гэтага пытання вельмі прагматычна і ў жанчынах у першую чаргу шанавалі іх здольнасць да нараджэння. Такая вось "баба" — самае лепшае, што толькі можна пажадаць. Даследнікі яшчэ працягваюць спрачацца, адкуль узяліся яны на нашай зямлі і што з імі рабілі, але факт застаецца фактам — "бабам" тут знайшлося прымяненне.

Скарына-натураліст

Не трэба думаць, што з прыходам хрысціянства тэма эротыкі цалкам была закінутая беларускімі мастакамі. Калі ўважліва зазірнуць у летапісы, можна ўпэўніцца, што выяўленне аголенай натуры было для іх цалкам натуральным. Выдатны прыклад таму — славуты Радзівілаўскі летапіс – помнік 1490-х гг. Адна з найпрыгажэйшых кніг таго стагоддзя змяшчае каля 600 каляровых мініяцюр, якія часам уражваюць сваім натуралізмам. Так, напрыклад, мастак адлюстраваў дараванне кіеўскім князем Яраполкам пераяслаўскага княжэння свайму брату Андрэю і валынскага – племенніку Ізяславу Мсціславічу. Што сімвалізуе сабой “алегарычная фігура” злева, сказаць зараз цяжка.

А так летапісны мастак падае мор 1092 года ў Полацку, калі па вуліцах горада, паводле падання, хадзілі д’яблы.

Найбольш багатымі на эротыку, напэўна, могуць лічыцца 16-17 стагоддзі. Рэнесанснае мысленне, якое ў гэтыя часы захапіла ўсю Еўропу, не абышло і нашы землі. Пакуль недзе ў Італіі Мікеланджэла ды Да Вінчы малявалі сваіх мадоннаў, на Беларусі наш славуты першадрукар Францыск Скарына ціснуў аголеныя целы на гравюрах да Бібліі.

Напрыклад, вось такім натуралістычным чынам адлюстроўвае Скарына Адама і Еву ў першай кнізе Бібліі “Быцця” (1519 г.)

А гэта застаўкі да пражскага выдання “Песні песняў” і “Юдзіф”.

Нават у буквіцах, з якіх пачыналася кожная новыя глава кнігі, Скарына не пазбег натуралізму.

І гэта пры там, што сам першадрукар, нягледзячы на яго прагрэсіўныя навуковыя думкі, вызначаўся даволі пурытанскімі поглядамі ў пытаннях сексуальных стасункаў: напрыклад, заклікаў жаніцца людзей, якія жывуць у грамадзянскім шлюбе (вельмі папулярная на той час з’ява). Можна толькі ўявіць, якія норавы панавалі ў астатніх, не кранутых маралізатарствам Скарыны, грамадзян!

Як бы там ні было, але менавіта дзякуючы першадрукару эротыка пайшла ў масы. Зараз любавацца на эратычныя мініяцюры маглі не толькі заможныя людзі.

“Справа Скарыны”, у тым ліку і на эратычнай ніве, была працягнутая ў Брэсцкай (Радзівілаўскай) бібліі 1563 года, якая выйшла з друкарні, заснаванай Мікалаем Радзівілам Чорным ў Брэсце. Цікава, што ж было ўнутры, калі так выглядаў тытульны аркуш выдання?

Адметна, што эратычныя выявы прысутнічалі нават ў такіх мастацкіх творах, якія, здавалася б, не прадугледжвалі сексуальных матываў. Напрыклад, у парадных партрэтах. Даволі фрывольнае аздабленне мае таксама гравюра на медзі віленскага вяльможы Станіслава Сабіны, зробленая ў 1590 годзе.

Знайшла сваё месца эротыка нават у “Дыпламатычным кодэксе”, які быў надрукаваны ў Вільні ў 1758 годзе ў Піярскай друкарні. Ну і чым вам не Рубенс?

Што да ўласна эратычных малюнкаў — а яны, безумоўна, таксама былі, — то, на жаль, шмат з іх да нас проста не дайшлі. Невялічкія мініяцюры (у большасці ананімных аўтараў), якія шляхцюкі насілі ледзь не каля сэрца, паказваючы іх толькі самым блізкім сябрам, часам былі проста непрыстойнага характару. А паколькі асаблівай вытанчанасцю пэндзля гэтыя “шэдэўры” не вызначаліся, таму пра захаванне іх не асабліва клапаціліся. Хаця, магчыма, вытокі старажытнага беларускага “Плэйбоя” можна яшчэ пашукаць у літоўскіх і польскіх архівах.

Ёсць і яшчэ адна прычына, чаму сёння мы не часта можам любавацца на аголеных жанчын пэндзлю старажытных беларускіх мастакоў. Справа ў тым, што ў тагачасным грамадстве да пытання эротыкі і сексу існавалі два процілеглыя падыходы. З аднаго боку, абвяшчаўся афіцыйны ідэал. Паглядзіце на тыя ж знакамітыя Радзівілаўскія партрэты: жанчыны апранутыя ў глухія сукенкі, іх выгляд суровы, строгі. Гэта ўзор маці сямейства — нічога пачуццёвага: сціплае адзенне, набожны выгляд.

Аднак гэтыя партрэты — не столькі здымак рэальнасці, колькі ідэалу. У той жа час у грамадстве панаваў і другі падыход. Да кахання і да ўсяго, што з ім звязана, людзі ставіліся вельмі прыязна. Гэтыя два погляды спакойна ўжываліся не толькі ў адной культуры, але нават у адных і тых жа яе прадстаўнікоў. Пад знешне ідэальнай карцінкай віравала багатае і насычанае жыццё.

Малевіч: не ўсё так квадратна

19 стагоддзе, калі Беларусь з’яўлялася часткай Расійскай Імперыі, эротыкі ў мастацтва, на жаль, не прыбавіла. Таталітарны рэжым не любіць некантраляваных сфер жыцця. Да таго ж векавое змаганне за незалежнасць мусіла расставіць свае прыярытэты. Хаця, не выключана, што дзесьці ў музейных сутарэннях і завалялася пара-тройка эратычных шэдэўраў нашых мастакоў, якія чакаюць свайго часу, каб канчаткова развеяць міф пра пурытанскую сутнасць беларусаў.

Прынамсі, гэта было б найбольш разумным тлумачэннем, адкуль у мастакоў пачатку 20 стагоддзя такая прага да малявання аголенага цела. Узяць хаця б карціны сусветна вядомага Марка Шагала. Такую вось “Чырвоную аголеную” мастак стварыў яшчэ ў 1908 годзе.

А гэтую карціну з красамоўнай назвай “Паднятая блуза” Шагал напісаў некалькімі гадамі пазней, у 1911-м.

Не абыйшоў мастак сваёй увагай і моцную палову чалаветва. Такі вось рамантычны “Арфей” (1914-1915) пэндзля майстра захоўваецца ў адным з еўрапейскіх музеяў.

Між тым Марк Шагал — не адзіны наш вядомы суайчыннік, які адлюстроўваў аголеную натуру. Памыляецца той, хто думае, што славуты супрэматыст Малевіч захапляўся выключна квадратамі ды рознымі там геаметрычнымі формамі. Ранняя творчасць мастака сведчыць якраз, што нішто чалавечае Малевічу не было чужым.

Такія вось выдатныя “Купальшчыцы”, напрыклад, выйшлі з-пад яго пэндзля ў 1908 годзе.

Не выключана, што Малевіч пісаў эратычныя карціны і ў больш познія часы сваёй творчасці. Хто ведае, якую эротыку ён зашыфраваў у сваіх чорных, белых і чырвоных квадратах?

І ўсё ж нават такі закасцянелы супрэматыст, як Малевіч, не змог адмовіцца ад такой прывабнай тэмы. Пакінуўшы свае чарцёжныя інструменты ўбаку, ён у 30-х гадах мінулага стагоддзя стварыў такіх вось правакацыйна абаяльных “Купальшчыкаў”

Як бачым, строгасць і сціпласць мастацкага бачання — гэта не пра нашых старажытных творцаў. Актыўна шчыруючы на эратычнай ніве, яны пратапталі дарогу сучасным майстрам пэндзля.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)