Спорт
Сяргей НЯТРЭБА

«Глюкі» — Humanoid?..

Адзін з самых моцных альбомаў новага тысячагодзьдзя ад магілёўскай каманды. За межы роднага горада папулярнасьць гурта пакуль не выходзіць (амаль за сем год свайго існаваньня “Глюкі” ніколі ня гралі ў Менску), але што адбываецца на іх магілёўскіх канцэртах — трэба бачыць.

У дэбютны альбом “Глюкаў” увайшлі 13 песень — што ня трэк, дык свой настрой, свая энэргетыка. Пачынаецца ўсё з мэтэа-панк-гімну: “У Гомелі — ападкі, у Мазыры — дажджы, у Менску — ападкі, а ў Магілёве — панкі...”. Тэма працягваецца песьняй “Панкі ў горадзе”. Панк зьмяняецца рок-н-ролам (Sunday). “Глюкі” то цяжэюць, то лягчэюць, але музычны падмурак маюць трывалы: драйвавая гітара, клявішы і надрыўны голас вакаліста фармуюць іх унікальны для Беларусі стыль. Надта смачна зроблены “Хмарачосы”, “Сьвятла ня будзе” і “Бывай”. Апошнюю са згаданых варта было б паставіць пры канцы альбому, а не ў сярэдзіну — такія песьні выконваюцца на разьвітаньне. “Глюкі” гучаць натуральна, чым і вылучаюцца з процьмы іншых мясцовых камандаў. Беларускія словы з вуснаў вакаліста — жывыя. Адчуваецца, што тэксты не перакладзеныя з расейскай, а рыфмы — ня ўзятыя са слоўнікаў. Хоць часам сустракаюцца штампы (ці то проста алюзіі?) кшталту: “Бывай, мой родны край”. Адзін з тых нешматлікіх беларускіх альбомаў, якому можна паставіць найвышэйшую адзнаку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)