Общество

Год без Алеся Ліпая. 10 фактаў пра паэта, журналіста, заснавальніка БелаПАН

Год таму, 23 жніўня 2018-га, памёр Алесь Ліпай — паэт, журналіст, першы карэспандэнт Радыё Свабода ў Беларусі, заснавальнік і кіраўнік недзяржаўнага агенцтва БелаПАН. Яму было 52 гады, піша Радыё Свабода.

Архіўнае фота 25 сакавіка 2018 году

Перасьлед за самвыдат

Алесь Ліпай нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчыне Капыльскага раёну. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту, перасьледаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насьценнай газэты «Лірнік». Быў удзельнікам Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».

Карэспандэнт Свабоды

У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі. Расказваў, як гэта адбылося. Супрацоўнік Свабоды Васіль Фрэйдкін зь Мюнхэна абтэлефаноўваў дзяржаўныя рэдакцыі (іншых тады не было), каб атрымаць камэнтар адносна разгону шэсьця на Дзяды. Пагадзіўся толькі Алесь Ліпай, якому пасьля гэтага прапанавалі сталае супрацоўніцтва.

Заснавальнік агенцтва

Ад канца 1980-х працаваў карэспандэнтам, а потым рэдактарам аддзелу навінаў у моладзевай газэце «Знамя юности». У кастрычніку 1991 году стварыў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое зь цягам часу перарасло ў найбуйнейшую недзяржаўную інфармацыйную кампанію краіны. На яго базе паўстаў аналітычны сайт Naviny.by.

Журналіст і паэт

Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Першыя вершы друкаваў у раённай газэце «Слава працы». Дэбютная кніга паэзіі «Пад сьнегам» выйшла ў 2000 годзе. У 2007-м зьявіўся зборнік «Рэшта», а ў 2017-м — «Абдымкі». Аўтар тэкстаў да песень, якія выконваюць Зьміцер Вайцюшкевіч і Ірына Відава. Зрабіў пераклад на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі.

Кніжная кантрабанда

На пачатку 1990-х арганізаваў перавозку кантрабандай у фуры больш як тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, а затым распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках. У гэтым пераліку — непадцэнзурны зборнік Янкі Купалы «Спадчына», творы Андрэя Мрыя, Максіма Багдановіча ды іншых.

Перамоўнік з тэрарыстам

У чэрвені 1996 году, падчас апэрацыі па вызваленьні дзяцей, узятых у закладнікі ў дзіцячым садку ў Менску, Алесь браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу. Згадваў, што да яго прыехалі людзі ў цывільным і сказалі, што нападнік патрабуе ў перамоўнікі менавіта журналіста Радыё Свабода. Закладнікаў удалося вызваліць, у журналіста застаўся аўдыёзапіс інтэрвію.

Спонсар сьвята

Агенцтва БелаПАН было генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Алесь Ліпай выступіў з эмацыйнай прамовай, заклікаў да салідарнасьці з затрыманымі з палітычных прычын, прачытаў верш Уладзімера Някляева, напісаны за кратамі.

Крымінальны перасьлед

Алеся Ліпая вязуць на допыт пасьля 7-гадзіннага ператрусу. 14 чэрвеня 2018 году

14 чэрвеня 2018 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў супраць Алеся Ліпая крымінальную справу — яго абвінавацілі ў нясплаце падаходнага падатку на суму 173 тысячы рублёў. Праваабаронцы зьвязвалі перасьлед зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю. Нават пасьля таго, як выдаткі былі кампэнсаваныя, справу спыняць не сьпяшаліся. Яе закрылі толькі пасьля сьмерці фігуранта.

Пакараньне за прафэсію

Летась у жніўні Сьледчы камітэт пачаў справу супраць журналістаў шэрагу недзяржаўных мэдыяў па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу — несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, учынены з асабістай зацікаўленасьці. Сьледзтва сьцьвярджала, што БелаПАН і Tut.by скарысталіся доступам да платнага кантэнту дзяржаўнага агенцтва БелТА. Журналісты сплацілі штрафы.

Годны помнік

Да гадавіны сьмерці Алеся Ліпая на краўдфандынгавай плятформе «Улей» быў абвешчаны збор сродкаў на помнік. Неабходную суму — 10 тысяч рублёў — ужо сабралі. Помнік работы скульптара Вадзіма Мацкевіча будзе адкрыты на магіле журналіста ў Рудзенску ў прысутнасьці родных і калегаў напрыканцы жніўня. Тут пахаваныя таксама яго маці і сястра.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)